Перайсьці да зьместу

Аляксандар I Добры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Аляксандр I Добры»)
Аляксандар I Добры
па-румынску: Alexandru cel Bun
гаспадар малдаўскі
Папярэднік: Юга Бязногі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: каля 1375[1]
Памёр: 1 студзеня 1432
Сужэнец: Рымгайла[d] і Ганна Юр'еўна Падольская[d]
Дзеці: Раман, Аляксандар, Ільля I, Васіліса, Стэфан II, Пётар II, К’яжна
Бацька: Раман I Мушат
Маці: Anastasia of Moldova[d][2]
Род: Мушаты (Мушаціны)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляксандар I.

Аляксандар I Добры (па-румынску: Alexandru cel Bun, Александру чэл Бун) — гаспадар малдаўскі ў 1400—1432 гадах. З дынастыі Мушацінаў.

Дакладная дата прыходу да ўлады Аляксандра Добрага невядомая. Першы дакумэнт ад яго імя, у статусе гаспадара, датуецца 29 чэрвеня 1400 году. Да 1408 году кіраваў сумесна са сваім братам жупанам Багданам.

Унутраная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пячатка Аляксандра Добрага

Аляксандар Добры праводзіў стабільную і пасьлядоўную ўнутраную палітыку. Менавіта ў часы яго кіраваньня адназначна сфармаваўся палітычны лад краіны. Гаспадар атрымліваў поўную свабоду дзеяньняў ва ўсіх дзяржаўных і ваенных справах. Аляксандар арґанізаваў адміністрацыйную структуру аналяґічную той, што існавала ў Валахіі. Таксама была ўсталявана мяжа паміж Валахіяй і Малдовай, якая пралягла на тэрыторыі ніжняга цячэньня Дуная.

Аляксандар Добры праводзіў спрыяльную эканамічную палітыку. Ён узяў пад свой кантроль гандаль. Выгодна скарыстаўся ґеаґрафічным становішчам Малдаўскага княства, праз якое праходзілі гандлёвыя шляхі, што злучалі Прычарнамор'е і Цэнтральную Эўропу. Гандляры, праходзячы праз мытныя пункты Малдовы, плацілі ў казну значныя сумы грошай.

Аляксандар аказваў значную падтрымку царквы. У 1401 годзе Канстантынопальскі патрыярхат прызнаў Ёсіфа мітрапалітам Малдовы, тым самым, прызнаўшы незалежнасьць Малдаўскай праваслаўнай царквы[3]. Гаспадаром былі заснаваны манастыры Бістрыца (1402) і Малдавіца (1410). У часы кіраваньня Аляксандра быў кананізаваны першы сьвяты Малдаўскай праваслаўнай царквы — Яан Новы — мучанік, які зьведаў цяжкія пакуты, але не адрокся ад хрысьціянскай веры[4].

Зьнешняя палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Малдаўскія воіны ў бітве пры Марыенбургу 1422 год

У пачатку свайго кіраваньня Аляксандар Добры праводзіў палітыку збліжэньня з Польшчай. 12 сакавіка 1402 году ён заключыў дагавор з польскім каралём Уладзіславам Ягайлам, у якім прызнаў яго сюзэрэнітэт, але без ушчамленьня незалежнасьці Малдовы. Разам з літоўцамі і палякамі малдаўскія атрады ваявалі з тэўтонскімі рыцарамі, якіх падтрымліваў вугорскі кароль Жыгімонт. Малдаўскія воіны ўдзельнічалі ў складзе саюзных сіл у Ґрунвальдзкай бітве (1410) і ў бітве пры Марыенбурґу (1422). Аляксандар Добры падтрымліваў добрыя адносіны з валаскім гаспадаром Мірчам Старым, які паводле некаторых крыніц дапамог Аляксандру ўзысьці на прастол Малдовы, і вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Гэтыя сувязі дапамагалі Аляксандру пасьпяхова супрацьстаяць Вугоршчыне.

У 1420 годзе туркі, якія перамаглі ў Валахіі, накіраваліся да фартэцый Кілія і Чэтаця-Альбэ, але Аляксандар здолеў адбіць гэту пагрозу. Да канца кіраваньня Аляксандра літоўскі князь Вітаўт заняў варожую ў адносінах да яго пазыцыю. Пагаршаюцца адносіны з Вугоршчынай і Валахіяй. Вугорскі кароль Жыгімонт на Луцкім канґрэсе ў 1430 годзе атрымаў згоду польскага караля Ягайла па пытаньні аб вяртаньні Аляксандрам Кіліі і часткі прымежных тэрыторый Валахіі. Але гэтага так і не адбылося.

Пасьля сьмерці Вітаўта ў кастрычніку 1430 году Аляксандар заключае новы дагавор зь літоўскім князем Свідрыгайлам. Адбываецца збліжэньне з Вугоршчынай, што прыводзіць да пагаршэньня малдава-польскіх адносін.

Аляксандар сканаў 1 студзеня 1432 году. Пасьля яго сьмерці становішча ў краіне значна пагоршылася праз звады паміж пераемнікамі на трон.

Паштовая марка Малдовы, 1995

Аляксандар быў жанаты чатыры разы[5]:

  1. 1394—1400 — Марґарыта Банфі, дочкі Іштвана Банфі;
  2. c 1405 — князёўна Ганна Юр’еўна Падольская (пам. 1420), унучка Карыята;
  3. з 1419 — вялікая князёўна Рымгайла Літоўская, дачка Кейстута (пам. 1430);
  4. Марына.

Аляксандар I Добры меў 7 дзяцей.

Ад першай жонкі:

  • Раман (пам. 1432);
  • Аляксандfр (пам. 1432).

Ад другой жонкі:

  • Ільля I (1409?1448) — гаспадар малдаўскі ў 1432—1433 і 1435—1443.

Ад трэці жонкі:

  • Васіліса (пам. каля 1447) — жонка Улада II, гаспадара валаскага
  • Стэфан II (пам. 1447), гаспадар малдаўскі ў 1433—1435, 1436—1447.

Ад чацьвертай жонкі:

  • Пётар II (пам. 1449), гаспадар малдаўскі 1448—1449;
  • К’яжна (пам. 1479).
  • 29 лістапада 2000 году Нацыянальным банкам Малдовы была выпушчана ў абарот памятная манэта, прысьвечаная 600-годзьдзю ўзыходжаньня на трон Аляксандра Добрага, намінальным коштам у 100 леяў[6].
  • У 1995 годзе была выпушчана паштовая марка Малдовы, прысьвечаная Аляксандру Добраму.
  1. ^ а б Geni.com (мн.) — 2006.
  2. ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
  3. ^ Стати В. Свет истины православной // Независимая Молдова. — 14 марта 2003.
  4. ^ Мисюк В. С. Покровитель Бессарабии // Бессарабские легенды.
  5. ^ Mușatin family
  6. ^ 600 гадоў з часу ўзыходжаньня на прастол Аляксандра Добрага = 600 ani de la urcarea pe tron a domnitorului Alexandru cel Bun.
  • Ожог И. А., Шаров И. М. Молдова во время правления Александру чел Бун (Доброго) (1399-1432) // Краткий курс лекций по истории румын. — Кишинёв: 1992.
  • Славянско-молдавские летописи. XV—XVI вв.— М., 1976