Адвечным шляхам
«Адве́чным шля́хам» — філязофскае эсэ, напісанае пад псэўданімам Ігнат Абдзіраловіч у 1921 годзе ў Вільні, у якой глыбока раскрыты драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненьне захаваць незалежнасьць свайго духу.
Зьяўленьне й гісторыя друку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1921 — упершыню быў выдадзены ў Вільні невялікім накладам, каля шасьцідзесяці год праляжаў у сховах спэцфондаў.
- 1937 г., 3 чэрвеня — Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», кнігу «Адвечным шляхам» 1921 году прадугледжвалася «спальваць»[1].
- У 1988 годзе — тэкст быў надрукаваны ў перакладзе на расейскую мову ў часопісе «Нёман» і ў газэце «Супольнасьць» (№№ 4—5, 1988)
- У 1989 годзе — другое выданьне ажыцьцявіла самвыдавецкая «Супольнасьць»[2]
- У 1990 годзе — поўны друк тэксту ў зборніку «Вобраз-90»
- У 1993 годзе — ў выдавецтве Акадэміі навук Беларусі «Навука і тэхніка» пабачыла сьвет чацьвёртае выданьне[3]
- У 2007 годзе — парахвія сьвятога Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы зрабіла пятае выданьне ў Львове з захаваньнем асаблівасьцяў арыгіналу[4]
- У 2021 годзе, адмыслова да 100-годзьдзя выданьня, эсэ было перавыдадзенае ў сэрыі Gradus выдавецтва «Зьміцер Колас» з захаваньнем асаблівасьцяў арыгіналу. У кнізе таксама зьмяшчаюцца ўсе вядомыя на сёньня вершы Ігната Канчэўскага.
Перадумовы ўзьнікненьня тэксту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Варта адзначыць і тое, што час зьмены парадыгмы ў эўрапейскім мысленьні на пачатку 20 стагодзьдзя супаў з палітычнымі й сацыяльнымі пераўтварэньнямі ў Беларусі, дзе ў гэты пэрыяд адбываецца фармаваньне ўласнае ідэнтычнасьці, праяўлянае ў культуры Адраджэньнем, а ў палітыцы — імкненьнем да пабудовы незалежнай дзяржавы.
Дух часу, пазначанага «пераацэнкай каштоўнасьцяў» (тэрмін Ніцшэ) і адмаўленьнем клясычных падыходаў у мысленьні, ня мог не паўплываць на беларускіх філёзафаў, у тым ліку й на Ігната Абдзіраловіча.
Гэта часы вялікай інтэлектуальнай і сацыяльнай актыўнасьці. На тле палітычных пераваротаў (рэвалюцыі 1905 і 1917 гадоў), Першай сусьветнай і грамадзянскіх войнаў на Беларусі ўтвараюцца пэўныя інтэлектуальныя колы, адбываецца развіцьцё літаратуры, навукі й мастацтва. У 1918 годзе група беларускіх інтэлектуалаў на чале з Антонам Луцкевічам утварае Беларускую Народную Рэспубліку, якая, праўда, прайснавала нядоўга й не была прызнаная ні нямецкім, ні расейскім урадамі. Але гэтая падзея паўплывала на далейшае вырашэньне пытаньня беларускай дзяржаўнасьці, і ў 1919 годзе была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка[5].
Жанр і структура тэксту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэкст Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» ёсьць мастацкім подле сваёй формы (мэтафарычнасьць, значная колькасьць эмацыйна-афарбаванай лексыкі, апавядальная інтанацыя) і філёзафічным подле зьместу, што дазваляе вызначыць яго, з прыналежнасьці да жанру, як філёзафічнае эсэ[5].
Але, не зважаючы на мастацкасьць і вобразнасьць, тэкст мае досыць выразную структуру і складаецца з:
- Назвы — Адвечным шляхам
- Падзагалоўка — Дасьледзіны беларускага сьветагляду
- Эпіграфа прысьвячэньня — акрэсьліваецца час узнікненьня тэксту і ягоны кантэкст, а менавіта час пераацэнкі каштоўнасьцяў
- Сьціслы ўступ
- Частка першая — Беларусь паміж Захадам і Ўсходам — прысьвечаны беларускай ідэнтычнасьці ў сістэме Захад — Усход. Прычым, Беларусь падаецца як граніца паміж Усходам і Захадам. Аўтар разглядае гісторыю ваганьняў беларусаў паміж Усходам і Захадам і дае выразныя характарыстыкі абодвух. Мэтай раздзелу было акрэсліць тагачасную беларускую сітуацыю і сфармуляваць прычыны размытасьці беларускай ідэнтычнасьці
- Частка другая — Форма як механізм падпарадкаваньня — прысьвечаны аналізу формы, якая выступае як сродак падпарадкаваньня беларускай культуры. Гісторыя Эўропы таксама бачна Абдзіраловічу як гісторыя ўсталяваньня тых ці іншых форм жыцьця й іх заняпаду. Ён разважае над прычынамі трываласьці мёртвых, неадпаведных жыцьцёвым патрэбам, форм і прапануе сваю ідэю ліючайся формы
- Частка трэцьцяя — Творчасьць — аўтар назірае творчасьць, як касьмічную сілу і як жыцьцёвую падставу, а таксама акрэсьлівае патрэбу сацыяльнай творчасьці. Абдзіраловіч аналізуе сучасныя яму палітычныя рухі ў кантэксьце прынцыпу сацыяльнай творчасьці й робіць выснову пра неадпаведнасьць іх гэтаму прынцыпу
- Частка чацьвертая — паўстае як абагульненьне, у якім аўтар сьцвярджае неадменнасьць пошуку непрымусовых формаў жыцьця дзеля зьдзяйсьненьня ідэалу сацыяльнай творчасьці й вырашэньня праблемы беларускай ідэнтычнасьці.
На пачатку кожнай з частак зьмешчаны асноўныя тэзісы.
Праблематыка твору
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абдзіраловіч сьцьвярджаў, што
ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу | ||
. Прычым, на яго думку, беларускі народ не стварыў выразнай культуры з-за таго, што ў яго гісторыі была
вялікая трагедыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапейскім народам: Беларусь ад 10 веку і да гэтай пары фактычна зьяўляецца полем змаганьня двух кірункаў эўрапейскай, пэўна, — арыйскай, культуры — усходняга і заходняга… | ||
.[6]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Сяргей Дубавец. Прадмова // Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. ISBN 5-343-01308-2
- ^ Internet-вэрсія кнігі: 4-е выданьне: Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Зьмест// Беларуская Палічка. Дата доступу: 19 сакавіка 2010
- ^ Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам(недаступная спасылка). — Львоў: Парахвія сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, 2007. 21 с.
- ^ а б Тацьцяна Сьлінка. Праблема Беларускай ідэнтычнасьці ў тэксьце Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам»(недаступная спасылка)
- ^ Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі