Перайсьці да зьместу

Займеньнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Займеньнік — часьціна мовы, якая паказвае на прадметы, прыметы ці колькасьць прадметаў, не паказваючы іх:
Ніхто з дамашніх не згадвае,чым рэчка Костуся займае. (Якуб Колас)
Майго юнацтва раньне кружыў жыцьця віхор
. (Пятрусь Броўка)
Некалькі чалавек кінуліся ў лес. (Міхась Лынькоў)
Займеньнікаў нямнога, але яны часта ўжываюцца ў мове. У большасьці займеньнікі ўжываюцца замест названых раней назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў:
Чакае маці, чакае сына, а ён ня едзе з дарогі дальняй.(Сяргей Грахоўскі)
Стаялі цёплыя сонечныя дні. Такія дні рэдка бываюць у канцы верасьня.(Кузьма Чорны)
Усе займеньнікі зьмяняюцца па склонах, а некаторыя зьмяняюцца яшчэ па родах і ліках.
Займеньнікі звычайна выступаюць у сказе ў ролі дзейніка, дапаўненьня, азначэньня:
Не скруціць ніякай[a] чорнай скрусе маладосьць крылатую маю[b]. Я[c] іду з усімі[d] і сьмяюся, я іду з усімі[e] і пяю.(Генадзь Бураўкін)
Цудоўнаю красою зьдзіўляе Менск мяне[f].(Язэп Пушча)
Паводле значэньня слова займеньнікі падзяляюцца:

  • асабовыя — я, мы, ты, вы, ён, яна, яно
  • зваротны — сябе
  • прыналежныя — мой, твой, свой, наш, ваш, іхні
  • указальныя — гэты, той, такі, гэтакі, столькі, гэтулькі
  • азначальныя — увесь (уся, усё, усе), усякі, кожны, сам, самы, іншы
  • пытальныя — хто? што? які? чый? каторы? колькі?
  • адносныя — хто, што, які, чый, каторы, колькі
  • адмоўныя — ніхто, нішто, ніякі, нічый
  • неадназначныя[g]нехта, нешта, нейкі, некаторы, нечы (нейчы), хтосьці, штосьці, сёй-той, сёе-тое, чыйсьці, якісьці, хто-небудзь, што-небудзь, чый-небудзь, які-небудзь, абы-хто, абы-што, абы-чый, абы-які, некалькі

Ужываньне займеньнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Займеньнікі роднага склону 3-й асобы ’яго', ’яе, ’іх могуць абазначаць прыналежнасьць 3-й асобе: яго бацька, яе сёстры, яго пляны. З гэтым значэньнем займеньнік адказвае на пытаньні чый? чыя? чые? і ў сказе зьяўляецца азначэньнем.
Адносныя займеньнікі хто, што, які, каторы, колькі ў сказе могуць набываць значэньне неазначальных займеньнікаў:
За якую хвіліну адміраюць тысячы хваінак і лісьця. (Іван Пташнікаў)
Плывуць баржы. Каторыя мы абганяем, каторыя ідуць насустрач нам. Ад лесу патыхае смалою, жывіцаю і борам, нашым беларускім палескім борам. Маім борам, тым, што ўсяго год колькі назад яшчэ стаяў, гаманіў зь небам паблізу вёскі. (Б. Сачанка)
Адмоўныя займеньнікі ніхто, нішто звычайна ўжываюцца, калі ў сказе пры дзеяслоўе ёсьць адмоўе не: ніхто не сказаў, нікога не папярэдзілі, нішто не затрымала, нічога не знайшлі.
Калі азначальныя і прыналежныя займеньнікі ўжываюцца без назоўнікаў, яны набываюць прадметнае значэньне і дапамаюць будаваць сказ:Кожны купляе гадзіньнік, каб не спазьніцца на сустрэчу з каханаю, на службу, на працу.(Максім Танк)Нашы выйгралі гульню.
Трэба адрозьніваць зваротны займеньнік у давальным склоне ад часьціцы сабе:
Як ішлі дзяўчаты рана праз дубровы, праз паляны, маладыя кветкі рвалі і вянкі сабе[h] спляталі. (Максім Танк)
А дуб сабе[i] будзе на гэтым самым месцы расьці, і кожны год жалуды зь яго будуць падаць(Кузьма Чорны)
Мужчыны сьмяюцца, а Паўлюк сабе[j] толькі маўчыць, хоць бы што. (Янка Брыль)
У першым сказе сабе — займеньнік, а ў другім і трэцім — часьціца.

Правапіс займеньнікаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неазначальныя займеньнікі з прыстаўкаю абы- й устаўкаю (суфіксам) -небудзь пішуцца праз злучок: абы-хто, абы-што, абы-які, хто-небудзь. Калі абы аддзяляецца ад займеньніка прыназоўнікам, то пішацца асобна:абы з кім, абы з чым, абы зь якім.
Неазначальныя займеньнікі з устаўкаю -сьці (-сь) пішуцца разам:хтосьці (хтось), штосьці (штось), чыйсьці.
Не, ні з займеньнікамі пішуцца разам, калі зьяўляюцца прыстаўкамі, і асобна, калі аддзяляюцца ад іх прыназоўнікамі і зьяўляюцца часьціцамі: нешта, нехта, ніхто, нішто; не з кім, не з чым, ні з кім, ні з чым.
Да адмоўных займеньнікаў часам далучаецца часьціца а, якая пішацца разам: аніхто, анішто, аніякі.
Складаныя неазначальныя займеньнікі пішуцца праз злучок: сёй-той, сёе-тое, сякі-такі, хто-хто.

  1. ^ Азначэньне
  2. ^ Азначэньне
  3. ^ Дзейнік
  4. ^ Дапаўненьне
  5. ^ Дапаўненьне
  6. ^ Дапаўненьне
  7. ^ Тыя займеньнікі яшчэ называюць няпэўнымі, бо яны называюць няпэўны прадмет, прымету, колькасьць.
  8. ^ Тут сабе — займеньнік
  9. ^ Тут сабе — часьціца
  10. ^ Тут сабе — часьціца