Перайсьці да зьместу

Адной дарогай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адной дарогай
Вокладка альбому Адной дарогай. «Наві». 2017
Альбом гурта «Наві»
Выдадзены 21 лістапада 2017 (7 гадоў таму)[1]
Запісаны студыя «Селах»
Месца запісу Менск
Жанр поп-музыка
Працягласьць 31 хвіліна
Выдавец «Мэдыякуб» (Кіпр)
Прадусар Аляксандар Табольскі
Храналёгія гурта «Наві»
Ілюмінацыя
(2017)
Адной дарогай
(2017)
Наві
(2019)

Адной дарогай — музычны альбом гурта «Наві» 2017 году.

Стаў другім беларускамоўным альбомам гурта[2]. Адразу пасьля ўдзелу ў конкурсе «Эўрабачаньне», які праходзіў у траўні 2017 году ў Кіеве (Украіна), увесь гурт «Наві» зьехаў на тыдзень у вёску за 300 км ад Менску. Там музыкі напісалі большасьць песьняў новага альбому[3]. Пры гэтым рэпэтавалі на прыродзе ў полі. У выніку 9 створаных беларускамоўных песьняў запісалі на менскай студыі «Селах» з гукарэжысэрам Андрэем Баброўкам. Іх зьвядзеньнем займаўся Павал Трацяк. Музыку выконвалі: у сьпеўным дуэце Ксенія Жук (клявішы) і Арцём Лук’яненка (акустычная гітара), а таксама Аляксандар Табольскі (электрагітара), Уладзь Чашчавік (бас-гітара) і Ўладзімер Бегер (барабаны)[4].

16 кастрычніка 2017 году гурт абвясьціў пра напісаньне альбома Адной дарогай і намер прадставіць яго на канцэрце 9 сакавіка 2018 году ў сталічным клюбе «Прайм Хол»[3]. Як адзначылі самі музыкі, усе песьні «прасякнутыя любоўю да роднай мовы, зямлі, музыкі, жыцьця і адно да аднаго»[5]. 4 сьнежня 2017 году выйшаў відэакліп на альбомную песьню «А дзе жывеш ты», які да 2023 году набраў звыш 300 000 праглядаў[6].

Альбом выйшаў на 6 музычных парталах ЗША («Амазон»[7], «Бандкэмп», «Саўндклаўд»[8], «Спотыфай»[9], «Эпл»[10] і «Ютуб»), а таксама на адным у Расеі («Яндэкс»[11]) і Францыі («Дызэр»)[12].

Ксенія Жук, Арцём Лук’яненка зьяўляецца аўтарам усіх песень. 

Адной дарогай[13]
Назва Працягласьць
1. «Як я жыў безь цябе»   3:13
2. «А дзе жывеш ты»   3:41
3. «Уяўляй»   3:28
4. «Навальніца»   2:26
5. «Восень»   2:36
6. «Адной дарогай»   3:33
7. «Час прыйшоў»   4:04
8. «Мы прачынаемся»   5:07
9. «Далей»   3:16
31:14

4 студзеня 2018 году музычны крытык парталу «Experty.by» Мікалай Янкойць адзначыў «мяккі і ўтульны» гук альбому, а таксама заўважыў паўсюдныя двухгалосьсі, бо «Арцём і Ксенія літаральна зьліваюцца ў адно цэлае». Пры гэтым Янкойць падкрэсьліў: «Дабрыня са сьвятлом так і пруць з кожнага куточка альбома: вазьмі любую песьню, і яна будзе годным саўндтрэкам да рамантычнага фільма пра юнацкае каханьне». Іншы крытык парталу «Experty.by» Ягор Цывілька параўнаў альбом зь яго папярэднікам: «Тут знаходзяцца некалькі някепскіх трэкаў ("А дзе жывеш ты?", "Уяўляй", "Восень"), астатняе ж — даволі аднародная прахадная маса са знаёмых хадоў»[2].

  1. ^ Гурт «Наві». Альбом «Адной дарогай» // Музычны партал «Эпл», 21 лістапада 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  2. ^ а б Зьміцер Безкаравайны, Мікалай Янкойць, Конрад Ярафееў і Ягор Цывілька. Альбом Адной дарогай гурта «Наві» (+аўдыё) // Музычны гід «Experty.by», 8 сьнежня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  3. ^ а б Гурт «Наві» прадставіць новы альбом да Новага года // Газэта «Новы час», 16 кастрычніка 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  4. ^ Гурт «Наві». Альбом Адной дарогай // Аўдыёпартал «Бандкэмп» (ЗША), 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  5. ^ Гурт «Наві» выпусьціў цалкам беларускамоўны альбом Адной дарогай // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 8 сьнежня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  6. ^ Гурт «Наві». Афіцыйнае музычнае відэа «А дзе жывеш ты» // Відэахостынг «Ютуб», 4 сьнежня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  7. ^ Гурт «Наві». Альбом Адной дарогай // Музычны партал «Амазон» (ЗША), 21 лістапада 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  8. ^ Гурт «Наві». Альбом Адной дарогай // Партал патокавай музыкі «Саўндклаўд», 8 сьнежня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  9. ^ Гурт «Наві». Альбом Адной дарогай // Вэб-прайгравальнік «Спотыфай», 21 лістапада 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  10. ^ Гурт «Наві». Як палюбіць усіх // Музычны партал «Тузін гітоў», 14 лютага 2018 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  11. ^ Гурт «Наві». Альбом Адной дарогай // Музычны партал «Яндэкс», 2017 г. Праверана 7 кастрычніка 2023 г.
  12. ^ Гурт «Наві». Альбом Адной дарогай // Музычны партал «Дызэр», 21 лістапада 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.
  13. ^ Альбом Адной дарогай // Гурт «Наві», 12 сьнежня 2017 г. Праверана 21 кастрычніка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]