Перайсьці да зьместу

Раманскі стыль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Раманская архітэктура»)
Бамберскі сабор

Раманскі стыль — стыль сярэдневяковага эўрапейскага мастацтва 10—13 ст. Раманскі стыль склаўся пад уплывам фэадальна-рэлігійнай ідэалёгіі, увабраў у сябе элемэнты старажытна-рымскага і бізантыйскага мастацтваў; тэрмін узнік у 1820-я г. Вызначальная роля належала суровай, крэпаснога характару архітэктуры (замкі, манастырскія комплексы, цэрквы, гарадзкія дамы), якой уласьцівы сукупнасьць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасьцю апор і перакрыцьцяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У раньні пэрыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцьці, пазьней цыліндрычныя і, нарэшце, крыжовыя. Найбольш закончаны тып збудаваньняў раманскага стылю — манастырская царква (базыліка, крыжападобная ў плане ў Заходняй Эўропе, круглая ў пляне ратонда ў Цэнтральнай Эўропе). Збудаваньні вызначаліся манумэнтальнасьцю, масіўнасьцю канструкцый, аздабляліся абстрактна-геамэтрычным арнамэнтам і скульптурай на тымпанах парталаў, капітэлях апор. У скульптуры і фрэсках пераважалі дагматычнасьць, скаваны арнамэнтальна-плоскасны характар кампазыцыі, умоўная трактоўка фігураў у спалучэньні з павышанай экспрэсіяй. Яскравыя ўзоры архітэктуры раманскага стылю створаны ў Нямеччыне (сабор у Вормсе, 12—13 стагодзьдзі), Францыі (царква Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (царква Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]