Перайсьці да зьместу

Кукенойс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кукено́йс, Какенга́ўзэн, у полацкіх граматах Куконос, у нямецкамоўных крыніцах — Kukenoіs, Kukenoys, цяпер Кокнэсэ ў Латвіі (па-латыску: Koknese) — горад Полацкага княства, пазьней Полацкай зямлі, у 11 — пачатку 13 стагодзьдзя. Месьціўся на правым беразе Заходняй Дзьвіны ля ўпадзеньня ў яе рэчкі Кокны (зараз Пэрсэ), за 338 кілямэтраў ад Полацку. Сталіца Кукенойскага княства — удзела Полацкай зямлі. Прыналежаў князю Вячку. З 1207 году палова гораду ў валоданьні рыскага біскупа. З 1269 году цалкам перайшоў у валоданьне рыскага арцыбіскупа і перадаваўся ім у лен.

Назоў гораду ўтварыўся ад імя ракі і даслоўна значыць «мыс Какны».

Выява замка ў Кукенойсе. 1625

Раскопкі 1960-х гадоў засьведчылі, што ў XI — пачатку XIII горад меў мяшанае крывіцка-ліўскае насельніцтва. Знойдзены пячаткі Эўфрасіньні Полацкай і яе бацькі Сьвятаслава Ўсяслававіча. Горад упершыню згаданы ў Хроніцы Лівоніі Генрыха Лета пад 1205 годам. З 1207 году палова гораду перададзеная Вячкам у валоданьне рыскага біскупа. У 1208 годзе Вячка спаліў горад і пайшоў на Русь, а ў 1209 годзе войскі біскупа занялі яго і пабудавалі новы мураваны гатычны замак. Палова Кукейноса і Кукейноскага княства прыналежала Сафіі — дачцы Вячкі, яго адзінай спадчыньніцы. Другой паловай гораду валодаў Ордэн, але ў 1238 годзе перадаў яе ва ўладаньне рыскаму біскупу. У 1269 годзе сваю палову перадала рыскаму арцыбіскупу і Сафія. Арцыбіскуп даў Кукенойс і былое Кукенойскае княства ў лен Гансу Тызэнгаўзу. У 1277 годзе Кукенойсу нададзены гарадзкія правы, род Тызэнгаўзаў валодаў ім да 1395 году, калі горад быў вернуты ва ўладаньне рыскага арцыбіскупа.

Падчас барацьбы арцыбіскупаў з Ордэнам, горад ня раз пераходзіў з рук у рукі. З 1420 году летняя рэзыдэнцыя арцыбіскупаў. У пачатку 1479 году ордэнскія войскі захапілі Кукейнос і спалілі архіў арцыбіскупства. У 1481 горад узялі рыскія войскі, але замка ўзяць ня здолелі. У 1509 годзе арцыбіскуп Каспар Ліндэ надбудаваў муры замка і ўзмацніў яго артылерыю. Кукенойс стаў галоўнай рэзыдэнцыяй арцыбіскупаў. Летам 1546 году апошні рыскі арцыбіскуп Вільгельм Брандэнбурскі быў абложаны тут і ўзяты ў палон Ордэнам.

25 жніўня 1577 году Кукейнос захоплены войскамі Івана ІV. У 1578 годзе вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1601 годзе непадалёку ад Кукенойсу ў бітве пад Кірхгольмам войскі Рэчы Паспалітай нанесьлі паразу швэдам, а ў 1608 годзе швэды захапілі горад і перабілі яго залогу. У жніўні 1655 году войска маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча захапіў Кукейнос і пераназваў яго ў «Царэвічаў Дзьмітрыеў». Па Кардыскай дамове Кукейнос адышоў да Швэцыі.

У 1700 годзе быў узяты саксонскім аддзелам войскаў Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Аўгуста Моцнага, былі збудаваныя новыя ўмацаваньні. У 1701 годзе горад і замак былі зьнішчаныя расейскімі войскамі.

У 1861 годзе праз Кукенойс пракладзена чыгунка. У 1880-я гады ў горадзе жыў латыскі драматург Рудольф Бляўманіс. У 1894 годзе сям’я Лёўэнштэрнаў пабудавала нэаклясычны палац, які згарэў у 1905 годзе. У 1966 годзе пабудаваная Плявінская гідраэлектрастанцыя, у выніку была затопленая значная частка замка. Насельніцтва ў 2015 годзе — 2818 чалавек.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]