Перайсьці да зьместу

Выгнаньне габрэяў з Гішпаніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Копія Альгамбраўскага дэкрэту з подпісамі.

Выгнаньне габрэяў з Гішпаніі — выгнаньне габрэяў з тэрыторыі Гішпаніі, Сардыніі і Сыцыліі, якое было ініцыявана дэкрэтам уладароў Гішпаніі Фэрдынандам II Арагонскім і Ізабэлай Каталіцкай, які быў прыняты 31 сакавіка 1492 году[1] ў Альгамбры. Альгамбраўскі дэкрэт (гішп. Decreto de la Alhambra), таксама вядомы пад назвай Гранадзкі эдыкт або Эдыкт аб выгнаньні, прадпісваў усім габрэям Гішпаніі ў трохмесячны тэрмін або перайсьці ў хрысьціянства, або пакінуць краіну; знаходжаньне габрэяў на тэрыторыі краіны пасьля гэтага тэрміну аб’яўлялася незаконным. Габрэі беглі або ў Партугалію (дзе праз 30 гадоў гісторыя паўтарылася), а адтуль — на поўнач Эўропы, або ў Італію, Асманскую імпэрыю, краіны Паўночнай Афрыкі. Для габрэяў выгнаньне апынулася нацыянальнай катастрофай.

Фармальна эдыкт тычыўся ўсіх пасьлядоўнікаў юдаізму, незалежна ад іх этнічнай прыналежнасьці. Сэнс указу палягаў у тым, каб пакінуць габрэяў без абароны закону, што рабіла іх безбароннымі перад злачыннасьцю, яны былі пазбаўленыя права на законны суд. У такіх умовах відавочна не была магчымая ніякая камэрцыйная і фінансавая дзейнасьць, якая давала гішпанскім габрэям асноўны прыбытак. Для вяртаньня пад абарону закону было дастаткова ахрасьціцца, але большая частка вырашыла захаваць веру і эмігравала з Гішпаніі.

Эдыкт быў юрыдычна скасаваны 16 сьнежня 1968 году, пасьля Другога Ватыканскага сабору[2]. На сёняшні дзён у Гішпаніі пражывае каля 50 000 габрэяў[3].