Lifosa
Каардынаты: 55°16′15″ пн. ш. 24°0′40″ у. д. / 55.27083° пн. ш. 24.01111° у. д.
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 18 студзеня 1963 (61 год таму) |
Уласьнікі | EuroChem[d] |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Кейданы (Ковенскі павет, Летува) |
Ключавыя фігуры | Ёнас Дасьцікас, Андрэй Мельнічэнка |
Галіна | хімічная прамысловасьць |
Прадукцыя | угнаеньне |
Абарачэньне | 413 млн эўра (2015 г.) |
Апэрацыйны прыбытак | 61,5 млн эўра (2015 г.) |
Лік супрацоўнікаў | 978 (2017 г.)[1] |
Матчына кампанія | «Эўрахім» (Цуг, Швайцарыя) |
«Ліфоса» (лет. Lifosa) — хімічны завод Летувы, заснаваны ў студзені 1963 году ў Кейданах. Прадпрыемства займае 292 гектары плошчы і мае 18 км чыгункі для вывазу вырабаў. З 1998 году ў асноўным вырабляе азотна-фосфарнае ўгнаеньне дыамоніфасфат (ДАФ) з фосфарнай і серчанай кісьляў. Фтор, які вылучаецца пры вырабе фосфарнай кісьлі, перапрацоўваюць у фтарыд алюміну. Таксама з фосфарнай кісьлі вырабляюць кармавы дадатак монакальцфасфат. З 2000 году падае праз сталёвыя трубы цяпло, якое вылучаецца пры вырабе серчанай кісьлі (+90°C), у кацельню Кейданоў для абагрэва жылых дамоў (100 тыс. мэгават·гадзіна). З 2007 году пры дапамозе абсталяваньня рэкупэрацыі цяпла таксама вырабляе зь лішкавых крыніцаў цяпла 250 млн кіляват·гадзіна электраэнэргіі, зь якіх 50 млн кВт·г падае ў электрасетку Летувы. У 2012 годзе завод паставіў 96,6% вырабаў за мяжу праз Клайпедзкі порт. У 2015 годзе 89,4% экспарта прыпала на краіны Эўропы.
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2017 год «Ліфоса» пераважна вырабляла азотна-фосфарнае ўгнаеньне дыамоніфасфат (ДАФ), вытворчасьць якога пачалася з 1998 году замест монаамоніфасфата (МАФ). Прадпрыемства таксама выпускала фторысты алюмін, фасфат монакальцу, фосфарную і серчаную кісьлі. Працавалі 4 вытворчыя цэхі: серчанай кісьлі, фосфарнай кісьлі, амафоса, фторыстага алюміну з вытворчым участкам кальцу фасфатаў. Вытворчая магутнасьць прадпрыемства за год складала: 1151,7 тыс. тонаў сернай кісьлі, 936 тыс. тонаў дыамоніфасфату, 460,8 тыс. тонаў фосфарнай кісьлі, 150 тыс. тонаў монакальцафасфату і 17 тыс. тонаў фторыстага алюміну.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 1959 году пачалі будаваць Кейданскую супэрфасфатную фабрыку, у тым ліку падводзіць аўтадарогу і чыгунку. У 1961 годзе вытворчую дзейнасьць распачаў мэханічны цэх. 18 студзеня 1963 году запусьцілі 1-ю лінію вытворчасьці серчанай кісьлі з гадавой магутнасьцю ў 100 000 тонаў. У верасьні 1963 году дадалі 2-ю лінію серчанай кісьлі. У сьнежні 1963 году пачалі выраб парашковага і грануляванага супэрфасфата. У 1964 г. запусьцілі цэх фтарыда алюміну і 3-ю лінію серчанай кісьлі. У сьнежні 1968 г. запрацавалі цэхі фосфарнай кісьлі і амафоса. У 1970 г. пусьцілі 2-і цэх грануляванага супэрфасфата. У 1972 г. пабудавалі цэх сумесяў угнаеньняў і пачалі вырабляць прэсаванае фосфарна-калійнае ўгнаеньне, якое працягвалі да 1990 году. У 1973 г. запрацавала 4-я лінія серчанай кісьлі.
У 1982 годзе адчынілі 2-і цэх фосфарнай кісьлі. У 1984 г. запусьцілі больш магутны цэх фтарыда алюміну. У 1986 г. пабудавалі 3-ю лінію вытворчасьці амафоса. У 1988 г. запрацаваў новы цэх серчатай кісьлі. У 1996 годзе прадпрыемства прыватызавалі. У сьнежні 1997 г. стварылі сумесную вытворчасьць супэрфасфатаў з ААТ «Кеміра» (Хэльсынкі, Фінляндыя), якую са жніўня 2004 г. вылучылі ў самастойнае прадпрыемства. У 1998 г. АТ «Ліфоса» перабудавала цэх амафоса, пачало выраб дыамоніфасфата і пабудавала новы склад на 40 000 тонаў вырабаў. У ліпені 1999 г. АТ «Ліфоса» падпісала дамову з ТАА «Каргіл-Холдынг Даніі» (Шарлётэнлун, Сталічная вобласьць) пра выключнае права на збыт фасфатаў.
У 2000 г. падвоілі магутнасьць цэха серчанай кісьлі, што зрабіла прадпрыемства найбольшым яе вытворцам у Эўропе. Таксама запусьцілі турбагенэратар магутнасьцю на 25 мэгават для вырабу электраэнэргіі ад пары, што ўтвараецца пры вытворчасьці серчанай кісьлі. Гэта прывяло да самазабясьпечанасьці электраэнэргіяй і падачы цяпла на абагрэў Кейданоў. У 2001 годзе пачалі вырабляць кармавыя фасфаты (дыкальцафасфат). У 2002 г. — монакальцафасфат. У 2002 годзе расейскае прадпрыемства «Эўрахім» (Масква, Паўднёвая адміністрацыйная акруга, Данілаўскі раён) набыло кантрольны пакет акцыяў АТ «Ліфоса». Пагатоў «Эўрахім» пастаўляў асноўную сыравіну і з 2006 году стаў належаць расейскаму прадпрымальніку Андрэю Мельнічэнку, які быў ураджэнцам Беларусі. У 2004 г. пачалі вырабляць монадыкальцафасфат. У 2010 годзе пабудавалі склад на 100 000 тонаў апатыта, які зьяўляецца асноўнай фасфатнай сыравінай. У выніку сыравіны стала хапаць на месяц вытворчасьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ліфоса // Блумбэрг ТБ, 2017 г. Праверана 17 красавіка 2017 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |