Іван Крамко

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Крамко.
Іван Крамко
Іван Крамко
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 4 студзеня 1931
в. Беражна, Наваградзкі павет, Наваградзкае ваяводства, Польская Рэспубліка
Памёр 30 лістапада 2019
Менск
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці мовазнаўца, філёляг
Кірунак мовазнаўства, гісторыя мовы
Узнагароды
мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» II ступені мэдаль «Вэтэран працы»

Іва́н Ігна́тавіч Крамко́ (4 студзеня 1931 в. Беражна, Наваградзкі павет, Наваградзкае ваяводства — 30 лістапада 2019, Менск) — беларускі мовазнавец.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Другой сусьветнай вайны з восені 1943 г. да ліпеня 1944 г. быў сувязным атраду «Камсамолец» на тэрыторыі Мірскага раёну.

Пасьля заканчэньня ў 1950 годзе сярэдняй школы ў мястэчку Мір паступіў на філялягічны факультэт (беларускае аддзяленьне) Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які закончыў у 1955 годзе. У тым жа годзе паступіў у асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, пасьля заканчэньня якой з кастрычніка 1958 году да сьнежня 2004 году працаваў у сэктары (аддзеле) гісторыі беларускай мовы на пасадах малодшага і старшага навуковага супрацоўніка.

У 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Сынтаксіс складанага сказу Слонімскіх актаў другой паловы XVI стагодзьдзя» (навуковы кіраўнік — М. А. Жыдовіч). У 1970 годзе яму было прысвоена навуковае званьне старшага навуковага супрацоўніка.

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займаўся самымі рознымі аспэктамі гісторыі беларускай мовы, але ў першую чаргу яго цікавілі пытаньні гістарычнай лексыкалёгіі і лексыкаграфіі, гістарычнага сынтаксісу, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, культуры беларускай мовы. Плёнам яго шматгадовай дзейнасьці сталі звыш ста трыццаці навуковых работ, сярод якіх манаграфіі «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (Т. 2, Менск, 1968; у суаўтарстве), («Сінтаксіс Слонімскіх актаў XVI ст. (складаны сказ)» (Менск, 1970), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (Менск, 1970; у суаўтарстве), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (Менск, 1979, у суаўтарстве), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст.» (Менск, 1988, у суаўтарстве) і інш.), артыкулы ў навуковых зборніках, пэрыядычных выданьнях («Беларуская лінгвістыка» і інш.). Дасьледаваў лексыку роднай вёскі Беражна, пра што друкаваў дыялекталягічныя нататкі ў зборніках «З народнага слоўніка» (Менск, 1975), «Жывое слова» (Менск, 1978), «Народная словатворчасць» (Менск, 1979); Народнае слова (Менск, 1986), «Жывое народнае слова» (Менск, 1992).

Прымаў удзел у рабоце VII Міжнароднага зьезду славістаў (Варшава, 1973).

Пад кіраўніцтвам К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) удзельнічаў у падрыхтоўцы другога выданьня «Русско-белорусского словаря» (Менск, 1982). Ён уваходзіў у склад рабочай групы, якая папаўняла рэестар слоўніка новымі словамі і праводзіла іх лексыкаграфічную апрацоўку.

Зьяўляўся сябрам калектыву па падрыхтоўцы да выданьня «Статуту Вялікага Княства Літоўскага» 1588 году, выконваў адаптацыю тэксту Статута («Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведеднік. Каментарыі» [Менск, 1989]).

Але адной з галоўнейшых спраў у навуковым жыцьці стала праца над «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы». Ён быў сярод тых, хто распачынаў гэту дзейнасьць, і прайшоў усе этапы работы над гэтым сапраўды ўнікальным і фундамэнтальным выданьнем беларускай мовазнаўчай навукі.

Для слоўніка расчытаў і апрацаваў тэксты пісьменнасьці розных жанраў: «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Арыстоцелевы вароты» (60-я гады XVI ст.), «Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага», дакумэнты, зьмешчаныя ў «Актах, издаваемых Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов» (Т. XIX, XX, XXXVI, XXXIX), зборнік жыцій сьвятых другой паловы XVII ст. і інш. Прымаў удзел у стварэньні картатэкі слоўніка. Выпісаў 126 тысячаў картак-цытат з вышэйназваных помнікаў старабеларускай пісьменнасьці. Распрацаваў слоўнікавыя артыкулы для дваццаці васьмі выпускаў слоўніка (2, 6-9, 12, 15, 16, 18-37). Увёў у навуковы ўжытак і адпаведна ў кола крыніц «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» раней невядомы помнік «Гистория, або Повесть людей розных веры годных о образе чудовным пренайсвятейшей девы Маріи Жировицком…», упершыню надрукаваны сумесна з А. І. Мальдзісам у зборніку «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (Менск, 1985. С. 128—132).

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені (1949, за подпісам сакратара Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР А. Ф. Горкіна)
  • Мэдаль «Вэтэран працы» (1987)
  • Ганаровая грамата НАН Беларусі за вялікі ўклад у падрыхтоўку «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» і ў сувязі з 70-годзьдзем з дня заснаваньня Інстытуту
  • Падзяка Старшыні Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У. Р. Гусакова за шматгадовую плённую навуковую дзейнасьць і значны ўклад у стварэньне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37-мі выпусках.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]