Сто дзён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вяртаньне Напалеона Банапарта з Эльбы.

«Сто дзён» (па-француску: Les Cent-Jours) — час другога кіраваньня імпэратара Напалеона I у Францыі з 20 сакавіка па 22 чэрвеня 1815 году пасьля ягоных уцёкаў з вострава Эльбы. Фраза «Сто дзён» была ўпершыню скарыстаная прэфэктам Парыжу Гаспарам дэ Шабралям, у прамове, якой ён вітаў караля Людовіка XVIII 8 ліпеня.

26 лютага 1815 году Напалеон з тысячай жаўнераў эльбаўскага гарнізону зьбег з вострава Эльбы. Высадзіўшыся на поўдні Францыі, Напалеон хуткім маршам рушыў на Парыж, у той час калі хаўрусьнікі дзялілі Эўропу на Венскім кангрэсе. Людовік XVIII накіраваў супраць Напалеона войскі Мішэля Нэя, які, як толькі Напалеон быў прайграў і зрокся трону, устаў на бок новага караля. Аднак Нэй хутка далучыўся да Напалеона разам з шматлікай арміяй. Неўзабаве Банапарт як імпэратар увайшоў у Парыж, аднавіўшы сваю ўладу. Народ Францыі вітаў яго, выкрыкваючы воклічы «Сьмерць Бурбонам». Хаўрусьнікі былі агаломшаныя. Тут жа Аўстрыяй, Прусіяй, Расеяй і Вялікабрытаніяй была створана новая, ужо Сёмая антынапалеонаўская кааліцыя, якая вылучыла 150 тысяч жаўнераў на канчатковае зрынаньне францускага імпэратара[1]. Напалеон уварваўся ў Бэльгію, распачаўшы Бэльгійскую кампанію, якая і атрымала назву «Сто дзён». Пасля шэрагу бітваў пры Катар-Бра, Ліньі, Ваўры, якія мелі зьменныя посьпехі ў бітвах, армія Напалеону была канчаткова разгромленая ў бітве пры Ватэрлёо 18 чэрвеня 1815 году.

22 чэрвеня 1815 году Напалеон другі раз зрокся трону ў Парыжы. Усе адданыя Банапарту людзі пакінулі горад да 24 чэрвеня, фактычна спыніўшы існаваньне Першае імпэрыі. Сам Напалеон зразумеў безвыходнасьць становішча і празь некалькі тыдняў туляньняў здаўся ў палон ангельцам. У палоне Напалеон цешыў сябе марамі пра тое, што яму ўдасца дамовіцца з ангельцамі і ён дажыве жыцьцё ў невялікай сядзібе ў навакольлях Лёндану, або пра тое, што яму ўдасца зьехаць у ЗША. Аднак хаўрусьнікі аднагалосна пастанавілі выправіць Напалеона ў новую высылку на востраў Сьвятой Алены, дзе той і памёр у сваёй пасьцелі а 17:49 5 траўня 1821 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Hamilton-Williams, David (1996). «Waterloo New Perspectives: the Great Battle Reappraised». Wiley. — С. 59. — ISBN 978-0-471-05225-8.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]