Усама бін Ладэн
Усама бін Ладэн | |
па-арабску: أسامة بن لادن | |
Кіраўнік Аль-Каіды | |
---|---|
1988 — 2 траўня 2011 | |
Наступнік: | Айман аль-Завахіры |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
10 сакавіка 1957 Эр-Рыяд, Саудаўская Арабія |
Памёр: |
2 траўня 2011 (54 гады) Абатабад, правінцыя Хайбэр-Пахтунхва, Пакістан |
Сужэнец: |
5 — Наджва Ганем Ум Хамза Ум Халід Ум Алі |
Дзеці: | 20 — Абдала, Амар, Саад, Усама, Мухамад Алі, Хамза |
Бацька: | Мухамад Авад бін Ладэн |
Маці: | Хаміда аль-Атаас |
Адукацыя: | Унівэрсытэт імя караля Абдэль Азіза (1979) |
Усама бін Мухамад бін Авад бін Ладэн (араб. أسامة بن محمد بن عوض بن لادن) — заснавальнік ісламскай тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда». 7 чэрвеня 1998 году Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША ўлучыла яго ў сьпіс 10 найбольш вышукваных зьбеглых злачынцаў. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША абвясьціў $25 млн узнагароды за зьвесткі, што прывялі б да яго злову. Яшчэ $2 млн вылучылі Міжнароднае аб’яднаньне авіяпілётаў і Аб’яднаньне паветранага транспарту Амэрыкі.
Нарадзіўся ў сям’і саудаўскага будаўнічага мільярдэра Мухамэда бін Ладэна ад ягонай 10-й жонкі. Быў 17-м з 52 яго дзяцей. У 1979 годзе скончыў факультэт эканомікі і мэнэджмэнту ўнівэрсытэту імя караля Абдэль Азіза ў Джыдзе (вобласьць Мэка). Пазьней заняўся будаўніцтвам ды браў удзел у мусульманскім супраціве савецкаму ўварваньню ў Аўганістан. У 1984 годзе сумесна з Абдулом Азамам заснаваў для падтрымкі паўстанцаў «Бюро паслуг» (Мактаб аль-Хідамат).
У 1989 годзе вярнуўся да сямейнага будаўнічага прадпрыемства ў Джыдзе, адкуль пачаў падтрымліваць апазыцыю ў Емэне ды самой Саудаўскай Арабіі. Пры гэтым выступіў супраць разьмяшчэньня амэрыканскага войска ў краіне пасьля ірацкага ўварваньня ў 1990 годзе ў Кувэйт. Калі ў выніку ў 1991 годзе ўрад выслаў яго з краіны, той перабраўся ў Судан, дзе праклаў па пустэльні 1200 кілямэтраў (1/4 агульнай працягласьці) дарогаў. Таксама заклаў у Хартуме найбуйнейшы ў Афрыцы фармацэўтычны завод і досьледны цэнтар пры ім. Адначасна займаўся гандлем нявольнікамі.
У 1993 годзе падтрымліваў самалійскіх паўстанцаў, што нападалі на міратворцаў ад Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. З 1995 году падтрымліваў чачэнскіх паўстанцаў ды дасылаў супольнікаў «Аль-Каіды» на Паўночны Каўказ. У 1996 годзе заклікаў мусульманаў забіваць амэрыканскіх вайскоўцаў у Саудаўскай Арабіі ды Самалі. Празь месяц пасьля высылкі ў траўні 1996-га з Судану перабраўся ў Аўганістан. У 1998 годзе заклікаў мусульманаў забіваць амэрыканскіх грамадзянаў. Падазраваўся ў падрыхтоўцы падрываў амэрыканскіх амбасадаў у Найробі (Кенія) і ў Дар-эс-Саламе (Танзанія) 7 жніўня 1998 году, у выніку якіх загінула 213 чалавек і каля 5000 было паранена. Таксама падазраваўся ў падрыхтоўцы захопу 4 пасажырскіх самалётаў ды іх накіраваньня на будынкі Сусьветнага гандлёвага цэнтру (Нью-Ёрк) і Пэнтагону 11 верасьня 2001 году, у выніку чаго загінула 2993 чалавекі, у тым ліку 19 згоншчыкаў. У 2004 годзе ў відэазвароце пацьвердзіў свой удзел у падрыхтоўцы нападу ў 2001 годзе[1]. З 2005 году хаваўся ў пакістанскім горадзе Абатабад (правінцыя Хайбэр-Пахтунхва)[2].
Забіты амэрыканскімі вайскоўцамі 2 траўня 2011 году ў Пакістане[3].
Меў 5 жонак. З 17 сыноў двое — Хамза і Саад — маюць дачыненьне да «Аль-Каіды».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сяргей Гезгала; Алесь Пілецкі (2 траўня 2011) Асама бен Ладэн забіты Сьвет. Наша Ніва. Праверана 3 жніўня 2011 г.
- ^ Белы дом скарэктаваў першапачатковыя заявы пра ліквідацыю «тэрарыста №1» // Зьвязда : газэта. — 5 траўня 2011. — № 82 (26946). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Як забівалі бін Лядэна. Падрабязнасьці Палітыка. Радыё «Свабода» (2 жніўня 2011). Праверана 3 жніўня 2011 г.