Інтымная лірыка
Інты́мная лі́рыка — сукупнасьць лірычных твораў пра каханьне. Адным з самых старажытных і знакамітых майстроў інтымнай лірыкі была старажытнагрэцкая паэтка Сапфо (канец VII — першая палова VI ст. да н. э.). Значны ўклад у разьвіцьцё сусьветнай інтымнай лірыкі ўнесьлі Авідыюс, Пэтрарка, Шэксьпір, А. Пушкін, А. Міцкевіч, Р. Гамзатаў і інш. Паэзія выпрацавала нямала жанраў і жанравых разнавіднасьцей інтымнай лірыкі: альбы, баркаролы, сэрэнады, эпіталамы, рамансы.
Беларуская інтымная лірыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускім фальклёры існуе асобны вялікі і багаты жанр песень пра каханьне. На іх аснове і з выкарыстаньнем сусьветнага паэтычнага вопыту беларускія паэты XVII—XVIII стст. напісалі нямала вершаў, што ўзбагацілі тагачасную інтымную лірыку. У новай беларускай літаратуры, што нараджалася і разьвівалася ў XIX ст. амаль што ў кансьпіратыўных умовах, было не да інтымнай лірыкі — у ёй выразна пераважалі грамадзянскія матывы. І толькі ХХ ст. прынесла сапраўдны росквіт інтымнай лірыцы. Выдатныя ўзоры яе ёсьць у Я. Купалы, М. Багдановіча, А. Куляшова, М. Танка, П. Броўкі, Е. Лось, Я. Янішчыц, і інш. Часам выходзяць зборнікі, цалкам складзеныя з твораў інтымнай лірыкі («Ave Maria» М. Танка, «Ты — мая пчолка» П. Броўкі і інш.). Лепшыя творы народнай беларускай інтымнай лірыкі ўвайшлі ў грунтоўнае выданьне «Песьні пра каханьне» (1978), творы паэзіі пісьмовай — у анталёгію «Зорка Вэнэра» (1972).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |