Перайсьці да зьместу

Зімачка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зімачка
Вокладка альбому Зімачка. Троіца. 2011
Студыйны альбом «Троіцы»
Выдадзены 8 красавіка 2011
Жанр фолк, этнічная музыка
Працягласьць 61:14
Мова беларуская
Выдавец «Вігма»
Прадусар Томаш Рагула
Храналёгія «Троіцы»
Жар-жар
(2008)
Зімачка
(2011)
Цар-агонь
(2018)
Прафэсійны агляд

Зі́мачка (трансьліт.: Zimačka) — шосты студыйны альбом беларускага этна-трыё «Троіца», запісаны з польскім гукарэжысёрам, намінантам на прэмію «Грэмі». Дыск атрымаў шмат захопленых водгукаў ад беларускіх[1][2][3] і замежных аглядальнікаў[4][5] і лічыцца лепшым альбомам «Троіцы»[6][7].

Кружэлка стала другой супрацай гурта з замежнымі гукарэжысёрамі — першы раз у Беластоку запісваўся альбом Сон-трава. Гэтым разам запіс зроблены ў варшаўскай студыі «TR Studios» прадусарам і гукарэжысёрам Томашам Рагулам. Вынікам стала яшчэ больш дасканалае і празрыстае гучаньне, дзякуючы чаму сьпевы атрымалі большую цэласнасьць[8]. Па словах вакалісту гурта Івана Кірчука, альбом ствараўся на працягу некалькіх гадоў і за гэты час было прапісана больш за 400 песень, якія потым зьвялі ў дзевяць.

У кружэлку ўвайшлі беларускія народныя сьпевы з розных рэгіёнаў краіны, сабраныя падчас этнаграфічных экспэдыцый і ўзятыя з архіву Акадэміі навук. Асаблівасьцю новага альбому зьяўляецца незвычайная структура песень, якія сталі больш працяглымі — часам да дзесяці хвілінаў.

У музычнай частцы задзейнічаны такія нехарактэрныя для беларускага фальклёру інструмэнты, як калімба, дарабука, гляк і гонг. Нягледзячы на гэта, сьпевы не згубілі сваёй мэлядычнай структуры і ня страцілі сувязі з фальклёрам. Больш вытанчаны гук у спалучэньні са складанай музычнай канструкцыяй аддалілі кампазыцыі ад традыцыйнага песеннага выгляду, таму працу можна аднесьці і да акадэмічнай музыкі[2].

Як засьведчыў Іван Кірчук, спачатку ў альбоме плянавалася восем песень, але ўжо знаходзячыся ў студыі музыкі прыдумалі новую кампазыцыю «Сонца коціцца».

Альбом карыстаўся вялікім посьпехам у музычных аглядальнікаў. На адным з найбуйнейшых сайтаў, прысьвечаных рэцэнзаваньню беларускай музыкі Experty.by ён атрымаў сярэднюю адзнаку 9,5 з 10. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў за гісторыю праэкту. Заснавальнік «Тузіну гітоў» Сяргей Будкін напісаў, што «зь дзевяці трэкаў альбома вылучыць нешта немагчыма – кожны зь іх як асобны твор мастацтва, які трэба смакаваць, каб прасякнуцца напоўніцу». Журналіст Зьміцер Безкаравайны быў уражаны вакалам Івана Кірчука, які «ня толькі па-майстэрску сьпявае рознымі галасамі, але і часам выконвае нейкія неверагодныя рэчы без слоў»[1]. Крытык і публіцыст Яўген Даўгіх назваў альбом «шэдэўрам» і «самай мастацка значнай і канцэптуальнай працай трыа». Ён правёў аналёгію з Горанам Брэгавічам і выказаўся, што «Троіца» зусім не саступае, а ў нечым нават пераўзыходзяць яго[2].

Замежныя аглядальнікі таксама высока адзначылі працу. Andrew Cronshaw з часопісу «fRoots» адзначыў, што «Зімачка — выдатная і даволі ўражлівая кружэлка буяных мерных рытмаў і бясстрашных інструмэнтальных палотнаў»[9]. Нямецкі часопіс «Ecliped» назваў лепшым сьпевам альбому «Козку» і выказаў думку, што ў выніку атрымаўся твор з рысамі мадэрнізму[10].

Зімачка — самы тытулаваны альбом гурта: на ўзнагародах партала Experty.by ён перамог у намінацыях «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы беларускамоўны альбом», «Прыз народных экспэртаў», «Прыз вялікага журы» і перамог у галоўнай катэгорыі «Альбом году». У 2018 годзе гэтым сайтам было здзейсьнена апытаньне васьмі беларускіх музычных крытыкаў і складзены ліст дзесяці лепшых айчынных альбомаў 2008—2018 гадоў, дзе гэты альбом заняў другое месца[7], такім чынам стаўшы адным з лепшых ва ўсёй беларускай музыцы.

На вокладцы дыску зьмешчана прысьвячэньне продкам, напісанае Іванам Кірчуком:

Далёка-далёка, нібы ў Вечнай Мерзлаце, ляжыць Мудрасць нашых Продкаў. Сучасны свет, глабалізацыя ледзяным панцырам скавалі і схавалі ад нас гэтыя Клады. Вяртанне да Каранёў! Дыханне музыкі растопіць гэты лёд! І як нябачныя ніці пачнуць цягнуцца да нас Сіла і Мудрасць Дзядоў-Прадзедаў. Мы ўпэўнены, што калі-небудзь наступіць Адліга (ва ўсім!). Зазвіняць вясновыя карагоды, затрашчаць купальскія вогнішчы і зальюцца весялосцю восеньскія кірмашы. Ці Вы знайшлі для гэтага месца ў сваіх Душах? А калі так, то праз Кола Вечнасці мы дакранёмся да сакральнага — да Праху Нашых родных, дарагіх, пазабываных Прашчураў. Тады ізноў, як сотні гадоў таму назад, набудзем страчаную Сілу, Моц і Здароўе! «Бо ўжо Пара прыйшла».

Назва Працягласьць
1. «Зімачка»   6:18
2. «Мар’я»   6:37
3. «Козка»   6:14
4. «Котка»   6:10
5. «Казачэ»   6:58
6. «Родзе»   4:47
7. «Як з двара…»   6:32
8. «Дабранач»   7:36
9. «Сонца коціцца»   9:58
61:14
  • Музыка — этна-трыа «Троіца»
  • Словы — народныя
  • Афармленьне вокладкі — Юры Паўлоўскі
  • Запіс і зьвядзеньне — Томаш Рагула
  • Мастэрынг — этна-трыа «Троіца»

Удзельнікі запісу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Іван Кірчук — вакал, народныя духавыя інструмэнты, гусьлі, смык, домра
  • Юры Дзьмітрыеў — акустычныя шасьціструнныя гітары, домра, смык, ліра, калімба
  • Юры Паўлоўскі — пэркусыя, дарабука, гляк, барабаны, гонг, калімба

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]