Ёзэф Міласлаў Гурбан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ёзэф Міласлаў Гурбан
Jozef Miloslav Hurban
Hurban cropped.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 сакавіка 1817
Сьцяг Славаччыны Бэцкаў
Памёр 21 лютага 1888
Сьцяг Славаччыны Глыбокае
Сужэнец Anna Jurkovičová-Hurbanová[d]
Дзеці Сьветазар Гурбан-Ваянскі[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, палітык, паэт, журналіст, празаік, філёзаф, парах
Гады творчасьці з 1835
Мова славацкая
Бюст Міласлава Гурбана ў Брэзавай пад Брадлам
Памятная дошка на месцы роднага дому

Ё́зэф Лю́давіт Мі́ласлаў Гу́рбан (па-славацку: Jozef Ľudovít Miloslav Hurban; псэўданімы Slavomil F. Kořennatý, Ľudovít Pavlovič, M. z Bohuslavíc, M. Selovský; 19 сакавіка 1817, Бэцкаў[1] — 21 лютага 1888, Глыбокае[2]) — першы старшыня Славацкай народнай рады, славацкі пісьменьнік, журналіст, палітык, эвангельскі пастар і выбітная постаць славацкага паўстаньня 1848—1849 рокаў. Сьпярша быў пасьлядоўнікам Яна Колара, пасьля Людавіта Штура. У ягоны гонар названая малая плянэта (3730) Гурбан.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёзэф нарадзіўся ў сям’і эвангельскага пастара Паўла Гурбана і Ганны Ворасавай[3], быў ахрышчаны пад імем Ёзэф Людавіт. Меў старэйшую сястру Тэрэзію Зузану[4]. Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькі, пасьля ў 1826—1830 роках навучаўся ў местачковай школе ў Трэнчыне, а ў 1830—1840 — у эвангельскім ліцэі ў Браціславе. Тут ён пазнаёміўся зь Людавітам Штурам, які абудзіў у ім патрыятычныя пачуцьці. У 1840 быў высьвячаны на сьвятара. Хацеў працягнуць навучаньне ў Нямеччыне, аднак зь фінансавых прычынаў мусіў пайсьці працаваць, каб аплаціць вучобу.

Па высьвячаньні быў лютэранскім каплянам у Брэзавай пад Брадлам, ад 1843 служыў пастырам у Глыбокім. У 1860 року скончыў навучаньне і атрымаў званьне доктара філязофіі і доктара тэалёгіі ганорыс каўза. Ад 1866 року па сьмерці Карала Кузманага пэўны час быў супэрінтэндантам славацкай эвангельскай патэнтальнай царквы.

Ажаніўся з Ганнаю Юрковічаваю, зь якой мелі 4 дачок і 5 сыноў (сярод якіх і пісьменьнік Сьветазар Гурбан-Ваянскі).

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да патрыятычнай, літаратурнай і культурна-арганізацыйнай дзейнасьці далучыўся ў 1835 року. Разам зь Людавітам Штурам стаў найактыўнейшым чальцом Чэска-славацкага таварыства, а неўзабаве і створанага Інстытуту чэхаславацкай мовы і літаратуры.

24 красавіка 1836 узяў удзел у сустрэчы штураўскай моладзі на Дзевіне, дзе ўзяў славянскае імя Міласлаў. У ліпені 1843 у ягонай парафіі ў Глыбокім адбылася сустрэча з Штурам і Годжаа, на якой па агульнай згодзе было вырашана прызнаць цэнтральнаславацкую гаворку асноваю славацкай літаратурнай мовы, якая б служыла ня толькі для абуджэньня народнага духу, але была таксама і спосабам асьветы, адукацыі і культуры для шырокіх слаёў народу. Дзякуючы гэтай сустрэчы ўжо другое выданьне альманаху «Нітра» ў 1844 року прадставіла новую літаратурную мову, хоць граматыка Штура выйшла толькі праз два гады.

У 1848—1849 роках Міласлаў Гурбан быў адным з галоўных дзеячоў Славацкага паўстаньня. 18 сакавіка 1848 у ягонай парафіі ў Глыбокім адбылася сустрэча славацкім народавольцаў. Так зьявілася ідэя мітынгаў з мэтаю выпрацаваць усенародную рэвалюцыйную праграму. 28 красавіка дзякуючы ягонай нястомнай працы ў Брэзавай пад Брадлам адбыўся вялікі народна-рэвалюцыйны мітынг, дзе была абвешчаная нацыянальная праграма Нітранскія вымогі. У траўні таго ж року на сходзе ў Ліптаўскім Мікулашы была прынятая ўсенародная праграма, г. зв. Вымогі славацкага народу, якія выцякалі зь першай Гурбанавай праграмы. Гурбан быў таксама старшынём першага славацкага палітычнага органу — Славацкай народнай рады.

