Ад дыктатуры да дэмакратыі
«Ад дыктатуры да дэмакратыі» | |
From Dictatorship to Democracy | |
Жанр: | нарыс |
---|---|
Аўтар: | Джын Шарп |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Год напісаньня: | 6 кастрычніка 1993 (31 год таму) |
Публікацыя: | 1993 |
Асобнае выданьне: | 1994 |
Выдавецтва: | Інстытут імя Альбэрта Айнштайна |
Колькасьць старонак: | 64 |
Пераклад на беларускую: | 2001 |
Носьбіт: | кніга |
Папярэдні твор: | «Абарона на грамадзянскай аснове» (1990) |
Наступны твор: | «Негвалтоўнае дзеяньне» (1997) |
ISBN: | 978-1-880813-09-6 |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Ад дыктатуры да дэмакратыі» — кніга амэрыканскага прафэсара паліталёгіі Джына Шарпа 1994 году.
Упершыню выйшла ў 1993 годзе па частках у бірманскім эмігранцкім часопісе «Новая эпоха» ў Тайляндзе на ангельскай і бірманскай мовах. Прысьвячалася негвалтоўным спосабам узьдзеяньня для пераадоленьня дыктатуры. Яе пераклалі на 31 мову, у тым ліку ў 2001 годзе на беларускую. У ЗША твор вытрымаў 4 перавыданьні[1]. Пры канцы кніга зьмяшчала пералік негвалтоўных дзеяньняў[2]. Сярод іншага, у творы разглядалася ўсталяваньне ўстойлівага і доўгатэрміновага народаўладзьдзя, каб пазьбегнуць усталяваньня новай дыктатуры замест мінулай[3]. Сьпіс 198 спосабаў негвалтоўных дзеяньняў, зьмешчаны ў якасьці дадатку, раней выдаваўся Шарпам асобна ў 1973 годзе. Сярод такіх спосабаў называліся: складаньне прашэньняў, распаўсюд самвыдату, выкарыстаньне знакавых адценьняў і выразаў, імітацыя пахаваньня і сьпевы, байкот выбараў, адмова плаціць падаткі і стварэньне альтэрнатыўных рынкаў[4].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кніга Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі: канцэптуальныя асновы вызваленьня» ў выданьні 2003 году па-беларуску налічвала 64 старонкі. Яна знаходзілася ў грамадзкім набытку і ўлучала прадмову, 10 главаў і Дадатак «Мэтады негвалтоўных дзеяньняў». Главамі кнігі былі: 1) «Рэалістычнае ўяўленьне пра дыктатуру», 2) «Небясьпека перамоваў», 3) «Адкуль бярэцца сіла», 4) «Слабасьці дыктатуры», 5) «Існая ўлада», 6) «Неабходнасьць стратэгічнага плянаваньня», 7) «Плянаваньне стратэгіі», 8) «Практыка палітычнага непадпарадкаваньня», 9) «Развал дыктатуры», 10) «Фундамэнт доўгачасовай дэмакратыі». У Дадатку «Мэтады негвалтоўных дзеяньняў» падзяляліся на: а) «Мэтады негвалтоўнага пратэсту і перакананьня» (54), б) «Мэтады адмаўленьня ад сацыяльнай супрацы» (16), в) «Мэтады адмаўленьня ад эканамічнай супрацы: байкоты і забастоўкі» (49), г) «Мэтады адмаўленьня ад палітычнай супрацы» (38), д) «Мэтады негвалтоўнага ўмяшаньня» (41)[5].
Уплыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1999 годзе ўдзельнікі сэрбскага грамадзкага руху «Адпор» пераклалі кнігу Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі» на сэрбскую мову. Яны заяўлялі, што выкарыстоўвалі апісаныя ў кнізе спосабы падчас пратэстаў 2000 году ў Сэрбіі, якія прывялі да адстаўкі югаслаўскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. Пазьней у Сэрбіі заснавалі Цэнтар прыкладнога негвалтоўнага супраціву, які пачаў пашыраць ідэі негвалтоўнага супраціву Шарпа сярод грамадзянаў зь дзясяткаў краінаў[4].
У 2004 годзе сябры ўкраінскага моладзевага руху «Пара» пераклалі кнігу «Ад дыктатуры да дэмакратыі» на ўкраінскую мову, спосабы зь якой пачалі выкарыстоўваць у ходзе Аранжавай рэвалюцыі, у тым ліку спосаб № 18: выкарыстаньне сьцягоў і знакавых адценьняў. У 2012 годзе Джын Шарп згадваў: «Не было грошай апублікаваць пераклад. Яны даслалі нам імэйлы: дапамажыце трохі грашыма. Мы паслалі ім, здаецца, 6000 даляраў. А потым даведаліся, што яны надрукавалі гэтую працу нейкім неверагодным накладам». Тады надрукавалі 12 000 асобнікаў[4].
Беларускія выданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2001 годзе беларускі моладзевы рух «Зубр» выдаў беларускі пераклад кнігі «Ад дыктатуры да дэмакратыі: канцэптуальныя асновы вызваленьня» на 68 старонках[6]. У 2003 годзе выйшла перавыданьне Інстытуту імя Альбэрта Айнштайна (ЗША) на 64-х старонках.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Ад дыктатуры да дэмакратыі» па-беларуску // Міжнародны асяродак негвалтоўнага сутыкненьня (ЗША), 2024 г. Праверана 15 студзеня 2024 г.
- ^ «Ад дыктатуры да дэмакратыі» // Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат», 2024 г. Праверана 15 студзеня 2024 г.
- ^ Кірыл Стаселька. Актуальныя кнігі гэтага лета. Што пачытаць пра пратэсты, рэвалюцыі і дыктатараў // Тэлеканал «Белсат», 5 верасьня 2020 г. Праверана 15 студзеня 2024 г.
- ^ а б в Ганна Шаманская. «Абшарпаная мэтадычка Шарпа»: ці сапраўды амэрыканскі палітоляг мог уплываць на пратэсты па ўсім сьвеце // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 верасьня 2020 г. Праверана 15 студзеня 2024 г.
- ^ Джын Шарп. Ад дыктатуры да дэмакратыі: канцэптуальныя асновы вызваленьня. — Бостан: Інстытут імя Альбэрта Айнштайна, 2003. — 64 с.
- ^ «Ад дыктатуры да дэмакратыі: канцэптуальныя асновы вызваленьня» (2001, Зубр) // Сусьветны каталёг, 2024 г. Праверана 15 студзеня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Джын Шарп. Ад дыктатуры да дэмакратыі: канцэптуальныя асновы вызваленьня. — Бостан: Інстытут імя Альбэрта Айнштайна, 2003. — 64 с.
- Джын Шарп. Ад дыктатуры да дэмакратыі (2003)