Перайсьці да зьместу

Штураўцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Плошча Людавіта Штура і штураўскі помнік у Браціславе

Штураўцы (па-славацку: Štúrovci) — група выбітных постацяў славацкай культуры, якія прадстаўлялі галоўную плынь славацкага нацыянальнага руху сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Назва супольнасьці паходзіць ад прозьвішча ідэоляга славацкага нацыянальнага адраджэньня Людавіта Штура.

Штураўцы ўтварыліся ў 1830-х гадах са складу студэнтаў Браціслаўскага ліцэю, якія аб’ядналіся дзеля стварэньня «Чэхаславацкай супольнасьці». У духу мадэрновых эўрапейскіх палітычных ідэяў штураўцы адмяталі палітычную сыстэму Сьвятога саюзу з-за ўласьцівых яму рысаў фэўдалізму, абсалютызму, мадзярызацыі і прывілегіяў арыстакратыі.

Яны ўхвалялі прынцып канстытуцыяналізму, парлямэнтарызму і ідэю сувэрэнітэту славацкага народу. Штураўцы таксама кантактавалі зь іншымі радыкальна настроенымі студэнцкімі супольнасьцямі іншых славянскіх гарадоў. Надавалі асаблівую ўвагу народнай вуснай традыцыі і жыцьцю непрывілеяваных слаёў насельніцтва, да якіх яны скіроўвалі сваю літаратурную і грамадзкую дзейнасьць.