Карл Філіп цу Шварцэнбэрг
Карл Філіп цу Шварцэнбэрг ням. Karl Philipp Fürst zu Schwarzenberg | |
15 красавіка 1771[3][4][5] — 15 кастрычніка 1820[1][2][3][…] (49 гадоў) | |
Палявы маршал Карл Філіп Шварцэнбэрг | |
Месца нараджэньня | |
---|---|
Месца сьмерці | |
Прыналежнасьць | Аўстрыя |
Род войскаў | кавалерыя |
Гады службы | 1787—1817 |
Званьне | Генэралісімус |
Бітвы/войны | Рэвалюцыйныя войны Напалеонаўскія войны |
Карл Філіп цу Шва́рцэнбэрг (па-нямецку: Karl Philipp zu Schwarzenberg; 15 красавіка 1771, Вена — 15 кастрычніка 1820, Ляйпцыг) — ляндграф Клятгаў, граф Зульц, князь, аўстрыйскі фэльдмаршал і генэралісімус часоў напалеонаўскіх войнаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіць са старажытнага франконскага роду Шварцэнбэргаў, вядомага з XII стагодзьдзя і ўзьведзенага 14 ліпеня 1670 року ў княскі чын Сьвятой Рымскай імпэрыі.
У 1787 годзе ў чыне лейтэнанту ўвайшоў у пяхотны полк Браўншвайг-Вольфэнбютэлю (пазьней 10-ы пяхотны).
У турэцкай кампаніі 1788 року вызначыўся падчас штурму Шабацу і быў павышаны да капітана. Служыў пад харугвамі Ляўдона. У 1789 знаходзіўся пры Галоўнай кватэры, выказаў адвагу ў бітвах пры Бярбіры і Бялградзе. У 1790 ваяваў на Ніжнім Райне і ў Нідэрляндах, павышаны да маёра. У 1791 пераведзены ў Валёнскі полк Лятура (пазьней 14-ы драгунскі), у 1792 атрымаў чын маёра.
За адзнакі ў бітве пад Жэмапам і Нэервіндэнам 18 сакавіка 1793 року атрымаў званьне падпалкоўніка. Пасьля бітвы ўзначаліў частку авангарду войскаў прынца Заксэн-Кобург-Заальфэльдзкага. У гэтым самым року пераведзены ў дысьлякаваны ў Галіцыі ўланскі корпус (пазьней 2-і ўланскі полк).
З 1794 — палкоўнік, камандзір кірасірскага палку Цэшвіцу. 26 красавіка пад Ле-Като-Камбрэзі, дзейнічаючы на левым флянзе, зьдзейсьніў знакамітую кавалерыйскую атаку, прарваўшы абарону суперніка. Аўстрыйцы ўзялі 3 тысячы палонных і 32 гарматы, Карл Шварцэнбэрг быў узнагароджаны вайсковым ордэнам Марыі Тэрэзы.
У 1795—1796 у складзе войскаў Вурмзэра і эрцгерцага Карла ваяваў на Райне і ў Італіі. У 1796 вызначыўся пры Амбэргу. За перамогу пад Вюрцбургам (3 верасьня 1796) быў павышаны да генэрал-маёра.
У 1797 ізноў ваяваў на Райне, дзе камандаваў армейскім авангардам.
У 1799 на чале дывізіі ў авангардзе войска эрцгерцага Карла пасьпяхова дзейнічаў у Нямеччыне і Швайцарыі. У бітве пад Гайдэльбэргам супрацьстаяў войскам францускага генэрала Нэя і ў верасьні 1800 року за адвагу атрымаў чын фэльдмаршал-лейтэнанта.
З 1800 — шэф 2-га ўланскага палку Шварцэнбэрга. У бітве пад Гагенліндэнам супраць французаў камандаваў дывізіяй і 1-й лініяй правага крыла арміі, а па паразе прыкрываў адыход аўстрыйскага войска за Энс.
У 1805 прызначаны віцэ-прэзыдэнтам Гофкрыгсрату.
Напалеонаўскія войны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кампанію 1805 року знаходзіўся ў войску генэрала Мака на чале дывізіі. Пасьпяхова змагаўся пад Ульмам, а 14—15 кастрычніка ўзначальваў правае крыло аўстрыйскага войска. Пасьля разгрому аўстрыйцаў на чале большае часткі кавалерыі (6—8 тысячаў чалавек) здолеў вырвацца з акружэньня напалеонаўскага войска. Узнагароджаны Камандорскім крыжам ордэна Марыі Тэрэзы.
