Перайсьці да зьместу

Айзэк Азімаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Айзэк Азімаў
Isaac Asimov
Айзэк Азімаў у 1956 годзе
Айзэк Азімаў у 1956 годзе
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ісаак Юдавіч Азімаў
Нарадзіўся не раней за 4 кастрычніка 1919 і не пазьней за 2 студзеня 1920[1][2][3]
Памёр 6 красавіка 1992(1992-04-06)[7][8][9][…] (72 гады)
Сужэнец Жанэт Азімаў[d] і Gertrude Asimov[d]
Дзеці Robyn Asimov[d][10]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці біяхімік, навэліст, пісьменьнік, гісторык, гумарыст
Гады творчасьці 1934[11]1992
Жанр навуковая фантастыка
Мова ангельская мова[2][12][3] і ідыш
Дэбют У палоне ў Вэсты
Прэміі Г’юга, Нэб’юла
Узнагароды
Прэмія Г’юга[d] (1963) Прэмія за інтэрпрэтацыю хіміі імя Джэймза Т. Грэйдзі і Джэймза Г. Стака[d] (1965) Hugo Award for Best All-Time Series[d] (1966) Гуманіст году[d] (1984) Мэмарыяльная прэмія Эдўарда Э. Сьміта[d] (1967) Прэмія «Нэб’юла» за найлепшы раман[d] (1972) Прэмія «Локус» за найлепшы раман[d] (1973) Прэмія «Г’юга» за найлепшы раман[d] (1973) Прэмія Клюмпке — Робэртса[d] (1975) Прэмія «Нэб’юла» за найлепшую кароткую аповесьць[d] (1976) Прэмія «Локус» за найлепшую кароткую аповесьць[d] (1977) Прэмія «Г’юга» за найлепшую кароткую аповесьць[d] (1977) Прэмія «Локус» за найлепшы навукова-фантастычны раман[d] (1983) Прэмія «Г’юга» за найлепшы раман[d] (1983) Мэмарыяльная прэмія „Гросмайстар фантастыкі“ імя Дэймана Найта[d] (1987) Прэмія «Локус» за найлепшае апавяданьне[d] (1987) Прэмія «Г’юга» за найлепшую кароткую аповесьць[d] (1992) Прэмія «Г’юга» за найлепшую нефантастычную працу[d] (1995) Retro Hugo Award for Best Novel[d] (30 жніўня 1996) Прэмія «Космас-2000»[d] (1985) Заля славы навуковай фантастыкі і фэнтэзі[d] (1997) Сябра Камітэту скептычных расьсьледаваньняў[d] сябра Амэрыканскай акадэміі мастацтваў і навук[d] Retro Hugo Award for Best Novelette[d] (2018) рэтрапрэмія Г’юга за найлепшае апавяданьне[d] (2016) Ditmar Award[d] Great Immigrants Award[d] (2006)
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com
www.asimovonline.com

А́йзэк Азі́маў (2 студзеня 1920, Пятровічы, Смаленская губэрня, з 1929 году Смаленская вобласьць, Расея — 6 красавіка 1992, Нью-Ёрк) — амэрыканскі біяхімік і пісьменьнік навуковай фантастыкі. Мае жыдоўскае паходжаньне зь Беларусі[13].

Айзэк нарадзіўся ў жыдоўскай сям’і. Ягоныя бацькі, Хана-Рахіл Ісакаўна Берман[14][15] і Юда Аронавіч Азімаў былі млынарамі. Назвалі яго ў гонар нябожчыка дзеда па маці, Ісаака Бермана (1850—1901).

У 1923 годзе сям’я Азімава імігравала ў ЗША. Як сам Азімаў паказвае ў аўтабіяграфіі («In Memory Yet Green», «It’s Been A Good Life»), ягонай роднай мовай у дзяцінстве была ідыш (у той час адна з чатырох дзяржаўных моваў Беларусі), па-расейску зь ім у сям’і не размаўлялі ўвогуле[13][16]. З мастацкай жа літаратуры ў раньнія гады ён рос у асноўным на апавяданьнях Шолам-Алейхэма. У 1923 годзе бацькі павезьлі яго ў ЗША («у чамадане», як ён сам шуткаваў), пасяліліся ў Брукліне й празь некалькі гадоў адкрылі кандытарскую краму[17].

У 5 гадоў Айзэк Азімаў пайшоў у школу (яму належала пайсьці ў школу ў 6 гадоў, але маці выправіла ягоны дзень нараджэньня на 7 верасьня 1919 году, каб аддаць яго ў школу на год раней). Пасьля заканчэньня дзясятай клясы ў 1935 годзе 15-гадовы Азімаў паступіў у Seth Low Junior College, але праз год гэты каледж зачыніўся.

