Сілаба-танічнае вершаваньне
Сіла́ба-тані́чнае вершава́ньне — сыстэма вершаваньня, у аснове якой — раўнамернае чаргаваньне націскных і ненаціскных складоў. Ужываецца перш за ўсё ў мовах зь пераменным месцам націску (расейскай, украінскай, беларускай, ангельскай, нямецкай і інш.). Рытм сілаба-танічнага верша ствараецца таксама чаргаваньнем у вершаваных радках аднолькавай колькасьці складоў (як у сілабічным вершаваньні). Адсюль і назва гэтай сыстэмы. Ёсьць у ёй і шэраг іншых рытмастваральных кампанэнтаў (аднолькавая колькасьць адных і тых жа стопаў у радках, упарадкаванае чаргаваньне рыфмаў, кляўзулаў, розных паўзаў і інш.), па багацьці якіх сілаба-танічнае вершаваньне пераўзыходзіць усе іншыя сучасныя вершаваныя сыстэмы.
Сілаба-танічнае вершаваньне карыстаецца пяцьцю мэтрамі (ямбічным, харэічным, дактылічным, амфібрахічным і анапестычным) і вялікай колькасьцю вершаваных памераў.
Сілаба-танічнае вершаваньне ў беларускай літаратуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускім фальклёры першыя выпадкі ўжываньня сілаба-танічнага вершаваньня зафіксаваныя ў XVI ст. Сілаба-танічныя формы народнага верша найбольш пашырыліся ў XVIII—XIX стст., што (разам з уплывам рускай сілаба-тонікі) прывяло да ўзьнікненьня ў канцы XVIII ст. беларускай літаратурнай сілаба-тонікі. Пераход на сілаба-танічнае вершаваньне ў беларускай паэзіі адбываўся ў XIX ст. (А. Абуховіч, Ф. Багушэвіч). Выключную ролю ў гэтым адыграў Я. Лучына. Пануючай стала сыстэма з пачатку XX ст. дзякуючы творчасьці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Гаруна, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Сёньня сілаба-тоніка — асноўная сыстэма вершаваньня ва ўсёй усходнеславянскай, у тым ліку беларускай, вершатворчасьці.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |