Старажытная Македонія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Македонія, Старажытная Македонія, Македонскае царстварабаўладальніцкая дзяржава ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частцы Балканскай паўвыспы, заселенай ілірыйскімі і тракійскімі плямёнамі. Існавала з 5 ст. да н. э. да 148 да н. э.. Найбольшага росквіту дасягнула ў выніку заваёваў Піліпа II (падначаленьне ўсёй Грэцыі) і Аляксандра Македонскага (імпэрыя Аляксандра Македонскага.

Раньнерабаўладальніцкая дзяржава на землях Ніжняй Македоніі склалася на працягу 6—5 ст. да н. э., але яшчэ ў 4 ст. да н. э. плямёны Верхняй Македоніі былі на стадыі родаплемяннога ладу. Шлях утварэньня і этнічная прыналежнасьць македонскай народнасьці застаюцца прадметам спрэчак. Асноўнымі заняткамі насельніцтва дзяржавы былі земляробства і жывёлагадоўля. Непасрэднае суседзтва з Грэцыяй спрыяла ўзьдзеяньню грэцкай культуры і мовы, усталяваньню цесных узаемасувязяў з грэцкімі местамі-полісамі. З утварэньнем у Македоніі клясавага грамадзтва адбывалася і яе паступовае палітычнае аб’яднаньне, пашырэньне дзяржаўных межаў, умацаваньне незалежнасьці і рост вайскова-палітычнай магутнасьці.

У часы кіраваньня Піліпа II (359336 да н. э.) канчаткова сфармавалася македонская манархія і была падпарадкаваная Верхняя Македонія. Гэты цар завяршыў рэарганізацыю войска і стварыў македонскі флёт. Імкнучыся пашырыць свае ўладанні і палітычны ўплыў, а таксама авалодаць марскім узьбярэжжам, якое знаходзілася ў руках грэкаў, Піліп II на працягу 357346 да н. э. вёў вайну супраць Атэнаў і іх хаўрусьнікаў, у выніку якой авалодаў больш чым 30 гарадамі, падпарадкаваў Фэсалію і захапіў усё тракійскае ўзьбярэжжа Эгейскага мора. Паўторнае яго ўмяшаньне ў справы Грэцыі завяршылася ў 338 да н. э. бітвай пры Херанэі, у якой македонскае войска аказалася пераможцам і грэцкія гарады прызналі гегемонію македонскай манархіі. У 336 да н. э., рыхтуючыся выступіць супраць Пэрсыдзкага царства і мясцовай знаці, Філіп II стаў ахвярай змовы.

Яго пераемнікам стаў сын Аляксандар Македонскі (336323 да н. э.), які задушыў паўстаньні грэцкіх гарадоў і ажыцьцявіў намеры свайго бацькі ў дачыненьні да Пэрсыдзкага царства. Ён разьбіў цара Дарыя III, заваяваў Пэрсыдзкую дзяржаву і на яе тэрыторыі ўтварыў сваю вялікую манархію, якая, аднак, была нетрывалай. Пасьля сьмерці Аляксандра імпэрыя распалася, і Македонія змагалася за кантроль над Грэцыяй з Ахейскім і Эталійскім саюзамі. Пасьля ўступленьня ў канфлікт з Рымам з-за Ілірыі (Македонскія войны) Македонія панесла паразу, была падзеленая на 4 рэспублікі пад рымскім пратэктаратам, і, нарэшце, улучаная ў склад Рыму як правінцыя (148 да н. э.).