Градырня (выпарвальная)
Грады́рня — збудаваньне з дрэва і хмызу, прызначанае для павелічэньня канцэнтрацыі мінэральных соляў у рашчыне шляхам частковага выпарэньня вады.
Гістарычна градырні служылі для здабываньня харчовае солі. У цяперашні час падобныя збудаваньні выкарыстоўваюцца ў якасьці інгалятараў у курортных мястэчках Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы. У прыватнасьці, у польскіх Цехацінку ды Інаўроцлаве знаходзяцца вялізныя градырныя комплексы, найбуйнейшыя і адныя з найстарэйшых у Эўропе.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зазвычай градырні будавалі ў выглядзе працяглых вежаў вышынёй да некалькіх соцень мэтраў. Нутро драўлянай канструкцыі запаўнялі хмызам (звычайна цярновым). Рашчына сьцякае зьверху ўніз, часткова выпараючыся, а значыць, павялічваючы канцэнтрацыю соляў. Унізе градырні разьмяшчалі басэйн для збору рэшты вадкасьці. У той самы час на хмызьняку асядае частка слабараспушчальных дадаткаў — карбанатаў, гіпсу, жалезнай руды, падвышаючы якасьць рапы.
Працэс выпарэньня моцна залежыць ад надвор’я: падчас сонечнага і ветранага дня яно найінтэнсіўнейшае, а ў дажджыстыя ды пахмурныя амаль не адбываецца.
Зь цягам часу хмыз дубее ад мінэральных адкладаў і вымагае замены. Да таго ж вільготная і шырокая плошча градырні здольная эфэктыўна ўлоўліваць забруджвальнікі паветра.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVII—XVIII стагодзьдзях градырні зьяўляліся адным з элемэнтаў саляварняў(d). Драўляныя канструкцыі палівалі рашчынай уручную, пасьля зьбіралі вадкасьць пад градырняй і паўтаралі гэты працэс шматразова, што дазваляла здабыць вадкасьць большай гушчыні. Дзякуючы гэтаму солевараньне дазваляла спажываць меней энэргіі на выпарваньне вады і крышталізацыю солі. Выкарыстаньне помпаў дазволіла будаваць значна вышэйшыя і даўжэйшыя градырні, але асноўны прынцып іхняга дзеяньня не зьмяніўся.
Разьвіцьцё іншых спосабаў здабываньня солі, а таксама падвышэньне выкарыстаньня бальнэалёгіі ў мэдыцыне спрыяў таму, што градырні сталі служыць месцам прыняцьця інгаляцыяў спэцыфічнага аэразолю, які паўстае ў іхняй непасрэднай блізкасьці. Замест саляварняў утварыліся курорты, а былыя градырні і дагэтуль часам памылкова называюць «саляварнямі». Мікраклімат вакол градырняў выкарыстоўваецца ў прафіляктыцы і лекаваньні захворваньняў верхніх дыхальных шляхоў, гаймарыту, эмфізэмы лёгкіх, артэрыяльнай гіпэртэнзіі, алергіі, вэгетатыўнага нэўрозу ды ў выпадках агульнага зьнясіленьня.
Цікава, што ў саляных градырнях утварэньне багатых на солі аэразоляў было непажаданым эфэктам, бо спрычыньвала страту каштоўнай солі. У інгаляцыі ж найбольшае значэньне мае акурат склад аэразолю, таму канструкцыі лекавых градырняў часткова адрозьніваюцца ад традыцыйных. Найперш рашчына сплывае менавіта па драўляных мурах, якія стаяць адвесна (а не пашыраюцца ўнізе), каб стварыць як найбольшую колькасьць гаючага паветра.
Геральдыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хоць у геральдыцы рэдка сустракаецца выкарыстаньне тэхнічных збудаваньняў, градырні патрапілі на гербы некалькіх местаў. Іхнія фігуры выяўленыя вельмі спрошчана, часьцей у франтальным выглядзе, радзей — у прадольным. Больш пашыранае адлюстраваньне факту здабычы солі ў выглядзе солевых кручкоў(d), крышталікаў(d), сальніцаў(d).
-
Герб Баду-Ротэнфэльдэ (Нямеччына)
-
Герб Цехацінку (Польшча)