Перайсьці да зьместу

Іржы Марван

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іржы Марван
Jiří Marvan
Дата нараджэньня 28 студзеня 1936(1936-01-28)[1][1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 красавіка 2016(2016-04-13)[1][1] (80 гадоў) або 22 красавіка 2016(2016-04-22)[3] (80 гадоў)
Месца вучобы Карлаў унівэрсытэт
Занятак навуковец, мовазнавец, прафэсар унівэрсытэту, паэт
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Унівэрсытэт імя Яна Эвангеліста Пуркіне
Сябра ў Аўстралійская акадэмія гуманітарных навук[d][4]
Навуковая ступень праф.

І́ржы Ма́рван (па-чэску: Jiří Marvan; 28 студзеня 1936 — 13 красавіка 2016[5]) — чэскі мовазнаўца, прафэсар славянскай і балцкай філялёгіі ўнівэрсытэтаў Аўстраліі, ЗША, Швэцыі.

Навучаўся ў расейскамоўнай гімназіі, пасьля яе паступіў на філязофскі факультэт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, дзе вывучаў чэскую і ўкраінскую мовы[6], а таксама спэцыялізаваўся ў балтыстыцы. Адначасна пад уплывам Богуслава Гаўранка заняўся вывучэньнем багемістыкі. Пасьля ўнівэрсытэту тры гады працаваў у Старачэскім аддзяленьні Інстытуту чэскай мовы (1960—1963). У 1965 року атрымаў званьне доктара філязофіі. У 1967—1968 пад кіраўніцтвам прафэсара Паўла Троста быў інтэрнам-асьпірантам філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту па балтыстыцы.

Яшчэ да пэрыяду нармалізацыі распачаў міжнародную дзейнасьць. У 1963—1965 роках працаваў замежным лектарам па багемістыцы Упсальскага ўнівэрсытэту[7], у 1965—1967 швэдзкім лектарам (багемістыка, славістыка і балтыстыка) ў Упсальскім і Стакгольмскім унівэрсытэтах.

У 1968 зьехаў з Чэхаславаччыны. У 1968—1969 быў запрошаным прафэсарам славістыкі і балтыстыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Портлэнду. У 1969—1972 роках — памочнік прафэсара расеістыкі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Дэвісе. У 1973—1992 працаваў прафэсарам расеістыкі і славістыкі Монаскага ўнівэрсытэту ў Мэльбурне (Аўстралія). У 1975—1976 быў запрошаным прафэсарам славістыкі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Санта-Барбары. У Монаскім унівэрсытэце кіраваў катэдрай расейскай мовы, а ў 1982 заснаваў катэдру славістыкі і стаў першым прафэсарам славістыкі ў паўднёвай паўкулі і дзейным сябрам Аўстралійскай акадэміі гуманітарных навук.

Вярнуўся з эміграцыі ў 1990-я рокі. У 1993—1998 працаваў дарадцам у Міністэрстве замежных справаў Чэскай рэспублікі, у 1994—1997 служыў амбасадарам Чэхіі ў Грэцыі[6]. Ад 1999 року да сьмерці займаўся навукова-пэдагагічнай працай ва ўнівэрсытэце імя Я. Э. Пуркіне ў Усьці-над-Лабам[7], у 2000—2001 — у Заходнечэскім унівэрсытэце у Пльзені; з 2001 року яшчэ й на філялягічным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту. У 2001 атрымаў званьне доктара філязофіі ва ўнівэрсытэце Палацкага ў Оламаўцы[6].

Аўтар тэарэтычных працаў галоўным чынам па славістыцы і балтыстыцы ў шырэйшым эўрапейскім кантэксьце. Папулярызаваў багемістыку, паляністыку, украіністыку, балтыстыку й іншыя філялягічныя дысцыпліны. Цікавіўся беларускай мовай і культурай, падрыхтаваў зборнік артыкулаў чэскіх і беларускіх аўтараў «Чэскае ўсьведамленьне Беларусі»[5].

За сваю навуковую дзейнасьць у 1991 року ўганараваны Залатым крыжам Польскай рэспублікі за заслугі ў разьвіцьці польскай мовы, а ў 1997 — ордэнам вялікага князя Гедыміна за ўнёсак у летувіскую мову[8].

  1. ^ а б в г Marvan, Jiří // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б Evidence zájmových osob StB
  3. ^ нарматыўны кантроль Бібліятэкі Кангрэсу (анг.)Library of Congress.
  4. ^ http://humanities.org.au/wp-content/uploads/2017/04/AAH-Obit-Marvan-2016.pdf
  5. ^ а б Памёр Іржы Марван — сябар беларусаў і беларускай культуры людзі. Радыё «Свабода» (15 красавіка 2016). Праверана 18 красавіка 2016 г.
  6. ^ а б в Prof. PhDr. Jiří Marvan, Ph.D. (чэс.). Občanské sdružení UNUECO. Праверана 18 красавіка 2016 г.
  7. ^ а б Jiří Marvan (чэс.) Databazeknih Праверана 18 красавіка 2016 г.
  8. ^ Prof. Jiří Marvan, významný český bohemista, slavista a baltista, oslaví životní jubileum (чэс.). Filozofická fakulta Univerzita Karlova v Praze (25 студзеня 2016). Праверана 18 красавіка 2016 г.
  • Algirdas Sabaliauskas Lietuvių kalbos tyrinėjimo istorija: 1980—2010 m., Vilnius: LKI, 2012, p. 564—565
  • Lietuvių kalbos enciklopedija, Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1999. Bonifacas Stundžia, Kalba turi sužmoginti pasaulį In: Gimtoji kalba. 1991, 1-2, p. 27-29.