Па Тыльзыцкім міры ў 1807 року прызначаны паслом у Санкт-Пецярбургу. Мэтаю было вядзеньне перамоваў пра падтрымку Аўстрыі ў будучай вайне з Францыяй.
Вярнуўся ў войска за 2 дні да Ваграмскае бітвы. За адзнаку пры Ваграме, дзе ён камандаваў часткаю кавалерыі на левым крыле (а пры адступленьні аўстрыйскага войска камандаваў ар’ергардам), павышаны ў генэралы ад кавалерыі. Узнагароджаны ордэнам Залатога руна.
Пасьля Венскага міру прызначаны аўстрыйскім пасланьнікам у Парыжы. Вёў перамовы пра шлюб Напалеона і аўстрыйскай эрцгерцагіні Марыі-Люізы і займеў асаблівы давер Напалеона.
У часе расейскай кампаніі Наполеона камандаваў аўстрыйскім дапаможным корпусам (блізу 30 тысячаў чалавек) у складзе Вялікай арміі. Са сваімі войскамі фарсіраваў Буг і спыніўся ў раёне Пінску. 12 жніўня разам з корпусам саксонскага генэрала Ж. Рэнье атакаваў ля Гарадзечны часткі 3-й арміі генэрала Тармасава (блізу 18 тысячаў чалавек), прычым абмежаваўся галоўным чынам артылярыйскім абстрэлам. У Расеі Шварцэнбэрг дзейнічаў надзвычай асьцярожна і здолеў пазьбегнуць вялікіх бітваў з расейскімі войскамі.
У верасьні выцесьнены войскамі П. В. Чычагава за межы Расейскай імпэрыі. Пасьля разгрому Напалеона ў Расеі ў актыўных баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, аднак прыкрываў тыл адыходзячага францускага корпусу Рэнье.
З палітычных прычынаў Напалеон 2 сьнежня 1812 схадайнічаў ад імпэратара Аўстра-Вугоршчыны Франца I маршальскае жазло для Шварцэнбэрга.
Вайна ў Эўропе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У якасьці аўстрыйскага пасла 17 красавіка 1813 року прыбыў у Францыю, дзе спрабаваў стаць пасярэднікам у заключэньні міру між Расеяй і Францыяй. Пасьля правалу місіі пакінуў Парыж і быў прызначаны даводцам войскамі ў Багеміі.
Па далучэньні Аўстрыі да антыфранцускай кааліцыі ў жніўні 1813 прызначаны галоўнакамандуючым саюзнай Багемскай арміяй (блізу 230 тысячаў чалавек), якая напалову складалася з аўстрыйцаў, а другую палову складала расейска-пруская армія пад камандаваньнем Барклая-дэ-Тольлі. Ягонае становішча каля трох манархаў было надзвычай клапотным і часта паралізавала ягоныя дзеяньні.
У жніўні 1813 ў бітве пад Дрэздэнам з Напалеонам Багемская армія панесла паразу і адышла ў Багемію, застаючыся там да пачатку кастрычніка, здолеўшы, аднак, спыніць надыходзячыя францускія войскі ў бітве пад Кульмам.
У «Бітве народаў» пад Ляйпцыгам (16—19 кастрычніка 1813) аб’яднаныя саюзныя войскі (асноўная частка якіх уваходзіла ў склад былой арміі Шварцэнбэрга, а сам ён працягваў лічыцца галоўнакамандуючым хаўруснымі арміямі) нанесьлі вырашальную паразу Напалеону. 20 кастрычніка [ст. ст. 8 кастрычніка] 1813 ўзнагароджаны расейскім ордэнам Сьв. Георгія 1-е клясы «за паразу Напалеона ў трохдзённым баі пад Ляйпцыгам 5-га, 6-га і 7-га кастрычніка 1813 року».
У лютым 1814 атакаваў Нажан, але быў адкінуты гарнізонам колькасьцю ўсяго 1200 чалавек. Прадпрыняўшы шэраг няўдалых манэўраў, Шварцэнбэрг упусьціў ініцыятыву і 17 лютага запытаў замірэньня, упэўніваючы, што на перамовах у Шатыёне былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасьці (што не адпавядала рэчаіснасьці). 18 лютага Напалеон разьбіў пад Мантро войскі кронпрынца Вюртэмбэрскага (страты хаўрусьнікаў склалі 6 тысячаў чалавек і 15 гарматаў). Шварцэнбэрг вырашыў адысьці да Труа і адначасна загадаў Гэбхарду Блюхеру ісьці на злучэньне зь ім да Мэры-сюр-Сен.
