Перайсьці да зьместу

Тураўскае Эвангельле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тураўскае Эвангельле, XI ст.
пэргамэнт, рукапіс. 22,2×17,8 см
Бібліятэка Акадэміі навук Летувы, Вільня

Тураўскае ЭвангельлеТураўскія лісткі»[1]) — помнік старабеларускай пісьмова-кніжнай культуры, рукапіснае Эвангельле-апракос, створанае ў XI ст., тэкст напісаны кірыліцай. Захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Летувы. Тураўскае Эвангельле зьяўляецца адным са старажытнейшых помнікаў славянскага пісьменства.

Ад рукапісу захавалася ўсяго 10 аркушаў. Яны былі знойдзеныя ў Тураве ў 1865 годзе ў скрыні з-пад вугалю ўдзельнікамі арганізаванай Віленскай навучальнай акругай археаграфічнай экспэдыцыі — М. І. Сакаловым, звышштатным настаўнікам Віленская навучальнай акругі, и У. І. Гразновым, настаўнікам маляваньня Віленскай гімназіі[2]. Рукапіс трапіў у Віленскую публічную бібліятэку, дзе быў дасьледаваны і выдадзены. У 1868 годзе было выдадзенае храмалітаграфічнае выданьне Эвангельля, а ў 1869 годзе ў Вільні выйшла дасьледаваньне тэксту Тураўскага Эвангельля, падрыхтаванае Пятром Гільтэбрантам — «Тураўскае Эвангельле XI ст.: 1. Кароткія зьвесткі аб Тураўскім эвангельлі; 2. Старажытны тэкст з сучасным насупроць і з адзнакамі па Астраміраву Эвангельлі». У 1876 годзе Ізмаіл Сразьнеўскі выдаў яго ў Санкт-Пецярбургу.

Рукапіс напісаны ўставам на пэргамэнце каштанавым чарнілам. Выкарыстаныя аркушы памерам каля 22,2 см ў даўжыню і 17,8 см у шырыню, разьлінаваныя на 17-18 радкоў. У фрагмэнтах, якія захаваліся, маюцца адзінаццаць ініцыялаў зь літарамі «О», «Р» і «В», які размалёваныя сінім, зялёным і чырвоным колерамі[3]. На двух аркушах захаваліся два ўкладныя запісы пачатку XVI ст. (1508 і 1513 гадоў) на зямлі тураўскай Праабражэнскай царквы, датаваныя ёй князем Канстантын Астроскім[4]. Указаныя ўклады былі пацьверджаныя ў 1731 і ў 1790 гадох, аб чым на палях таксама былі зробленыя запісы.

  1. ^ Назва ўзьнікла з той нагоды, што ад рукапісу захавалася ўсяго 10 лісткоў
  2. ^ Шумейка М. Ф. Гісторыя беларускай археаграфіі / Археаграфія: курс лекцый. — Мінск: БДУ, 2005
  3. ^ Ляўшун Л. В. Тураўскае Эвангельле // «Ступені». 2005. № 2 (18)
  4. ^ Шчавінская Л. Л. Паўтысячагодзьдзе даравальнаму запісу князёў Астроскіх на Тураўскім Эвангельлі
  • Войлава, К. А. Стараславянская мова / Рэцэнзент: праф. Вендзіна Т. І.. — 1-е. — М.: Драфа, 2003. — С. 331—332. — 368 с.