Фарнабаз III
Фарнабаз ІII (370 да н. э./365 да н. э. — пасьля 320 да н. э.) — дзяржаўны дзяяч Пэрсыдзкае імпэрыі. З роду Фарнакідаў, адгалінаваньня каралеўскага роду Ахемэнідаў, сын Артабаза II.
У 353 да н. э. — 343 да н. э. знаходзіўся разам з бацькам у выгнаньні ў Македоніі, пасьля вярнуўся ў Пэрсію. У 334 да н. э. з пачаткам вайны з Македоніяй стаў падначаленым свайго сваяка Мэмнана, які кіраваў пэрсыдзкім флётам у Эгейскім моры. Разам з Мэмнам удзельнічаў у абароне Галікарнасу, што змусіла македонцаў спыніць наступ, каб засьцерагчы тылы.
Пасьля падзеньня Галікарнасу ў 333 да н. э. пэрсыдзкі флёт, у складзе 300 караблёў і ўкамплектаваны фінікійцамі, эгіпцянамі, кіпрыётамі й грэцкімі наймітамі, распачаў напады на гарады ля Гелеспонту з мэтай адрэзаць македонскае войска ад забесьпячэньня. Апроч таго, вяліся перамовы са спартанскім царом Агісам ІІІ аб супольных дзеяньнях, падвяргаліся нападам астравы Кос, Хіяс, Лесбас. У выніку Аляксандар Македонскі быў змушаны пакінуць частку войска ў Македоніі, якое мусіла стварыць македонскі флёт.
У 333 да н. э. падчас аблогі Мітылены, сталіцы Лесбасу, нечакана памёр Мэмнан, і Фарнабаз быў прызначаны адзінасаобным кіраўніком флёту. Ён здолеў захапіць Мітылену, маленькі востраў Тэнэдас, кантраляваў Гелеспонт, перарэзаў забесьпячэньне зернем з Атэнаў. Улетку 333 да н. э. збудаваў фартэцыю ля Галікарнасу, што не дазваляла выкарыстоўваць гарадзкую гавань. Пэрсы захапілі астравы Саматракію, Сыфнас і Андрас, горад Мілет, заснавалі фартэцыю ў Каліпалісе, горадзе ў Гелеспонце. Да таго Фарнабаз паслаў наймітаў на дапамогу Дарыю ІІІ.
Але Дарый ІІІ прайграў бітву пры Ісе. Фарнабаз даведаўся пра гэта падчас перамоваў з Агісам ІІІ на Сыфнасе. Перамовы не прынесьлі вынікаў, хоць праз 2 гады Спарта й паўстала супраць Македоніі. Пасьля Фарнабаз быў змушаны задушваць паўстаньне на Хіясе, а ягоны флёт быў разьбіты каля Каліпалісу. Сытуацыя пагоршылася з аблогай македонцамі Тыру ўвесну 332 да н. э. 80 фінікійскіх і 120 кіпрскіх капітанаў пакінулі флёт, які стаў дэзарганізаваны. Сам Фарнабаз быў схоплены й пасланы да Аляксандра ў Фінікію, але па дарозе здолеў уцячы й дабрацца да Косу.
Пасьля на 12 гадоў ён зьнік з запісаў. Магчыма, у 330 да н. э. быў аточаны разам з бацькам Артабазам у Гірканіі й перайшоў на службу да македонцаў. У 321 да н. э. служыў афіцэрам кавалерыі ў македонскім войску. Пра далейшы яго лёс нічога невядома.