Перайсьці да зьместу

Сьвяты Марцін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвяты Марцін
Сьвяты
Нарадзіўся 316[1][2][3][…]
Памёр 8 лістапада 397[1][2][3][…]
Дзень памяці 11 лістапада[4]
Жан Фуке. Учынак сьвятога Марціна

Сьвяты Марцін, або Ма́ртын (па-лацінску: Martinus; каля 316—317 — 8 лістапада 397) — хрысьціянскі сьвятар, біскуп Туру (Францыя).

Дзень Сьвятога Марціна, які каталіцкі касьцёл сьвяткуе 11 лістапада, быў калісьці адным з самых прыкметных у каталіцкім календары (урачыстасьці ў ягоны гонар доўжыліся тры дні, з 10 па 12), а сам Марцін — адным з самых улюбёных сьвятых з агульнаэўрапейскім культам. У праваслаўнай традыцыі гэтага сьвятога называюць Марцінам Міласэрным і адзначаюць ягоную памяць 13 лютага.

Адзін з самых славутых сьвятых Рымскага касьцёлу, Марцін нарадзіўся каля 316—317 гадоў у рымскай правінцыі Панонія (сучасная Вугоршчына). Ягоны бацька быў легіянерам, які даслужыўся да пасады трыбуна і заставаўся перакананым прыхільнікам рымскага паганства. Таму сьвядома назваў сына ў гонар Марса — рымскага бога вайны. Калі пазьней бацьку перавялі служыць у італьянскую Павію, Марцін пазнаёміўся з тамтэйшымі хрысьціянамі і стаў катэхуменам, але да хросту не дайшло, бо тамтэйшы біскуп папросту баяўся хрысьціць дзесяцігадовага хлапчука, каб не наразіць на сябе гнеў уплывовага бацькі. Толькі больш як праз 10 гадоў здарыўся выпадак, які канчаткова вызначыў выбар Марціна, на той час ужо легіянэра. У 338 годзе, пад час побыту ў гарнізоне Ам’ена, ён у лютую зімовую сьцюжу спаткаў жабрака і аддаў яму палову свайго плашча. Уначы ён сасьніў Хрыста, апранутага ў ягоны плашч, які казаў анёлам: «Глядзіце, як мяне Марцін-катэхумен апрануў!» Вясной 339 году, на Вялікдзень, як было тады прынята, Марцін хрысьціўся.

Пасьля гэтага вялікай задачай для яго стаў клопат пра навяртаньне ўласных бацькоў, што яму ўдалося зрабіць неўзабаве пасьля сыходу з войска. Выканаўшы гэтую задачу, Марцін скіраваўся да сьвятога Гілярыя, біскупа Пуацье, і стаў яго вучнем, а пазьней — дыяканам. Праз нейкі час ён пасяліўся ў пустэльні на астраўку Галінарыя ў ваколіцах Генуі, дзе вёў выключна аскетычнае жыцьцё. Там да яго пачалі далучацца шматлікія вучні.

У 361 годзе пустэльнік Марцін заснаваў першы ў Галіі кляштар у Лігужэ, які стаў славутым абацтвам, што існуе да сёньняшняга дня. Аднак праз дзесяць гадоў пасьля гэтага жыцьцё манаха крута зьмянілася. Людзі выбралі яго біскупам Турскім, хоць ён не жадаў гэтага. Паводле жыцьцярысаў, Марціна запрасілі ў Тур для таго, каб памаліцца над адной хворай жанчынай, але нечакана абвясьцілі біскупам.

Дакумэнты пацьвярджаюць, што ў 371 годзе ён прыняў біскупскае пасьвячэньне. Стаўшы пастырам дыяцэзіі, Марцін працягваў весьці суровае манаскае жыцьцё, што выклікала незадаволенасьць іншых біскупаў у суседніх дыяцэзіях. У кляштарах, якія ён засноўваў, манаскае жыцьцё было спалучана з місіянэрскай працай, і Марцін сам зьдзейсніў нямала місіянэрскіх падарожжаў.

