Перайсьці да зьместу

Янка Хвораст

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Іван Хвораст»)
Янка Хвораст
Імя пры нараджэньні Іва́н Ма́ркавіч Хво́раст
Род дзейнасьці Балетмайстар
Дата нараджэньня 24 лютага 1902
Месца нараджэньня вёска Кацёлкі, Міхайлаўская воласьць, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 1 ліпеня 1983
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Грамадзянства СССР
Месца вучобы
Занятак танцоўшчык, балетмайстар
Месца працы
Сябра ў Беларускі студэнцкі саюз і Таварыства прыяцеляў беларусаведы
Бацька Марк Хвораст
Маці Захвея Васільеўна
Узнагароды Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР

Я́нка Хво́раст (24 лютага [ст. ст. 11 лютага] 1902, в. Кацёлкі, цяпер Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 1 ліпеня 1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфічнага фальклёру. Заслужаны працаўнік культуры Беларусі (1977). Стрыечны брат Рыгора Шырмы.

Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні (Расейская імпэрыя). Ягоная маці, Захвея Васільеўна, паспрыяла росту таленту Рыгора Шырмы, які пачаў запісваць народныя песьні менавіта ад сваёй цёткі па бацьку.

Навучаўся сьпярша ў польскай гімназіі, з 1926 — у Віленскай беларускай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у гуртках, тэатральных пастаноўках, сьпяваў у хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы і распачаў творчую дзейнасьць як саліст танцавальнай групы хору славянскай песьні (1928). У 1929 паступіў на філялягічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, дзе быў адным з кіраўнікоў музычна-драматычнай сэкцыі Беларускага студэнцкага саюзу[1], браў актыўны ўдзел у дзейнасьці Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага майстэрства. У 1935 року, атрымаўшы дыплём магістра філязофіі, цягам трох рокаў ня мог уладкавацца на працу праз сваё беларускае паходжаньне, праваслаўнае веравызнаньне і спачуваньне адраджэнцкаму руху[2]. Толькі ў 1938 уладкаваўся на працу настаўнікам польскай і лацінскай моваў, псыхалёгіі і лёгікі ў Вілейскай гімназіі імя Генрыка Сянкевіча.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР зьяўляўся кіраўніком і салістам харэаграфічнай групы Беларускага ансамблю песьні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы (1940-я—1951), зь якім гастраляваў па Ўрале, Сыбіры, Сярэдняе Азіі. У канцы сьнежня 1943 року калектыў вярнуўся ў Беларусь, выступаў на заводах, фабрыках, шпіталях, у партызанскіх атрадах і на перадавой. За час працы з танцавальнай групай да ейнага расфармаваньня ў 1951 Янка Хвораст распрацаваў і паставіў болей за 60 танцаў, танцавальных кампазыцыяў, мініятураў.

у 1953—1960 — саліст балету Беларускай філярмоніі, аб’ехаў з гастролямі шматлікія гарады Савецкага Саюзу. Акрамя таго, займаўся пастаноўкамі народных танцаў для калектыву.

У 1960—1978 пэўны час працаваў выкладчыкам у Менскай харэаграфічнай вучэльні, кансультантам рэспубліканскага Дому народнай творчасьці, аказваў дапамогу самадзейным харэаграфічным калектывам (сярод якіх смургонскі народны ансамбль песьні і танца імя Агінскага[3], наваградзкі народны ансамбль песьні і танца «Сьвіцязь», ваўкавыская «Маладосьць», дзятлаўскі «Лянок», лідзкая «Лідчанка» і інш.[2]).

З 1978 року на пэнсіі. Памёр у 1983.

Любоў да народных сьпеваў і танцаў яшчэ ў дзяцінстве пераняў ад сваёй маці Захвеі Васілеўны, якая была вядомай на ўсё вакольле сьпявачкай, глыбокай знаўцай народнае песьні.

Дзякуючы глыбокаму веданьню беларускага танцавальнага фальклёру, беражліваму стаўленьню да яго нацыянальна-спэцыфічных асаблівасьцяў зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё беларускага народна-сцэнічнага танцу. Стварыў сцэнічныя варыянты беларускіх танцаў «Таўкачыкі», «Мікіта», «Падушачка», «Козачка», кадрыляў «Котчынская», «Беларуская». Вялікая заслуга Івана Хвораста ў адраджэньні беларускіх карагодаў (танкоў) «Пойдзем, пойдзем лугам», «Дзявочы», «Лірычны», «Вішанька» і інш.

Запісаў і паставіў дзясяткі народных танцаў, якія часткова ўвайшлі ў зборнікі «Беларускія танцы» (1974, 1977), «Танцы Янкі Хвораста» (1991).

Яму належаць таксама харэаграфічныя кампазыцыі «Палянэз Агінскага» і «Сьвітанак над Сьвіцязьзю».

  1. ^ Мастыка А. (22 сакавіка 2011) 3.2. БСС пасля разгрому Грамады. Культурная і грамадская дзейнасць у зо-х гг. Беларускі студэнцкі саюз Віленскага ўнівэрсытэта Стэфана Баторыя (1919—1939). Старонка №1 горада Ліды і Лідзкага павету. Праверана 10 лютага 2012 г.
  2. ^ а б Аляксей Вайткун. (24 лютага 2012) Рукапісы не гараць. Янка Хвораст Культура. TUT.BYПраверана 26 лютага 2012 г.
  3. ^ Тацяна Команава. «Дзе расцеш душой» // Культура. — 5-11 верасьня 2009. — № 36 (904).
  4. ^ Туронак Ю. Аўтары і выдаўцы // Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: 2002. — С. 20. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»).
  5. ^ а б Запрос: a001="BY-SEK-119818" (рас.) Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 10 лютага 2012 г.
  6. ^ Запрос: a001="BY-CNB-a179056" Каталог ЦНБ НАН Беларусі. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба КоласаПраверана 10 лютага 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]