У канцы 1930-х гадоў Айзэк паступіў на хімічны факультэт Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку, дзе атрымаў у 1939 годзе ступень бакалаўра (B.S.), а ў годзе 1941 — магістра (M.Sc.) па хіміі й паступіў у асьпірантуру. Аднак чатырохгадовы перапынак у адукацыі выклікала Другая сусьветная вайна. У 1942 годзе Азімаў паехаў у Філадэлфію, каб працаваць хімікам на Філадэлфійскай суднавэрфі для войска. Разам зь ім там жа працаваў і іншы пісьменьнік-фантаст Робэрт Гайнлайн.

Зьлева направа: Робэрт Гайнлайн, Л. Спрэг дэ Камп і Айзэк Азімаў. 1944 г.

14 лютага 1942 году Азімаў сустрэўся на «спатканьні ўсьляпую» з Гертрудай Блюгерман (па-ангельску: Gerthrude Blugerman). 26 ліпеня яны ажаніліся. Ад гэтага шлюбу нарадзіўся сын Дэйвід (1951) і дачка Робін Джоэн (па-ангельску: Robyn Joan) (1955).

Доктарам біяхіміі Азімаў стаў у 1948 годзе. У наступным годзе ён атрымаў працу выкладніка мэдыцынскага факультэту Бостанскага ўнівэрсытэту, дзе ў 1951 годзе стаў асыстэнтам (па-ангельску: assistant professor), а ў 1955 годзе — дацэнтам (па-ангельску: associate professor) біяхіміі. У гэты час асноўны свой прыбытак Азімаў атрымліваў ужо ад сваёй пісьменьніцкай дзейнасьці.

1 ліпеня 1958 году Азімаў спыніў сваю навуковую кар’еру на карысьць кар’еры пісьменьніка. Унівэрсытэт перастаў яму плаціць зарплату, але фармальна пакінуў у ранейшай пасадзе. Да гэтага моманту прыбытак Азімава як пісьменьніка ўжо перавышаў ўнівэрсытэцкую зарплату. Тытул ганаровага прафэсара яму прысвоілі ў 1979 годзе.

У 1970 годзе Азімаў разьвёўся з жонкай і амаль адразу стаў жыць з Джэнет Апал Джэпсан (Janet Opal Jeppson), зь якой пазнаёміўся на бяседзе 1 траўня 1959 году (да гэтага яны сустракаліся ў 1956 годзе, калі ён даў ёй аўтограф, Азімаў наогул не запомніў тую сустрэчу, а Джэпсан палічыла яго непрыемным чалавекам). Развод ўступіў у сілу 16 лістапада 1973 году, а 30 лістапада Азімаў і Джэпсан ажаніліся. Ад гэтага шлюбу не было дзяцей.

Айзэк Азімаў памёр 6 красавіка 1992 году ад сэрцавай і ныркавай нястачы, выкліканай ВІЧ-інфэкцыяй, на якую ён захварэў у час апэрацыі на сэрцы ў 1983 годзе (і якая прывяла да СНІДу)[18].

Літаратурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісаць Азімаў пачаў у 11 гадоў. Гэта была кніга пра прыгоды хлопчыкаў, якія жывуць у маленькім мястэчку. Ён напісаў восем главаў, пасьля чаго закінуў напісаньне. Але пры гэтым адбыўся цікавы выпадак. Напісаўшы два разьдзелы, Айзэк пераказаў іх свайму сябру. Той запатрабаваў працяг. Калі Айзэк патлумачыў, што гэта пакуль усё, яго сябар папрасіў даць пачытаць кнігу, дзе Айзэк прачытаў гэтую цікавую гісторыю. З таго моманту Айзэк зразумеў, што ён валодае пісьменьніцкім дарам, і пачаў сур’ёзна ставіцца да сваёй літаратурнай дзейнасьці.

У 1939 годзе Азімаў дэбютаваў у журнале «Amazing Stories» аповесьцю «У палоне ў Вэсты» (Marooned off Vesta), прыняты да публікацыі ў кастрычніку 1938 году часопісам Amazing Stories і апублікаваны 10 студзеня 1939 году.

У 1941 годзе было апублікавана апавяданьне «Надыход ночы» (Nightfall) пра плянэту, якая верціцца ў сыстэме шасьці зорак, дзе ноч надыходзіць раз у 2049 гадоў. Аповед атрымаў велізарную вядомасьць (паводле Bewildering Stories, ён быў адным з самых вядомых з калі-колечы апублікаваных апавяданьняў)[19]. У 1968 годзе Амэрыканская асацыяцыя пісьменьнікаў-фантастаў абвясьціла «Надыход ночы» найлепшым з калі-кольвек напісаных фантастычных апавяданьняў. Аповяд больш за 20 разоў трапляў у анталёгіі, двойчы быў экранізаваны, і сам Азімаў пасьля назваў яго «водападзелам у маёй прафэсійнай кар’еры». Малавядомы да таго часу фантаст, які апублікаваў каля 10 апавяданьняў (і яшчэ прыкладна столькі ж былі адпрэчаныя), стаў знакамітым пісьменьнікам. Цікава, што сам Азімаў не лічыў «Надыход ночы» сваім любімым аповедам.

10 траўня 1939 году Азімаў пачаў пісаць першую з сваіх гісторыяў пра робатаў — апавяданьне «Робі» (Robbie). У 1941 годзе Азімаў напісаў апавяданьне «Ілжэц!» (Liar!) пра робата, які ўмеў чытаць думкі. У гэтым аповедзе пачынаюць зьяўляцца знакамітыя Тры законы робататэхнікі. Азімаў прыпісваў аўтарства гэтых законаў Джону В. Кэмпбэлу, які сфармуляваў іх у гутарцы з Азімавым 23 сьнежня 1940 году. Кэмпбэл, аднак, казаў, што ідэя належала Азімаву, ён толькі даў ёй фармулёўку. У гэтым жа аповядзе Азімаў прыдумаў слова «робататэхніка» (навука пра робатаў), якое ўвайшло ў ангельскую, беларускую й іншыя мовы. Да Азімава, у большасьці гісторыяў пра робатаў, яны бунтавалі альбо забівалі сваіх стваральнікаў. З пачатку 1940-х гадоў робаты ў фантастыцы падпарадкоўваюцца Тром законам робататэхнікі, хоць па традыцыі ні адзін фантаст, акрамя Азімава, не цытуе гэтыя законы відавочна.

У 1942 годзе Азімаў пачаў сэрыю раманаў «Заснаваньне» (Foundation). Першапачаткова «Заснаваньне» й апавяданьні пра робатаў ставіліся да розных сьветаў, і толькі ў 1980 годзе Азімаў намеркаваў іх аб’яднаць.

З 1958 году Азімаў стаў пісаць значна менш фантастыкі й значна больш навукова-папулярнае літаратуры. З 1980 году ён аднавіў напісаньне навуковае фантастыкі працягам сэрыі «Заснаваньне».

Трыма любімымі аповедамі Азімава былі «Апошняе пытаньне» (The Last Question), «Двухсотгадовы чалавек» (The Bicentennial Man) і «Выродлівы хлапчук» (The Ugly Little Boy), у гэтым парадку. Любімым раманам быў «Самі багі» (The Gods Themselves).

Публіцыстычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць напісаных Азімавым кнігаў зьяўляюцца навукова-папулярнымі, прычым у самых розных галінах: хімія, астраномія, рэлігіязнаўства, шэрагу іншых. У сваіх публікацыях Азімаў падзяляў пазыцыю навуковага скептыцызму й крытыкаваў г. зв. псэўданавукі й забабоны[20]. Айзэк гэтак жа быў адным з заснавальнікаў Камітэту скептычных дасьледаваньняў (па-ангельску: Committee for Skeptical Inquiry) — арганізацыі скептыкаў ЗША[21].

Асноўныя ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Азімаў адзін зь вядомейшых пісьменьнікаў беларускай і сусьветнай навуковай фантастыкі, зьяўляецца аўтарам амаль пяцісот кнігаў як мастацкіх так і навукова-папулярных. Яго творчасьць адзначаная пяцьцю прэміямі Г’юга (1963, 1966, 1973, 1977, 1983), дзьвюма прэміямі Нэб’юла (1972, 1976), а таксама шматлікімі іншымі ўзнагародамі.