Ужо пры жыцьці біскупа Турскага пачалі лічыць «чалавекам Божым». Яго сучасьнік Сульпіцый Сэвер апісвае нямала цудаў, зьдзейсьненых па малітве Марціна, а таксама паведамляе, што дзякуючы яму шмат былых язычнікаў прыняло хрысьціянства. Паводле сьведчаньняў, руплівы місіянэр нястомна вёў духоўнае зьмаганьне з нячыстымі духамі, якія нападалі на яго тым часьцей, чым больш душ адкрывалася для збаўчай ласкі Хрыста.

У сваіх запісах Сульпіцый адзначае, што біскуп Турскі загадзя ведаў час сваёй сьмерці і прадказаў братам, што ўжо блізкі момант яго адыходу. Між тым у супольнасьці Касьцёлу ў Кандах узьнік канфлікт, і Марцін скіраваўся туды, каб вярнуць мір і згоду, хоць ведаў пра набліжэньне сваёй апошняй гадзіны. Пэўны час ён заставаўся ў гэтай мясцовасьці на зьліве рэк Люары і В’ены. Пасьпяхова вырашыўшы канфліктную сытуацыю, Марцін зьбіраўся вярнуцца ў Тур, але раптоўна пачаў траціць сілы.

Марцін Турскі памёр 8 лістапада 397 году ў заснаваным ім кляштары Мармуцье за 14 км ад Туру. З Кандаў яго цела па Люары было перапраўлена ў Тур, дзе 11 лістапада адбылося пахаваньне біскупу.

Практычна адразу пасьля яго сьмерці Марціна ўшаноўваць як сьвятога, і такім чынам Марцін стаў першым хрысьціянскім сьвятым на Захадзе, які памёр не пакутніцкай сьмерцю.

Пра яго вялікую папулярнасьць сьведчаць тысячы прысьвечаных яму сьвятынь і мясцовасьцяў, якія называюцца ў яго гонар. Для сярэднявечнай Францыі, а таксама для Нямеччыны Марцін стаў галоўным нацыянальным сьвятым. Каля 700 населеных пунктаў Францыі, а таксама больш за 3600 францускіх парафіяў носяць ягонае імя. Зь цягам часу ён быў абвешчаны сьвятым патронам Францыі.

Яго лічаць асаблівым заступнікам дзяцей, вершнікаў і кавалерыі, кавалёў, краўцоў, ткачоў, падарожных, вязьняў, жабракоў і жаўнераў. На абразах сьвяты Марцін прадстаўлены ў біскупскім адзеньні або ў вобразе жаўнера, які аддае палову плашча жабраку.

Біскуп турскі лічыўся таксама патронам млынароў. На ягоны дзень заканчвалася праца на вадзяных млынах, тым больш што замярзалі рэкі. Тым, хто наважваўся працаваць на сьвята, Марцін нібыта мог адпомсьціць — пераламаць пальцы або, прынамсі, млынавыя колы. У Ашмянскім павеце ў ХIХ ст. млынары адзначалі сьвята гарэлкай, на каменным млынавым коле.

Ушанаваньне на землях Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У Рэчы Паспалітай Марцін быў адным з самых папулярных сьвятых, якому было прысьвечана больш за 200 касьцёлаў (большая частка гэтых парафіяў, прынамсі ў Польшчы, захавалася да нашых дзён). Шмат стагодзьдзяў ягоны дзень быў абавязковым касьцёльным сьвятам. Найбольш гарлівыя каталікі ў Рэчы Паспалітай захоўвалі саракадзённы пост перад Божым Нараджэньнем, які пачынаўся адразу па Сьвятым Марціне, 12 лістапада, як аналяг Вялікага Посту перад Вялікднём.

Выява Сьвятога Марціна была гербам шмат якіх эўрапейскіх гарадоў, у тым ліку і Чавусаў — паводле прывілею Уладзіслава Вазы на Магдэбургскае права 1634 г.: «…таму месту нашаму Чаўсаўскаму герб прызначаем Сьв. Марціна на кані мячом узброенага»[5].

