Міхаіл Барысавіч
Міхаі́л Бары́савіч (1453 або 1457, Цьвер — не пазьней за 1505) — апошні вялікі князь сувэрэннага Цьвярскога вялікага княства (1461—1485), пазьней эмігрант у Вялікім Княстве Літоўскім.
Заняў княскі пасад малалетнім па сьмерці бацькі, Барыса Аляксандравіча і па дасягненьні паўналецьця спрабаваў працягнуць ягоную палітыку на захаваньне незалежнасьці Цьвяры з апорай на Вялікае Княства Літоўскае. Аднак кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімер, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоваў 1449 і 1484 гадоў, дзейснай падтрымкі Міхаілу Барысавічу не надаў, што наканавала Цьвяры страту незалежнасьці.
У жніўні 1485 году, будучы перакананым у невыкананасьці шматлікіх просьбаў пра ваенную дапамогу з боку Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі гаспадар Іван III распачаў ваенныя дзеяньні і неўзабаве ўзяў Цьвер у аблогу. Цьвярское баярства фактычна здрадзіла вялікаму князю, у большасьці перайшоўшы на бок Масквы. У ноч на 12 верасьня 1485 году Міхаіл Барысавіч здолеў уцячы з абложанага гораду ў Вялікае Княства Літоўскае. Такім чынам апошняя традыцыйна саюзная ВКЛ дзяржава ва Ўсходняй Эўропе спыніла існаваньне, што неўзабаве дало магчымасьць Маскве перайсьці да наступальных дзеяньняў супраць самога ВКЛ (вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 гадоў). У 1486 годзе, атрымаўшы невялікі дапаможны атрад ад Казімера, Міхаіл Барысавіч беспасьпяхова спрабаваў вярнуць сабе трон.
Апошнія 20 гадоў жыцьця Міхаіл Барысавіч правёў у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе як кампэнсацыю за страчаныя на ўсходзе ўладаньні атрымаў ад караля і вялікага князя значныя грашовыя сумы, а таксама маёнтак Пячыхвосты на Валыні і вялікую лятыфундыю на поўдні Слонімскага павету (Ласасіная, Бялавічы, Гошчава і іншыя). Не адыгрываў прыкметнай палітычнай ролі.
Першым шлюбам (1470—1483) ажаніўся з Соф’яй, дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, другім, паводле няпэўных зьвестак, з дачкой кагосьці з Радзівілаў, аднак застаўся бязьдзетным. Па сьмерці Міхаіла Барысавіча ягоныя ўладаньні на Беларусі перайшлі да князя Васіля Глінскага[1].
У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі захоўваецца партрэт Міхаіла Барысавіча, які паходзіць зь Нясьвіскай галерэі Радзівілаў. Існуе меркаваньне, што падобная атрыбуцыя зьяўляецца хутчэй легендарнай, бо партрэтаваны нагадвае магнатаў пачатку XVII ст.[2]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алесь Белы. Міхаіл Барысавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 316.
- ^ Аляксандар Ярашэвіч. Выстава «Нясвіжскія зборы Радзівілаў» у Нацыянальным мастацкім музеі // «Наша Вера» № 4 (30), 2004.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Борзаковский В. С. История Тверского княжества. — СПб., 1876.
- Жизневский А. К. Портрет тверского великого князя Михаила Борисовича. — Тверь, 1889.
- Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485) / Пер. с нем. — Тверь, 1994.