Перайсьці да зьместу

Музычны прадусар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Музы́чны праду́сар[К 1] (ад анг. producer) — галоўны кіраўнік праекту па стварэньні музыкі, у абавязкі якога можа ўваходзіць шэраг творчых і тэхнічных функцыяў. Як правіла, гэтая праца ўключае ў сябе практычнае кіраўніцтва сэсіямі гуказапісу; забесьпячэньне прымальнай якасьці выступаў артыстаў, кантроль за тэхнічным забесьпячэньнем запісу, а таксама каардынацыю працы вытворчай каманды й працэсу. Удзел прадусара ў музычным праекце можа быць розным паводле глыбіні й маштабу. Часам у папулярных жанрах прадусар можа ствараць увесь гук і структуру запісу[2][3][4], аднак, напрыклад, пры запісе клясычнай музыкі прадусар служыць хутчэй сувязным зьвяном паміж дырыгентам і камандай гукарэжысэраў.

Ролю музычнага прадусара часта параўноўваюць з роляй кінарэжысэра, хоць ёсьць і істотныя адрозьненьні[2][4]. Роля музычнага прадусара адрозьніваецца ад ролі выканаўчага прадусара, які ўдзельнічае ў праекце запісу ў асноўным на адміністрацыйным узроўні, і ад ролі гукарэжысэра, які кіруе тэхналёгіяй запісу.

У залежнасьці ад праекту, прадусар можа выбіраць ці не выбіраць ўсіх выканаўцаў[5][4]. Калі выкарыстоўваюцца толькі сынтэзаваныя альбо сэмплаваныя інструмэнты, прадусар можа быць адзіным выканаўцам[4]. І наадварот, некаторыя выканаўцы самі займаюцца прадусаваньнем[4]. Некаторыя прадусары зьяўляюцца ўласнымі гукарэжысэрамі[6], кіруючы тэхналёгіяй у рамках усяго праекту: перадпрадакшн, запіс, зьвядзеньне й майстарынг.

Папярэднікамі музычных прадусараў былі «A&R men», якія таксама маглі спалучаць прадпрымальніцкія, творчыя й тэхнічныя ролі[3], але часта аказвалі нязначны творчы ўплыў[7], паколькі ў 1950-я гады вытворчасьць гуказапісу па-ранейшаму была засяроджаная на простым паляпшэньні гукавой адпаведнасьці запісу й жывога выступу артыстаў[4].

Дасягненьні ў тэхналёгіі гуказапісу, асабліва зьяўленьне ў 1940-х гадах магнітнай стужкі, якую Лес Пол хутка ўдасканаліў, распрацаваўшы шматканальны запіс[8], і зьяўленьне ў 1950-х гадох электронных інструмэнтаў, ператварылі вытворчасьць запісаў у спэцыяльнасьць[3]. У папулярнай музыцы такія прадусары, як Джордж Мартын, Філ Спэктар і Браян Іна, прывялі яе да сучаснага выкарыстаньня складаных тэхнік і нерэальных гукаў, ствараючы песьні, якія немагчыма выканаць ужывую[2][9]. Пасьля 1980-х гадоў пераход ад аналягавай да лічбавай вытворчасьці яшчэ больш пашырыў магчымасьці[4]. Цяпер DAW, альбо лічбавыя гукавыя працоўныя станцыі, такія як Logic Pro, Pro Tools і Studio One, ператвараюць звычайны кампутар у вытворчую кансоль[10][11], з дапамогай якой самотны пачатковец можа стаць кваліфікаваным прадусарам у эканомнай хатняй студыі[3][12]. У 2010-я гады пачаліся намаганьні па павелічэньні колькасьці музычных прадусарак і гукарэжысэрак, якія моцна саступалі мужчынам і атрымалі прызнаньне толькі ў клясычнай музыцы[3][13].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Таксама музы́чны прадзю́сэр[1] і музы́чны прадзю́сар.
  1.  Пашкевіч, Валянтына. «Прадзюсэр» // Ангельска-беларускі слоўнік / Пад рэд. С. Шупы. — Менск: Зьміцер Колас, 2006. — 1028 с. — ISBN 985-6783-15-1
  2. 1 2 3  Moorefield, V. Introduction // The Producer as Composer: Shaping the Sounds of Popular Music (анг.). — MIT Press, 2010. — С. 13. — ISBN 978-0-262-26101-2
  3. 1 2 3 4 5  Burgess, R. J. The History of Music Production (анг.). — Oxford University Press, 2014. — ISBN 978-0-19-935716-1
  4. 1 2 3 4 5 6 7  Watson, A. Cultural Production in and Beyond the Recording Studio (анг.). — Routledge Studies in Human Geography. — Taylor & Francis, 2014. — С. 25. — ISBN 978-1-135-00631-0
  5. Nathan Ruff (23 чэрвеня 2022) Music Production: What Does a Music Producer Do? (анг.). Recording Connection. Праверана 27 верасьня 2024 г.
  6. Ian Shepherd (26 лютага 2009) What does a music producer do, anyway? (анг.). Production Advice. Праверана 27 верасьня 2024 г.
  7. B. Ward; P. Huber A&R Pioneers: Architects of American Roots Music on Record (анг.). — Vanderbilt University Press, 2018. — ISBN 978-0-8265-2177-4
  8.  Hurtig, B. Multi-Track Recording for Musicians (анг.). — Alfred Music Publishing. — С. 8. — ISBN 978-1-4574-2484-7
  9. Greg Kot (10 сакавіка 2010) What does a record producer do? (анг.). BBC Home.
  10. Jay Kadis (2006—2013) Digital audio workstations (анг.). Center for Computer Research in Music and Acoustics, Stanford University (ПДФ). Праверана 27 верасьня 2024 г.
  11. Kiesha, Joseph (11 лютага 2016) Audio recording software: Avid Pro Tools vs. Apple Log Pro X (анг.). F.I.R.S.T. Institute. Архіўная копія ад 11 жніўня 2018 г.
  12. Where Are All the Female Music Producers?  (анг.). — Billboard.
  13. Recording Academy Task Force On Diversity and Inclusion announces initiative to expand opportunities for female producers and engineers (анг.). Grammy.com. Праверана 27 верасьня 2024 г.