Улады дзяржавы і Пэшту адрэагавалі вельмі востра. Быў выдадзены ордэр на арышт Гурбана, таму ён быў вымушаны зьехаць у чэскія землі. Тут ён таксама ўзяў актыўны ўдзел у праскім паўстаньні, а па ягоным здушэньні пераехаў са Штурам у Харватыю, пазьней у Сэрбію, дзе працягваў працаваць на падтрымку славацкага рэвалюцыйнага руху.

Па перамозе контрарэвалюцыі ў Аўстрыі ў часе нэаабсалютызму знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам і быў адсунуты ад палітычнага жыцьця. Тым ня меней, працягваў літаратурныя, моўныя і культурныя намаганьні штураўскага пакаленьня. Пасьля падзеньня Бахавага абсалютызму ў канцы 50-х рокаў XIX стагодзьдзя зноў стаў актыўна займацца палітыкай. У 1861 быў адным з аўтараў Мэмарандуму славацкага народу, дакумэнту, які прадугледжваў прававое разьвязаньне славацкага пытаньня ў канстытуцыйнай манархіі.

Пасьля правалу мэмарандуму пачаў займацца царкоўна-палітычнымі пытаньнямі і намагаўся ўкараненьня ў жыцьцё пратэстанцкага патэнту 1859 року. Па сьмерці Карала Кузманага (1866) быў пастаўлены супэрінтэндантам славацкай эвангельскай патэнтальнай царквы. Аднак і на гэтай пасадзе востра выступаў супраць прынцыпаў аўстра-вугорскага пагадненьня і вугорскага закону аб грамадзянстве 1868 року. За адзін артыкул на гэтую тэму быў увязьнены на 6 месяцаў і аштрафаваны на 239 залатых. У 1875 зноў быў увязьнены, цяпер на тры месяцы, за палітычны артыкул у «Царкоўных лістах». На знак пратэсту супраць закрыцьця славацкіх гімназіяў і Славацкае маціцы выдаў чарговы нумар альманаху «Нітра» (1876—1877) на чэскай мове, каб прадэманстраваць старажытнае адзінства чэхаславакаў і аднавіць агульную мову, аднак гэты ягоны крок назад не знайшоў падтрымкі ў ягоных найбліжэйшых паплечнікаў.

Памёр у Глыбокім. На ягонай магіле ў 1892 року быў паўстаўлены помнік на грошы з грамадзкіх ахвяраваньняў, аднак пасьля адкрыцьця помніку ўлады забаранілі наведваньне магілы нават ягонай жонцы і сынам.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статуя Гурбана ў Жыліне

У 1948 року невялікае мястэчка Стара Дзяла было перайменаванае на Гурбанава. Імя Міласлава Гурбана маюць вуліцы і плошчы ў розных славацкіх і чэскіх местах і вёсках. У Глыбокім знаходзіцца ягонае надмагільле і помнік аўтарства Душана Юркавіча, памятны дом (эвангельскі дом малітвы) і статуя. Помнік Гурбану стаіць і ў Новым Месцы над Вагам, у Бэцкаве і Брэзавай пад Брадлам — памятныя дошкі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ príslušná strana v krstnej matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov je vytrhnutá.
  2. ^ Záznam o úmrtí v matrike evanjelického cirkevného zboru Hlboké; druhé krstné meno je tu uvedené aspoň iniciálou.
  3. ^ Záznam o sobáši v matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov z júna 1813
  4. ^ Záznam o krste v matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov z marca 1814

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Beran, Z.: Jozef Miloslav Hurban. In: Slovník slovenských spisovateľov. Praha: Libri, 1999, s. 225—228.
  • Brtáň, R.: Postavy slovenskej literatúry. Bratislava: Slovenské pedagogické nakladateľstvo, 1971, s. 270—289.
  • Kusý, I. : Jozef Miloslav Hurban. Bratislava: Tatran, 1948.
  • Mrlian, O.: Jozef Miloslav Hurban. Bratislava: Osveta, 1959.
  • Noge, J.: Slová, ktoré pripravovali čin. In: J. M. Hurban: Dielo I. Bratislava: Tatran, 1983, s. 15 — 30.
  • Noge, J.: Umelec a literárny publicista Jozef Miloslav Hurban. In: Slovenská romantická próza. Bratislava: Slovenská akadémia vied, 1969, s. 301—363.
  • Winkler, Tomáš: Perom a mečom. Martin : Matica slovenská, 1997. Život zvoniaci činom. J. M. Hurban. Život a dielo v dokumentoch. Editor T. Winkler, Martin: Osveta, 1987.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]