Сьвяты Марцін і гусі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Адкуль такая трывалая сувязь Марціна з гусямі? У 371 годзе памёр біскуп гальскага гораду Тур. Сьвятары і цывільныя вернікі прагнулі бачыць на турскай катэдры менавіта Марціна, але ён не хацеў пакідаць свой прыстанак. Тады яго прыхільнікі ўжылі падман. Адзін з паважаных грамадзянаў Тура папрасіў, каб Марцін, які славіўся цудоўнымі аздараўленьнямі, адведаў ягоную хворую жонку. Заманіўшы пустэльніка да сябе пад такім годным прэтэкстам, турскія мяшчане гвалтам зацягнулі яго ў катэдру і пакорна-настойліва ўпрасілі, каб прыняў годнасьць біскупа. Пасьля доўгіх намоваў ён урэшце пагадзіўся і 4 ліпеня 371 году быў высьвячаны на біскупа Тура.

Народная традыцыя сьцьвярджае, што Марцін спачатку здолеў уцячы ад сваіх надакучлівых прыхільнікаў і схавацца ў гусятніку, але колішнія выратавальнікі Рыму выдалі яго сваім гергетаньнем. Таму першым учынкам разгневанага Марціна на новай пасадзе быў нібыта загад засмажыць адну са «здрадніц». Паводле іншай легенды, гусі аднойчы перапынілі казаньне Марціна, чым і наразілі ягоны гнеў. Афіцыйная каталіцкая агіяграфія на гэты конт маўчыць — сапраўды, такі імпульсіўны ды помсьлівы ўчынак дрэнна стасуецца з хрысьціянскімі разважнасьцю ды стрыманасьцю. Хутчэй за ўсё, гэтая легенда паўстала значна пазьней за рэальныя падзеі, праз шмат гадоў па сьмерці сьвятога. Але ж на чымсьці такое трывалае атаясамліваньне Марціна з гусямі мусіць грунтавацца? Мо справа ў тым, што гусі лічыліся ў рымлянаў сьвятымі птушкамі Марса, у гонар якога і быў названы будучы сьвяты? На біскупскай пасадзе Марцін праявіў сябе бескампрамісным змагаром з паганствам, руйнуючы капішчы паганскіх багоў і ўсяляк выкараняючы старыя вераваньні. Ці не сымбалізуе прыпісаная яму нянавісьць да гусей сьвядомае ды пасьлядоўнае адрачэньне ад рымскага паганства, ад традыцыі, у якой намагаліся яго выхаваць бацькі — якіх Марціну, дарэчы, незадоўга да іх сьмерці ўдалося схіліць да хросту?

Беларускія прыказкі зьвязаныя са сьвятым Марцінам

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Марцін сьвяты — губіцель гагаты[6].
  • З Марцінавага дня пачынаецца зіма
  • Марцінова гусь па вадзе — Божае Нараджэньне на лядзе (калі на Марціна рэкі яшчэ не замерзьлі, на Божае Нараджэньне трэба чакаць моцных маразоў).
  • Цікавы, як Марцін да кавы.

Вядомы нават дзіцячы вершык [7]

Кавалю Марціну,
Падкуй ты мне сьвіньню,
Бо зіма падходзіць,
Сьвіньня боса ходзіць
Кавалю Марціну,
Падкуй ты мне кота,
А калі не ўмееш —
Прывяжы да плота.

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. 1 2 Saint Martin of Tours // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. 1 2 Martin von Tours // Brockhaus Enzyklopädie (ням.)F.A. Brockhaus, 1796.
  3. 1 2 Schäfer J. Martin von Tours // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.
  4. Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typicaCivitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 31.
  5. Сьвяты Марцін (з гісторыі ўзьнікненьня старога гярба Чавус)], chausy.by 5.01.2011
  6. Даследчая работа «Уласныя імёны ў прыказках і прымаўках»(недаступная спасылка)
  7. Дзіцячы альбом (ч.1)
  • Sulpicii Severi libri qui supersunt, разьдзел «Vita Sancti Martini Episcopi et Confessoris», Carolus Halm, 1866, Вен. Hoelder-Pichler-Tempsky, ст. 107—137, сэрыя Corpus Scriptorum Ecclesiasticorum Latinorum, ч.1, Арыгінальны тэкст напісаны Сульпіцыям Сэверам.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сьвяты Марцінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў