Прывілей 1432 году
Прывілей 1432 году (Гарадзенскі прывілей) — адзін з заканадаўчых актаў Вялікага Княства Літоўскага, выдадзены 15 кастрычніка 1432 году ад імя караля польскага і вярхоўнага князя літоўскага Ягайлы, рэгуляваў пераважна пытаньні зямельнай палітыкі краіны. Апублікаваны ў рамках супрацьдзеяньня канфлікту ў ВКЛ 1432—1439 гг.
Палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэгулюючы перадусім пытаньні ўнутранай палітыкі краіны, скіраваныя на згашэньне канфлікту ўнутры краіны, надаваў фэўдалам ВКЛ праваслаўнага веравызнаньня права вольнага распараджэньня (з фармальным дазволам вялікакняскага ўрадніка) як вотчыннай, так і пажалаванай землямі, а таксама пашыраў іншыя льготы, атрыманыя каталіцкімі баярамі згодна з актам Гарадзельскай уніі (1413). Прыватныя ўладальнікі атрымлівалі таксама права далучэньня да гербавага брацтва з тымі баярамі, якія атрымалі гербы ў 1413 годзе, на што патрабавалася фармальная згода іх польскіх аднагербоўнікаў. Разам з тым, прыватныя землеўладальнікі атрымлівалі абавязак сплачваць дзякла[1][2]. Згодна зь меркаваньнем М. Доўнар-Запольскага, у дзеяньне прывілею былі ўключаныя ў тым ліку пажалаваньні г. зв. да волі і ласкі гаспадарскай (па-руску: до воли и ласки господарской)[3] (зямля, пажалаваная вялікім князем на нявызначаны тэрмін).
Выдадзены ад імя тагачаснага караля польскага і вярхоўнага князя літоўскага Ягайлы, аднак ня быў ім зацьверджаны, з прычыны чаго фармальнае чыннасьці ня меў[4]. Праз два гады дапоўнены прывілеем 1434 году, які фактычна пацьвярдзіў апублікаваныя ў прывілеі палажэньні[1][2]
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэкст прывілею мае прамыя ўказаньні на палітычныя перадумовы прыняцьця акту, а менавіта імкненьне да заспакаеньня варагуючых бакоў у міжфэўдальным і ўрадавым канфлікце 1432—1439 гг. Тэкст прывілею ўказвае на прыхільнікаў прэтэндэнта на вялікае княжаньне літоўскага Сьвідрыгайлы, у адрас якіх з мэтаю захаваньня дабрабыту краіны і прысягі Ягайлу і выдадзены прывілей[5][6]. Прывілей, аднак, фактычна не зьмяніў у лепшы бок становішча іншага прэтэндэнта на вялікакняскі сталец, Жыгімонта Кейстутавіча[6], які на той момант быў прызнаны Каралеўствам Польскім і падтрымліваўся баярамі і князямі захаду ды цэнтру ВКЛ. Прыкметныя зьмены ўнутрыпалітычнага становішча на карысьць Жыгімонта Кейстутавіча былі выкліканыя толькі па прыняцьці наступнага прывілею ў 1434 годзе, хоць імкненьне да ўраўнаньня правоў праваслаўных і каталіцкіх землеўладальнікаў было выкарыстана Сьвідрыгайлам як адна з нагодаў для працягу барацьбы за вялікакняскі пасад[7][8]. Іншым мажлівым фактарам прыняцьця прывілею магло стаць імкненьне зацікавіць фэўдалаў усходніх земляў ВКЛ пытаньнем дарэчнасьці Крэўскай уніі, якое было негалосна ўзьнятае баярамі заходніх і цэнтральных земляў ВКЛ[9].
Буйныя княскія землеўладальнікі ў часе канфлікту перайшлі пераважна на падтрымку Сьвідрыгайлы, што, меркавана, магло стаць фактарам распаўсюджваньня палажэньняў прывілеяў і на княскіх уладальнікаў, не згаданых у прывілеях 1413 і 1387 гг.[10], пагатоў, у часы Вітаўта адзначылася пэўнае выцясьненьне баярамі князёў зь вялікакняскага двара[11]. Зь іншага боку, княскія землеўладальнікі практычна ва ўсе часы існаваньня ВКЛ, у тым ліку і да выданьня прывілею 1387 г., карысталіся практычна поўным імунітэтам у межах сваёй зямельнай уласнасьці. Так, уладаньні княскіх галінаў краіны ня мелі патрэбы ў фармальным спраўджваньні зямельных зьдзелак на продаж, дараваньне ці завяшчаньне і, больш за тое, мелі права выдаваць права сваім слугам службы па ўласным жаданьні (кому похотят), маючы нават права суду і адміністрацыі ў межах уладаньнях[12]. Фактычна тыя ж правы, што гарантаваў прывілей 1432 году, атрымлівалі некаторыя рэгіёны, што захоўвалі нутранае самакіраваньне, але ў якіх пазьней гуртаваліся прыхільнікі Сьвідрыгайлы: так, адзін з ранейшых абласных прывілеяў Віцебскаму намесьніцтву захоўваў правы Гарадзенскага прывілею ў тым ліку для каталікоў, якія перайшлі ў праваслаўе, чым у сутнасьці рабіў прывілей 1432 году ў гэтым рэгіёне бессэнсоўным[13]. Апроч гэтага, права вольнага распараджэньня маёнткам і права ўдавы на дзель зямлі па сьмерці мужа закладзенае ў адным з прывілеяў Полацкаму намесьніцтву часоў Вітаўта[14].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 62. — 179 с.
- ^ а б Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 423. — 579 с.
- ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 69. — 179 с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 422. — 579 с.
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 172-173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ а б Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: 1901 Т. 1. — С. 70. — VIII,807.[1].CXII.II с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 418, 421, 428-429. — 579 с.
- ^ Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: 1901 Т. 1. — С. 67. — VIII,807.[1].CXII.II с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 416-417. — 579 с.
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 174. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 166. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 55-56. — 179 с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 414. — 579 с.
- ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 116. — 179 с.
|