Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў
Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў | |
Лідэр партыі | Янка Станкевіч |
---|---|
Дата заснаваньня | 1940 год |
Распушчаная | 1943—1944 гады |
Штаб-кватэра | Варшава (спачатку) |
Саюзьнікі і блёкі | Армія Краёва |
Ідэалёгія | беларускі нацыяналізм |
Колькасьць | да 500 чалавек |
Арганізацыя беларускіх нацыяналістаў (АБН) — беларуская нелегальная кансьпірацыйная арганізацыя, мэтай якой было адраджэньне беларускай дзяржаўнасьці хаця б у межах супольнай беларуска-польскай фэдэрацыі. Таксама вядомая як Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН)[1].
Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Арганізацыя была створаная ў 1940 годзе ў Варшаве, як нелегальная арганізацыя. Улетку 1941 году перанесла сваю дзейнасьць у Беларусь. Паводле некаторых зьвестак, у 1942 годзе АБН налічвала 500 чалавек. На яе чале стаяў Цэнтральны камітэт. Старшыня ЦК АБН — Янка Станкевіч.
АБН вяла перамовы з польскай падпольнай Арміяй Краёвай аб супрацоўніцтве, «польска-беларускай фэдэрацыі» й нават аб стварэньні беларуска-польскіх партызанскіх аддзелаў. Аднак кантакты з польскім супрацівам ня далі ніякага выніку.
У 1943 годзе АБН увайшла ў падпольнае Беларускае Нацыянальна-Дэмакратычнае Аб’яднаньне (БНДА) ды была ў ім галоўнай сілай. Дагэтуль невядома, чым займаліся АБН і БНДА, акрамя кантактаў з палякамі. Па гібелі ў сьнежні 1943 году ў Менску Вацлава Іваноўскага й выезду ў Чэхію Янкі Станкевіча, АБН-БНДА фактычна спыніла сваё існаваньне. Многія сябры арганізацыі, якія працавалі ў цывільнай адміністрацыі й школьніцтве, улетку 1944 году падаліся на Захад. Тыя нешматлікія, што засталіся на Бацькаўшчыне, маглі далучыцца да руху супраціўленьня, які арганізоўвала Беларуская незалежніцкая партыя.