Станіслаў Шабунеўскі
Станіслаў Шабунеўскі | |
Станіслаў Шабунеўскі (1937) | |
Род дзейнасьці | архітэктар |
---|---|
Дата нараджэньня | 2 сьнежня 1866 |
Месца нараджэньня | в. Скароднае, цяпер Ельскі раён, Гомельская вобласьць |
Дата сьмерці | пасьля 1937 |
Месца сьмерці | Беламорканал, ГУЛАГ |
Месца вучобы | |
Занятак | архітэктар |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Станісла́ў Дані́лавіч Шабуне́ўскі (2 сьнежня 1866/1868, с. Скароднае, цяпер Ельскі раён Гомельская вобласьць, Беларусь — пасьля 1937, Беламорканал, ГУЛАГ) — беларускі архітэктар, аўтар значнай часткі забудовы Гомелю пачатку XX ст.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька — Апалінары-Даніла Іванавіч Шабунеўскі, служыў паштальёнам, пазьней стаў памочнікам паштмайстара павятовай паштовай канторы г. Бабруйску, куды перавёз сваю сям’ю. Маці паходзіла са зьбяднелых дваранаў. У Бабруйску С. Шабунеўскі вучыўся ў чатырохкляснай прагімназіі, потым скончыў Слуцкую гімназію і паступіў у Пецярбурскі інстытут грамадзянскіх інжынэраў, на курс архітэктуры ў акадэміка З. Шрэтара. З 1897 году С. Шабунеўскі служыў у Гомелі на пасадзе гарадзкога архітэктара.[1]
У Гомелі калескі асэсар С. Д. Шабунеўскі ўваходзіў у склад гарадзкой управы, выбіраўся ў земства па польскай курыі. С. Шабунеўскі быў уладальнікам нерухомасьці ў розных частках Гомелю — завод пустацелых бэтонных камянёў («Бэтаніт») па вул. Быхаўскай; трохпавярховы мураваны дом на рагу Румянцаўскай і Аляксандраўскай вуліцаў (пабудаваны архітэктарам у 1909 г., на 1-м паверсе разьмяшчаліся лаўкі, аптэка і цырульня, на 2-м — прыватная мужчынская гімназія Ратнэра, на 3-м — кватэры); драўляны дом у гэтым жа двары (цяпер на гэтым месцы жылы дом з магазынам «Сонечны» на рагу Савецкай і Камсамольскай вуліцаў); мураваны флігель, які здаваўся ў наём, і 1-павярховы драўляны дом на выхадзе Шпітальнай вуліцы на Румянцаўскую (цяпер на гэтым месцы будынкі Гомельскага цырку), куплены С. Шабунеўскім у 1911 годзе, дзе ён пражываў зь сям’ёй.[1]
У першым шлюбе з Марыяй Гур’еўнай (1881 г.н.) ён меў сына Льва (1900 г.н.) і дачку Людмілу (1902 г.н.). У другім шлюбе, з Ксеніяй Аляксандраўнай Мельнікавай (1885—1939), меў дачку Алену (1913—1942, Масква).[1]
У першыя гады савецкай улады С. Д. Шабунеўскі працаваў у Гомельскім камунальным аддзеле на пасадзе інжынэра. Пасьля антысавецкага Стракапытаўскага паўстаньня ў Гомелі, у красавіку 1919 году прыцягнуты да адказнасьці за «сношения с мятежниками» і прыгавораны рэвалюцыйным трыбуналам да грамадзкага ганьбаваньня і пазбаўленьня права быць абраным у кіроўныя савецкія органы. У верасьні 1919 г. Шабунеўскі мабілізаваны ў Чырвоную Армію, служыў у ваенна-палявым будаўніцтве, начальнікам упраўленьня якога стаў у 1921 годзе. Пасьля дэмабілізацыі працаваў у Кадзіеўскім рудаўпраўленьні, а ў верасьні 1922 г. звольніўся і вярнуўся ў Гомель.[1]
С. Д. Шабунеўскі працаваў інжынэрам у Гомельскай будаўнічай арганізацыі «Палесбуд». У студзені 1923 г. быў прызначаны інспэктарам па будаўніцтве Гомельскага губэрнскага Савету народнай гаспадаркі. 1 траўня 1924 г. прызначаны губэрнскім, а ў 1927 г., пасьля адміністрацыйнага пераўтварэньня — акружным інжынэрам. З кастрычніка 1929 г. С. Шабунеўскі працаваў начальнікам упраўленьня будаўнічага кантролю, а з 1 студзеня па 21 лютага 1931 г. — пры Гомельскім гарсавеце.[1]
21 лютага 1931 г. С. Д. Шабанеўскі першы раз арыштаваны, але праз пэўны час вызвалены. Другі раз арыштаваны ў 1937 г., Пастановай пазасудовага органу С. Д. Шабунеўскі асуджаны і зьняволены ў папраўча-працоўны лягер на 10 гадоў (Мядзьведжая Гара, Беламорканал), адкуль не вярнуўся. С. Д. Шабунеўскі рэабілітаваны 20 кастрычніка 1989 г. Пракуратурай БССР, паводле Ўказу Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 16 студзеня 1989 г. «Аб дадатковых мерах па ўстанаўленьні справядлівасьці ў адносінах да ахвяраў рэпрэсіяў, якія мелі месца ў пэрыяд 1930-40 і пачатку 50-х гадоў».[1]
Творчая спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творчую спадчыну С. Д. Шабунеўскага складаюць розныя архітэктурныя праекты, кіраўніцтва аднаўленчымі работамі, інспэктаваньне будаўніцтва многіх аб’ектаў у Гомелі і навакольных населеных пунктах.[1]
Першы будынак, выкананы паводле ягонага праекту ў 1898 г. — Гомельская мужчынская гімназія. Гэта двухпавярховы мураваны будынак у нэаклясычным стылі, які займаў амаль цэлы квартал на рагу Магілёўскай (Кірава) і Гімназічнай (цяпер частка Чырвонаармейскай) вуліцаў. Бронзавая закладная дошка на пачатак работ па ўзьвядзеньні гімназіі захоўваецца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музэі. Будынак адной са старэйшых навучальных установаў гораду захаваўся да нашага часу ў зьмененым выглядзе (прыбраны купал над гімназічнай Аляксандраўскай царквой, пасьля Вялікай Айчыннай вайны надбудаваны 3-ці паверх). Цяпер там — адзін з карпусоў Гомельскага ўнівэрсытэту транспарту.[1]
Матывы клясыцызму выкарыстаныя С. Д. Шабунеўскім у будаўніцтве банкаўскіх установаў, што вылучаліся сваёй значнасьцю і манумэнтальнасьцю. Да ліку такіх можна аднесьці Арлоўскі камэрцыйны банк на рагу Румянцаўскай і Ірынінскай вуліцаў, які быў узьведзены ў 1901 годзе. Пасьля Вялікай Айчыннай вайны да яго надбудавалі 3-ці паверх і цяпер гэта адміністрацыйны будынак на рагу Савецкай і Першамайскай вуліцаў.[1]
Аддзяленьне Віленскага камэрцыйнага банку разьмясьцілася на 2-м і 3-м паверхах дому, што быў пабудаваны паводле праекту архітэктара ў 1910—1912 гг. на рагу Румянцаўскай і Траецкай вуліцаў. Ён належаў гомельскаму купцу І. В. Дамброўскаму, які ў свой час выбіраўся гарадзкім галавою. На першым паверсе дома знаходзіліся крамы і аптэка. У цяперашні час у будынку на рагу Савецкай і Сялянскай вуліцаў — адміністрацыйныя службы Гомелю і Гомельскай вобласьці. Вонкава розныя, гэтыя банкі мелі шмат агульных рысаў. Зрэзаныя вуглавыя часткі абодвух будынкаў, якія выходзілі на перакрыжаваньне вуліцаў, флянкаваліся портыкамі з калёнамі, завяршаліся купаламі. Тут былі парадныя ўваходы. Руставаныя фасады багата дэкараваліся з выкарыстаньнем элемэнтаў клясыцызму і мадэрну. Гэта тыповыя ўзоры так званага «мадэрн-клясыцызму».[1]
Матывы мадэрну асабліва ярка выявіліся ў жылых дамох, якія былі выкананыя паводле праектаў С. Д. Шабунеўскага ў пачатку XX ст. У жанры маёнтка з дэкорам мадэрну ў 1903 г. быў пабудаваны дом для гомельскага доктара Навума Ільіча Аляксандрава на вуліцы Ірынінскай (цяпер Дом грамадзянскіх абрадаў на вул. Ірынінскай). У гэтым жа стылі выкананы двухпавярховы жылы дом на рагу вуліцаў Баярскай і Мільённай, ён будаваўся як даходны дом купца К. П. Грошыкава ў 1909 годзе. У цяперашні час тут, на рагу вуліцаў Баўмана і Білецкага, па-ранейшаму жылыя кватэры. Прыблізна ў гэты ж пэрыяд на ўласным участку (вугал Румянцаўскай і Аляксандраўскай вуліцаў) С. Шабунеўскі пабудаваў трохпавярховы мураваны дом (не захаваўся) з аблегчаным апошнім паверхам і атыкам. Мудрагелістае спалучэньне простых і акруглых лініяў, арачнае афармленьне дзьвярных і аконных праёмаў, малюнак ляпных дэталяў, пазычаныя ў ампіру дэкаратыўныя элемэнты — усё гэта дазваляе аднесьці будынак да архітэктуры мадэрну.[1]
У пэрыяд Першай сусьветнай вайны С. Шабунеўскім, пры фінансавым удзеле княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч, былі пабудаваныя земская бальніца і гінэкалягічная бальніца з радзільным домам на вул. Князя Паскевіча. Выкананыя ў стылі мадэрн з клясычнымі матывамі, бальнічныя карпусы ўдала ўпісаліся ў прыбярэжны ляндшафт і цудоўна гармануюць з панарамай палацава-паркавага ансамблю з боку Сажа. Прасторныя памяшканьні для хворых дэкараваліся стрымана і ўтульна. Гэтыя будынкі і сёньня выкарыстоўваюцца як лячэбныя ўстановы (корпус бальніцы хуткай дапамогі і вайсковы шпіталь на вул. Камісарава).[1]
Па заказе купца Шановіча на рагу Румянцаўскай і Мясьніцкай вуліцаў С. Д. Шабунеўскі ў 1912 годзе спраектаваў камфартабэльны гатэль «Савой». Пры ім была цырульня, сынэматограф, мноства крамаў на 1-м паверсе. Збудаваньне дэкараванае ў стылі мадэрн, але ў сымэтрычнай прапарцыянальнасьці канструкцыяў, геамэтрычнасьці лініяў відавочны кірунак ад архітэктуры мадэрну да канструктывізму. У парэвалюцыйны час тут месьціўся Выканаўчы камітэт Гомельскага Савету, а ў пэрыяд Стракапытаўскага паўстаньня ў 1919 г. — штаб абароны Гомельскага рэвалюцыйнага камітэту. Будынак быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на яго месцы цяпер — «Дом гандлю» (рог вуліцаў Савецкай і Камунараў).[1]
Канструяваньне формы будынка адпаведна яго функцыянальнаму прызначэньню ўласьцівае цэхаваму корпусу хлебазаводу, які захаваўся на пр. Леніна, ён быў пабудаваны С. Д. Шабунеўскім у 1929 годзе.[1]
У гэты ж пэрыяд паводле праектаў С. Шабунеўскага будаваліся і жылыя дамы ў стылі канструктывізму. Адным зь першых шматпавярховых будынкаў у Гомелі быў дом па вул. Пушкіна, 26, які меў кватэры сэкцыйнага тыпу (1927). Гэты будынак са зрэзанымі вугламі фасадаў атрымаў у гамельчукоў назву «круглы шэры дом». У тынк вонкавых сьцен тут было дададзенае бітае шкло. Іскрыстыя адценьні, якія яно ўтварае, па задуме праектантаў, мусілі неяк аблягчыць выгляд гэтага шэрага маналіту.[1]
Самай высокай пабудовай даваеннага гораду стаў шасьціпавярховы жылы дом для рабочых паравоза-вагонарамонтнага заводу з кватэрамі камунальнага тыпу — Дом-камуна (1929—1931 гг., пр. Леніна, 51). Доўгія калідоры зь вялікай колькасьцю кватэраў і агульнымі кухнямі адпавядалі тагачасным уяўленьням, што ў камуністычным грамадзтве ўсе павінныя жыць разам, камунай. Апроч гэтага, такія дамы ўмяшчалі значную колькасьць людзей, якія мелі патрэбу ў жытле.[1]
З рысамі канструктывізму, але ўжо з асобнымі кватэрамі, пабудаваў С. Шабунеўскі ў пачатку 1930-х гадоў дом на пр. Леніна, 31, які складаецца з цэнтральнага аб’ёму і двух бакавых крылаў, утвараючы ўтульны ўнутраны двор.[1]
У творчасьці С. Шабунеўскага быў і вопыт будаўніцтва ў псэўдарасейскім стылі. Сюды адносяцца пажарнае дэпо па вул. Замкавай (1913), якое было зьнесенае пры ўзьвядзеньні Галоўпаштамту, і клюб запалкавай фабрыкі «Вэзуві» (1921—1922), які зараз належыць аб’яднаньню «Гомельдрэў» (вул. Севастопальская, 61).[1]
У 1923—1924 гадах С. Д. Шабунеўскага кіраваў аднаўленчымі работамі ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў, які пацярпеў ад пажару ў 1919 годзе. У 1925 годзе архітэктар праектаваў забудову гэтак званага «гарэлага балота», пад яго наглядам ствараўся гарадзкі водаправод.[1]
С. Шабунеўскі кіраваў будаўніцтвам розных аб’ектаў ня толькі ў Гомелі, але і іншых гарадох — Клінцах, Добрушы, Злынцы. Цяпер дакладна не вядомыя ўсе аўтарскія працы С. Шабунеўскага.[1]
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2018 годзе С. Шабунеўскаму было пасьмяротна нададзена званьне ганаровага грамадзяніна Гомеля[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя. Т. 17. — Мн., 2003;
- Літвінава Т. Ф. Лёс мастака. Гомельскі архітэктар Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі (1868—1937) // Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Гомельшчына — старонкі мінулага» (15-16 лютага 1996). — Гомель: ГДУ, 1996.
- Чернатов В. М. Станислав Шабуневский. — Мн.: Беларусь, 2005. — 95 с. — ISBN 985-01-0566-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Станіслаў Шабунеўскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Морозов И. Талантливо о ярком таланте // Архитектура и строительство, №9, 2005
- Пригодич Н. Возвращение честного имени // Гомельская праўда, 29 августа 2013
- Увековечить зодчего(недаступная спасылка) // Рэспубліка, №144, 2013
- Советская архитектура довоенного Гомеля // Modernism.su
- «Горад Станіслава Шабунеўскага» (Ч.1, Ч.2, Ч.3, Ч.4) на YouTube