21 лютага злучэньне адбылося, а наступнага дню Шварцэнбэрг на вайсковай нарадзе дабіўся рашэньня працягнуць адступленьне (пры гэтым ён амаль у 3 разы перабольшыў сілы суперніка). 22 лютага ён ізноў разьяднаў Багемскую і Сылескую арміі. Толькі 26 лютага, саступіўшы ціску імпэратара Аляксандра I і караля Фрыдрыха Вільгельма III, Шварцэнбэрг пачаў наступ на Бар-сюр-Об і адкінуў Шарля Ўдзіно.
Пасьля посьпеху Напалеона пад Рэймсам Шварцэнбэрг неадкладна спыніў наступ на Сену і 17 сакавіка пачаў адыход на Труа. 20-21 сакавіка асьпяхова правёў бітву пад Арсі-сюр-Обам і, нягледзячы на першапачатковую няўдачу, тым ня меней здолеў выгадна разьвярнуць войска. Ягоная марудлівасьць уратавала францускае войска ад поўнага зьнішчэньня.
24 сакавіка пад ціскам Аляксандра I Шварцэнбэрг пагадзіўся на неадкладны наступ на Парыж. 25 сакавіка французы былі разьбітыы пад Фер-Шампенуазам, а 28 сакавіка абедзьве арміі хаўрусьнікаў злучыліся пад Парыжам.
31 сакавіка 1814 хаўрусьнікі ўвайшлі ў Парыж, а 5 траўня Шварцэнбэрг склаў паўнамоцтвы галоўнакамандуючага.
Пасьля вяртаньня Напалеона ў Францыю Шварцэнбэргу даручылі даводзтва саюзнымі войскамі на Верхнім Райне. На чале 210-тысячнае арміі ён меў выступіць з Шварцвальда. Калі ягонае войска пачало пераправу праз Райн, яно было запыненае ля Ле-Суфеля невялікім атрадам генэрала Жана Рапа, а неўзабаве адбылося другое зрачэньне Напалеона.
Па вяртаньні ў Австрыю прызначаны прэзыдэнтам Гофкрыгсрату, аўстрыйскае Рады па пытаньнях вайны.
У студзені 1817 выйшаў у адстаўку пасьля інсульту. Падчас візыту ў Ляйпцыг у кастрычніку 1820 року сканаў ад другога інсульту.
Ягоны малодшы сын Эдмунд цу Шварцэнбэрг таксама быў аўстрыйскім фэльдмаршалам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Karl Philipp, prince zu Schwarzenberg // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Karl Philipp Schwarzenberg // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Wurzbach D. C. v. Schwarzenberg, Karl Philipp Fürst (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt haben — Wien: 1856. — Т. 33. — S. 94.
- ^ Brozović D., Ladan T. Karl Philipp Schwarzenberg // Hrvatska enciklopedija (харв.) — LZMK, 1999. — 9272 с.
- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118763032 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 15 красавіка
- Нарадзіліся ў 1771 годзе
- Памерлі 15 кастрычніка
- Памерлі ў 1820 годзе
- Нарадзіліся ў Вене
- Памерлі ў Ляйпцыгу
- Шварцэнбэргі
- Генэралісімусы
- Аўстрыйскія вайскоўцы
- Кавалеры ордэна Слана
- Кавалеры Ордэна Залатога руна
- Кавалеры ордэна Марыі Тэрэзіі
- Кавалеры ордэна Сьвятога Духу
- Кавалеры ордэна Сьвятога Георгія
- Кавалеры ордэна Сьвятога Губэрта
- Кавалеры ордэна Сьвятога Стэфана
- Кавалеры ваеннага ордэна Вільгельма
- Кавалеры ваеннага ордэна Максыміліяна Ёзэфа
- Ганаровыя грамадзяне Вены
- Заля славы Вальгаля
- Гофкрыгсрат
- Амбасадары Аўстрыі
- Амбасадары ў Францыі
- Памерлі ад інсульту
- Пахаваныя ў Ляйпцыгу