Перайсьці да зьместу

Нэаген

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нэагенавы пэрыяд (сыстэма), нэаген — другі пэрыяд кайназойскай эры. Пачаўся 23 мільёны рокаў таму, працягваўся 20,5 мільёну рокаў. Выдзелены ў самастойны пэрыяд рашэньнем Міжнароднага геалягічнага кангрэсу ў 1960 годзе, да гэтага разам з палеагенам уваходзіў у склад трэтычнага пэрыяду.

Фізычна-геаграфічныя ўмовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку нэагену Афрыка амаль сышлася з Эўропай з поўдню, у выніку чаго пачалі ўздымацца Альпы, Карпаты й Каўказ. Таксама ў міяцэн часова высахла й зноў напоўнілася Міжземнае мора. Індастан прыяднаўся да Азіі, дзякуючы чаму пачаўся рост Гімалаяў. Паўночная й Паўднёвая Амэрыка далей рушылі на захад, і ўздоўж іх заходняга ўзьбярэжжа ўзьніклі Кардыльеры ды Анды. Цягам нэагену адбывалася паступовае пахаладаньне й памяншэньне колькасьці ападкаў. У канцы позьняга пліяцэну клімат быў блізкім да сучаснага.

Цеплалюбівыя расьліны паступова зьмяняліся барэальнымі. Падчас раньняга міяцэну на Беларусі расьлі хваёва-шыракалісьцевыя лясы, у сярэднім — зьмяшаныя лясы зь вялікім дамешкам цеплалюбівых лістападных пародаў. У позьнеміяцэнавых лясах умеранага тыпу доля апошніх значна паменела. У пліяцэне павялічылася роля рознатраўя. Да канца пліяцэну расьліннасьць ужо амаль не адрозьнівалася ад сучаснай. Для разьвіцьця фаўны нэагену было ўласьцівым далейшае разьвіцьцё сысуноў, узьніклі прадстаўнікі большасьці сучасных радоў. Паводле разнастайнасьці сысуноў і птушак міяцэн быў найбагацейшай эпохай кайназою. Вялікую ролю ў міграцыях жывёлаў адыгрывалі «масты» сушы. Першы зь іх утварыўся ў Бэрынгіі паміж Эўразіяй і Паўночнай Амэрыкай, у выніку чаго ў Эўразіі зьявілася гіпарыёнавая фаўна. Другі ўзьнік пасьля зьяднаньня абедзьвюх Амэрыкаў, што прывяло да амаль поўнага зьнікненьня ізаляванай фаўны Паўднёвай Амэрыкі з-за наступу больш прагрэсіўных сысуноў з поўначы.

У міяцэн зьявіліся й чалавекападобныя малпы, якія неўзабаве падзяліліся на некалькі лініяў — продкаў арангутанаў, гарылаў, шымпанзэ й людзей. Апошняя галіна была спачатку прадстаўленая дравеснымі формамі кшталту дрыяпітэкаў. Затым больш прасунутыя аўстраляпітэкі перайшлі да жыцьця на раўнінах Усходняй Афрыкі, дзе набылі біпэдальнасьць.

Стратыграфічны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нэагенавы пэрыяд падзяляецца на дзьве эпохі й восем вякоў. У літаратуры міяцэн і пліяцэн звычайна разглядаюцца ўровень з пэрыядамі.

Пасьля адыходу мора ў канцы палеагену з тэрыторыі Беларусі тут усталяваўся кантынэнтальны клімат. Цягам нэагену ў рачных далінах, азёрах ды нізінных балотах адкладваліся пясчана-гліністыя, часам вуглістыя адклады. Яны маюць шырокі распўсюд на поўдні рэспублікі (Гомельская вобласьць, захад Берасьцейскае, поўдзень Менскае), магутнасьць складае 15—35 мэтраў, найбольшая 60 мэтраў. З адкладамі нэагену на Беларусі павязаныя бурыя вуглі, цяжкаплаўкія й агнеўпорныя гліны, шкляныя пяскі.

  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]