Тры законы робататэхнікі

Тры законы робататэхнікі ў навуковай фантастыцы — абавязковыя правілы паводзінаў для робатаў, упершыню сфармуляваныя Айзэкам Азімавым у апавяданьні «Карагод» (анг. Runaround) у 1942 годзе. Паводле Законаў:
- Робат ня можа нашкодзіць чалавеку або, празь нячыннасьць, дазволіць, каб чалавеку нашкодзілі.
- Робат мусіць падпарадкоўвацца загадам людзей, калі толькі гэтыя загады не супярэчаць Першаму Закону.
- Робат мусіць дбаць пра сваю бясьпеку, калі толькі падобнае дбаньне не супярэчыць Першаму і Другому Законам.
Тром Законам, а таксама магчымым прычынам і вынікам іх парушэньня, прысьвечаны цыкль апавяданьняў Азімава пра робатаў. У некаторых зь іх, наадварот, разглядаюцца неперадбачаныя вынікі тарнаваньня робатамі Трох Законаў (напрыклад, у апавяданьні «Люстраны адбітак(en)»).
Арыгінальныя Законы пазьней ня раз удакладняліся як самім Азімавым, гэтак і іншымі пісьменьнікамі. У некаторых творах Азімаў нязначна зьмяняў законы, каб з другога боку адлюстраваць узаемадзеяньне робатаў зь людзьмі і іншымі робатамі. У пазьнейшых творах, у якіх робаты кіравалі ўрадам цэлых плянэт і чалавечых цывілізацыяў, Азімаў таксама дадаў чацьверты, Нулявы Закон, які папярэднічаў астатнім:
- 0. Робат ня можа нашкодзіць чалавецтву або, празь нячыннасьць, дазволіць, каб чалавецтву нашкодзілі.
У рамане «Робаты і Імпэрыя» 1986 году Азімаў прапанаваў іншы Нулявы Закон:
- 0. Робат ня можа нашкодзіць чалавеку, калі толькі ня зможа давесьці, што, у выніку, нанесеная шкода здабудзе карысьць для ўсяго чалавецтва.
Законы робататэхнікі праходзяць лейтматывам праз шматлікія творы навуковай літаратуры, як то кнігі, кіно, ці іншыя віды мастацтва.
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Баявыя робаты, якія не тарнуюць Законы робататэхнікі Азімава
- Этыка штучнага інтэлекту
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |