Перайсьці да зьместу

Трыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трыр
ням. Trier
Порта Нігра (Чорная брама) — сымбаль Трыру
Порта Нігра (Чорная брама) — сымбаль Трыру
Герб Трыру Сьцяг Трыру
Першыя згадкі: 16 да н. э.
Краіна: Нямеччына
Зямля: Райнлянд-Пфальц
Бургамістар: Кляўс Ензэн
Плошча: 117,1 км²
Вышыня: 141 м н. у. м.
Насельніцтва (2011)
колькасьць: 105 675 чал.
шчыльнасьць: 902,43 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +49(0)651
Паштовыя індэксы: 54290—54296
Нумарны знак: TR
Геаграфічныя каардынаты: 49°47′0″ пн. ш. 6°40′0″ у. д. / 49.78333° пн. ш. 6.66667° у. д. / 49.78333; 6.66667Каардынаты: 49°47′0″ пн. ш. 6°40′0″ у. д. / 49.78333° пн. ш. 6.66667° у. д. / 49.78333; 6.66667
Трыр на мапе Нямеччыны
Трыр
Трыр
Трыр
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.trier.de

Трыр (па-нямецку: Trier, па-лацінску: Augusta Treverorum) — горад на паўднёвым захадзе Нямеччыны, на захадзе зямлі Райнлянд-Пфальц. Мае больш чым 2000-гадовую гісторыю і таму прэтэндуе на званьне найстарэйшага гораду Нямеччыны. Мае таксама мянушку «Паўночны Рым».

Базыліка Канстантына

Паводле легенды, якая аднак зьявілася толькі ў 1105 годзе, Трыр быў заснаваны сынам асырыйскага караля Нінуса Трыбэтам за трынаццаць стагодзьдзяў да заснаваньня Рыму, т. б. каля 2050 году да н. э. Археалягічныя раскопкі на тэрыторыі гораду пацьвярджаюць, што чалавек жыў тут яшчэ ў III тысячагодзьдзі да н. э., аднак гаворка аб высокаразьвітой гарадзкой культуры натуральна ж, не ідзе.

Паводле правераных гістарычных крыніцаў, Трыр быў заснаваны рымлянамі. Спачатку, у 30 годзе да н. э. яны разьбілі лягер[1], а найпазьней ў 16 годзе да н. э. заснавалі горад Аўгуста Трэвэрорум — «горад Аўгуста ў краіне трэвэраў». У другой палове III стагодзьдзя Трыр становіцца цэнтрам біскупства (першым яго біскупам быў Эўхарыюс). У 271—274 гадах н. э. Трыр — сталіца «альтэрнатыўнага» галя-рымсага імпэратара Тэтрыкуса, аднак ужо ў 275 годзе горад разбураны аляманамі. З 293 да 392 году Трэвэрыс (як цяпер называўся горад) становіцца адной з заходніх рэзыдэнцыяў імпэратараў. У час кіраваньня Канстантына Вялікага горад быў адбудаваны: у гэты час узьніклі Базыліка Канстантына і Імпэратарскія тэрмы. З 318 году Трыр становіцца галоўным горадам прэфэктуры Галія, аднак у 407 годзе, пасьля нападу на апошнюю вандалаў, алянаў і суэваў, цэнтар прэфэктуры быў перанесены ў Арль на поўдні сучаснай Францыі. На працягу ўсяго V стагодзьдзя на Трыр нападалі розныя плямёны (у т. л. гуны на чале з Атылам у 451 годзе), пакуль у 475 годзе горад канчаткова не перайшоў да франкаў.

Трырскі сабор

У 882 годзе Трыр быў зруйнаваны вікінгамі. У 925 годзе, пасьля падзелу Франскай імпэрыі, горад апынуўся ў складзе Ўсходнефранскага каралеўства. У 1212 годзе імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Ота IV выдаў гораду вольны прывілей, аднак у 1309 годзе трырцы вымушаны былі зноў прызнаць уладу арцыбіскупа. У 1473 годзе ў горадзе быў заснаваны ўнівэрсытэт (які быў зачынены Напалеонам у 1797 годзе).

У 1512 годзе ў Трыры меў месца райхстаг. Падчас Трыццацігадовае вайны, горад быў двойчы захоплены замежнікамі: гішпанцамі ў 1634 годзе й французамі — у 1645 годзе. У час вайны францускага караля Людовіка XIV зь Генэральнымі штатамі, трырскаму курфюрсту Карлу Каспару фон дэр Ляэн не ўдалося застацца нэўтральным, і ў 1673 годзе Трыр быў захоплены францускім войскам на чале з П’ерам графам дэ Віньёры. Апошні загадаў зьнішчыць у горадзе амаль усе кляштары і шэраг іншых важных будынкаў. У 1675 годзе трырцам удалося вызваліцца ад захопнікаў, аднак апошнія вярталіся ў горад яшчэ не аднойчы: у 1684, 1688, 1702—1704, 1705—1714 і 1794—1814. 6 студзеня 1814 году Трыр быў вызвалены прускімі войскамі, і па выніках Венскага кангрэсу быў замацаваны за Прусіяй.

Галоўны Рынкавы пляц (Hauptmarkt)

У 1876—1877 гадах былі зьнішчаныя значная частка гарадзкога муру і чатыры брамы. Па сканчэньні Першай сусьветнай вайны Трыр апынуўся на 12 гадоў (з 1918 да 1930 году) на тэрыторыі, кіруемай Францыяй. Напрыканцы Другой сусьветнай ваны, зь верасьня 1944 году, горад амаль штодзённа бамбаваўся амэрыканскай авіяцыяй, у выніку чаго 1600 дамоў былі цалкам зьнішчаны, іншыя былі пашкоджаныя. 2 сакавіка 1945 году Трыр быў заняты хаўрусьнікамі.

З 1946 году Трыр у складзе зямлі Райнлянд-Пфальц. З 1970 году Трыр зноў мае унівэрсытэт. З 24 да 27 траўня 1984 году горад афіцыйна адзначыў свой 2000-гадовы юбілей. У 1986 годзе Рымскія помнікі, Катэдральны сабор і царква Лібфраўэнкірхе былі ўключаныя ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. У кастрычніку 1988 году падчас рамонту ў адным з падземных гаражоў былі знойдзеныя рэшты рымскіх тэрмаў. У 1993 годзе быў знойдзены скарб з 2558 рымскіх залатых манэтаў.

23 сьнежня 1993 году, у час Навадненьня стагодзьдзя, Мозэль падняўся да рэкордных 11,28 м.

Дом Трох Каралёў
  • Трырскі сабор Сьвятога Пятра — найстарэйшы ў Нямеччыне (закладзены ў 310–я гады)
  • Царква Лібфраўэнкірхе (1227—1243)
  • Сярэднявечны пляц Галоўнага рынку з Чырвоным домам, царквой Санкт-Гангольф, Рынкавым крыжом, калодзежам Пэтэрсбрунэн, і адыходзячага ад пляцу Жыдоўскім завулкам (Юдэгасэ)
  • Бэнэдыктынскае абацтва Сьвятога Матыя
  • Жылыя вежы Франкентурм і Турм Ерузалем (Ерусалімская вежа)
  • Дом Трох Каралёў (1230)
  • Мозэльскія краны: Стары кран (1413) і барочны Мытны кран (1774)
  • Капліца Сьвятога крыжа ў раманскім стылі
Палац Курфюрстаў. Ззаду зьлева — Базыліка Канстантына
  • Царква Сьвятога Паўліна
  • Палац Курфюрстаў (XVII стагодзьдзе)
  • Барочны палац графа Кесэльштата
  • Дом, у якім нарадзіўся Карл Маркс і дом, дзе ён жыў
  • Францускае казіно
  • Старыя габрэйскія могілкі
  • Дам́ы ў стылі югэндстыль на Фляйшштрасэ, Нагельўтрасэ і Нойштрасэ
  • Аптэка Льва на Галоўным рынку — найстарэйшая ў Нямеччыне
  • Райнскі зямельны музэй
  • Біскупскі музэй Сабору і Дыяцэзіі
  • Гарадзкі музэй
  • Дом Карла Маркса
  • Музэй цацак
  • Скарбніца ў Гарадзкой бібліятэцы
Дом, у якім нарадзіўся Карл Маркс
  1. ^ Hartwig Löhr, Die älteste Besiedlung der Trierer Talweite von der Altsteinzeit bis zur Hallstattzeit. In: Rheinisches Landesmuseum Trier (Hrsg.): Trier - Augustusstadt der Treverer. 2. Auflage. Mainz 1984, S. 9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]