Інтэрпол
Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі | |
па-ангельску: International Criminal Police Organization | |
Дзяржавы-ўдзельніцы | |
Абрэвіятура | МАКП |
---|---|
Дата ўтварэньня | 7 верасьня 1923 (101 год таму) |
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | Папярэджаньне злачынстваў |
Штаб-кватэра | г. Ліён, вобласьць Рона-Альпы, Францыя |
Сяброўства | 186 дзяржаваў, 4 калёніі Нідэрляндаў |
Афіцыйныя мовы | ангельская, арабская, гішпанская, француская |
Генэральны сакратар | Рональд Ноўбл |
Бюджэт | 47,6 млн эўра (2008) |
Сайт | www.interpol.int |
Колішняя назва | Міжнародная камісія крымінальнай паліцыі (да 13 чэрвеня 1956 г.) |
Міжнаро́дная арганіза́цыя крыміна́льнай палі́цыі (Інтэрпо́л ці Інтэрпа́л) — міжнародная арганізацыя, асноўнай задачай якой зьяўляецца аб’яднаньне намаганьняў нацыянальных праваахоўных органаў краінаў-удзельніцаў у галіне барацьбы з агульнакрымінальнай злачыннасьцю.
Інтэрпол не ажыцьцяўляе ніякіх умяшальніцтваў у дзейнасьць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага і расавага характару (артыкул 3 Статуту).
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сход. Склікаецца штогод. Складаецца з прадстаўнікоў урадаў. Простаю большасьцю галасоў ухваляе кірункі дзейнасьці ды выдаткі. Абірае Камітэт з свайго складу, генэральнага сакратара ды Камісію. Прымае новых чальцоў ды зьмяняе Статут 2/3 галасоў.
- Камітэт. Складаецца з абранага на 4 гады старшыні ды абраных на 3 гады 3-х намесьнікаў і 9 прадстаўнікоў. Назірае за выкананьнем Сакратарыятам пастановаў Сходу. Прызначае дарадцаў.
- Сакратарыят. Узначальваецца абраным на 5 год генэральным сакратаром. Выконвае пастановы Сходу й Камітэту. Падтрымлівае зносіны з урадамі й міжнароднымі арганізацыямі.
- Аддзелы. Прызначаюцца ўрадамі адпаведных краінаў. Вядуць міжсобку ды з Сакратарыятам зьвесткаабмен аб вышуку злачынцаў[1].
- Камісія. Зьбіраецца тройчы на год пры зачыненых дзьвярах. Складаецца з 5 асобаў, абраных на 3 гады: паліцыянта, апрацоўніка лічбавых зьвестак і 3-ох ахоўнікаў дадзеных. Зьбірае зьвесткі аб асобах для выдачы ўрадам-удзельнікам[2].
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У якасьці дзяржаваў-заснавальніцаў у Міжнароднай камісіі крымінальнай паліцыі напачатку бралі ўдзел Аўстрыя, Бэльгія, Вугоршчына, Грэцыя, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Італія, Кітай, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Францыя, Швайцарыя, Швэцыя, Эгіпет ды Югаславія. Колькасьць удзельнікаў паступова павялічвалася і ў кастрычніку 2008 году дасягнула 186 дзяржаваў. Да таго ж Нідэрлянды мелі дадатковых прадстаўнікоў ад 4 сваіх калёніяў — Аруба, Кюрасао, Нідэрляндзкія Антылы ды Сьвяты Марцін.
Урад Беларусі бярэ ўдзел у МАКП з 29 верасьня 1993 г. Урады ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама ёсьць удзельнікамі арганізацыі. Урад Польшчы — ад яе заснаваньня, Расеі — з 27 верасьня 1990 г., Летувы — з 4 лістапада 1991 г., Латвіі ды Ўкраіны — з 4 лістапада 1992 году[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міжнародную камісію крымінальнай паліцыі заснавалі 7 верасьня 1923 г. на міжнародным зьезьдзе ў Вене (Аўстрыя). У 1927 г. стварылі аддзелы ў дзяржавах-удзельніцах. У 1942 г. сядзібу камісіі перанесьлі ў Бэрлін (Нямеччына). У 1945 — у Сэн-Клу (павет Вярхоўі Сены, вобласьць Іль-дэ-Франс, Францыя), з 1989 г. у Ліёне. У 1982 г. для збору й выдачы зьвестак аб асобах заснавалі Камісію.
Генэральныя сакратары:
- Оскар Дрэсьлер (1923-1946)
- Луі Дзюклу (1946-1951)
- Марсэль Сіко (1951-1963)
- Жан Непот (1963-1978)
- Андрэ Босар (1978-1985)
- Рэйманд Кендал (1985-2000)
- Рональд Ноўбл (з 2000-га).
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да сьнежня 2013 году Нацыянальнае бюро МАКП у Беларусі высьветліла месцазнаходжаньне звыш 1000 злачынцаў, у тым ліку больш за ўсё ў Аўстраліі, Тайляндзе і Лібане. Пры гэтым абмяняліся дакумэнтамі з праваахоўнікамі ў 106 са 190 дзяржаваў-удзельніц МАКП[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Статут (анг.). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (15 лютага 2010). Праверана 19 студзеня 2012 г.
- ^ Правілы кіраваньня зьвесткамі ды доступу да дадзеных (анг.). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі (15 лютага 2010). Праверана 19 студзеня 2012 г.
- ^ Даты ўступленьня ўдзельнікаў (анг.). Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі. Праверана 19 студзеня 2012 г.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Бюро Інтэрпалу ў Беларусі — 20 гадоў // Зьвязда : газэта. — 10 сьнежня 2013. — № 232 (27597). — С. 7. — ISSN 1990-763x.