Найбольш вядомыя фантастычныя творы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Зборнік апавяданьняў «I, robot» («Я, Робат»), у якім Азімаў распрацаваў этычны кодэкс для робатаў. Менавіта яго пяру належаць Тры законы робататэхнікі.
  • Цыкл з трох раманаў пра галактычную імпэрыю: «Pebble in the Sky» («Каменьчык ў небе»), «The Stars, Like Dust» («Зоркі як пыл») і «The Currents of Space» («Касьмічныя плыні»).
  • Сэрыя раманаў «Foundation» («Заснаваньне») пра крушэньне галактычнай імпэрыі й нараджэньне новага грамадзкага ладу.
  • Раман «The Gods Themselves» («Самі багі»), цэнтральная тэма якога — рацыяналізм без маральнасьці вядзе да зла.
  • Раман «The End of Eternity» («Канец Вечнасьці»), у якім апісаная Вечнасьць (арганізацыя, якая кантралюе падарожжа ў часе й зьздяйсьняе зьмены чалавечае гісторыі) і яе крушэньне.
  • Цыкль пра прыгоды касьмічнага рэйнджара Лакі Стара(en).
  • Апавяданьне «The Bicentennial Man» («Двухсотгадовы чалавек»), па матывах якога ў 1999 годзе быў зьняты аднайменны фільм.
  • Сэрыя «Дэтэктыў Элайджа Бейлі й робат Дэніэл Аліва» — цыкл з чатырох раманаў і аднаго аповяду пра прыгоды шпега-зямляніна й ягонага паплечніка — робата-косманіта: «Сталёвыя пячоры», «Аголенае сонца», «Люстраное адлюстраваньне», «Робаты раняшняга додьніку», «Робаты й Імпэрыя».

Амаль усе цыклы пісьменьніка, а таксама асобныя творы, фармуюць «Гісторыю будучыні».

Многія творы Азімава былі экранізаваныя, найбольш вядомыя фільмы — «Двухсотгадовы чалавек» і «Я, Робат».

Найбольш вядомыя публіцыстычныя творы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Asimov’s Guide to Science» («Азімаўскі даведьнік па навуке»);
  • Двухтомнік «Asimov’s Guide to the Bible» («Азімаўскі гід па Бібліі»).

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • У гонар Айзэка Азімава й Артура Кларка названы галоўны герой сэрыі гульняў Dead Space — Айзэк Кларк.
  • Ганаровае асацыяваньня з імем Азімава выкарыстана стваральнікамі японскага робата-андроіда ASIMO (Advanced Step in Innovative MObility).
  • У рамане «Заснаваньне» згадваецца энцыкляпэдыя, вось як аўтар апісвае мэты яе напісаньня:
« Веды ня могуць належаць асобнаму чалавеку, нават тысячам людзей.

па-ангельску: The sum of human knowing is beyond any one man; any thousand men.

»

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Выродлівы хлапчук // Замежная фантастыка. — Мн., 1990.
  1. ^ Asimov I. In Memory Yet Green (анг.) — 1979.
  2. ^ а б Mormon Literature & Creative Arts
  3. ^ а б Азимов Айзек // ПроДетЛит (рас.) — 2019.
  4. ^ Краткая литературная энциклопедия (рас.)Москва: Советская энциклопедия, 1962.
  5. ^ Isaac Asimov (анг.) // The Guardian.com — 2008. — ISSN 1756-3224; 1354-4322
  6. ^ Isaac Asimov (анг.) // The Daily Telegraph / C. EvansLondon: 1992. — ISSN 0307-1235; 1477-3805
  7. ^ Isaac Asimov // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
  8. ^ Gregersen E. Isaac Asimov // Encyclopædia Britannica (анг.)
  9. ^ Isaac Asimov // Mormon Literature & Creative Arts
  10. ^ San Francisco Chronicle (анг.)San Francisco: Hearst Communications, 1865. — ISSN 1932-8672; 2574-5921
  11. ^ Title: Little Brothers (анг.) — 1995.
  12. ^ Asimov, Isaac, 1920-1992 // CONOR.SI
  13. ^ а б Гэта было добрае жыцьцё
  14. ^ Генэялёгія сямей Берман і Азімаў
  15. ^ Добры доктар Азімаў
  16. ^ Біяграфічныя дадзеныя.
  17. ^ Сем’і бацькі (матка Хана Лейкіна, 1870—1936, сёстры Рахіль, 1900—1939, і Двося, 1901—1977, браты Самуіл, 1909—1963, Фройм-Абрам, 1903—1943, і Барыс (Авром-Бер), 1902—1986 Азімавы) й маці (браты Гірш (Рыгор), 1897—1941, і Натан, 1896 — ?, Берман) засталіся у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
  18. ^ Пра тое, што Азімаў хварэў на ВІЧ, стала вядома толькі праз 10 гадоў зь біяграфіі, напісанай Джэнет Апал Джэпсан.
  19. ^ Asimov, The Good Doctor
  20. ^ A Celebration of Isaac Asimov: A Man for the Universe // Carl Sagan, Feature — Volume 17.1, Fall 1992
  21. ^ About CSICOP

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сямейныя фатаздымкі: