Deviation
Deviation — беларускі панк-рок гурт, заснаваны ў 1993 годзе ў Вялікай Бераставіцы Стасам і Андрэем Пачобутам.[1] Пераважная большасьць песень гурту мае палітычную афарбоўку анархічнага зьместу: у песьнях крытыкуецца фашызм, таталітарызм, а таксама асоба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Асноўная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэты разьдзел утрымлівае ненарматыўную лексыку. Зьмест гэтага разьдзелу можа здацца некаторым чытачам непрыстойным альбо абразьлівым. |
12 лістапада 1993 году адбыўся першы канцэрт гэтага гурту[1], падчас якога сярод іншых была выкананая песьня «Міліцэйскі тэрор», прысьвечаная былому кіраўніку Бераставіцкага РУУС, што зьявілася падставай для іх затрыманьня[2][3]. У хуткім часе браты пераехалі ў Горадню.
У 1995 годзе гурт выступіў на фэстывалі «Раздавим фашистскую гадину’95», дзе яны выканалі 3 песьні[1].
У 1996 годзе быў выдадзены першы альбом «Lukaschenko… Uber Alles», у якім утрымоўвалася вострая крытыка прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама лідэра апазыцыйнай партыі КХП-БНФ Зянона Пазьняка[2].
У 1997 годзе быў выдадзены другі альбом «Хуй вам, або таталітарызм ня пройдзе!», які зьмяшчаў нецэнзурную лексіку, аднак стаўся больш папулярным за папярэдні[1].
У 1998 годзе гурт удзельнічаў у фэстывалі беларускай музыкі «Басовішча-1998»[4]. У тым жа годзе быў зладзены першы легальны канцэрт Deviation, у якім яны ўдзельнічалі разам з гуртом N.R.M..
У 1999 годзе Deviation перамог на фэстывалі «Басовішча-1999» ды ўдзельнічаў у фэстывалі «Раздавим фашистскую гадину», а таксама атрымаў званьне «Найлепшага беларускага рок-гурту году» па вэрсіі «Музыкальной газеты».
У 2001 годзе ў Францыі гурт выдае свой трэці альбом «Guerrila urbana»[2], зьмест песень якога сярод іншага крытыкуе сыстэму прымусовага прызыву ў Беларусі. У тым жа годзе гурт удзельнічаў у фэстывалі «Раздавим фашистскую гадину-3»[1].
У 2009 годзе пасьля вялікага перапынку дзейнасьці ў форме інтэрнэт-рэлізу выйшаў чацьверты альбом «Чарговы дзень пад акупацыяй», які атрымаў найбольшую вядомасьць ды шмат станоўчых водгукаў ад беларускіх і замежных музычных крытыкаў[5][6]. У дадзеным альбоме робіцца акцэнт на крытыку дзейнасьці беларускіх праваахоўных органаў.
Канцэртная дзейнасць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гурт Deviation за часы свайго існаваньня меў няшмат дазволеных канцэртаў у Беларусі. Вядомасьць гурту прынесьлі прыватныя канцэрты ды шматлікія кватэрнікі, дзякуючы якім некаторыя музычныя крытыкі называюць гурт «панк-легенда з Горадні»[5]. Напрыканцы 90-х гг. — пачатку 2000-х гурт праводзіў даволі інтэнсіўную канцэртную дзейнасьць у Польшчы ды Расеі.
З пачатку 2010-х гадоў гурт не вядзе актыўнай канцэртнай дзейнасьці з-за таго, што лідэр гурту Стас Пачобут жыве па-за межамі Беларусі[3].
Асаблівасьці творчасьці гурту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя песьні гурту Deviation інсьпіраваныя творчасьцю замежных творцаў ці зьяўляюцца вынікам перакладу песень зь іншых моваў: песьня «Твой бацька фашыст» зьяўляецца каверам гіта 80-х гадоў «Твой папа — фашист» расейскага гурту «Телевизор», «День пабеды» — кавер расейскага гурту «АукцЫон», а песьня «Будучым ворагам дзяржавы» створана па матывах знакамітага польскага вершу «Do prostego człowieka» Юльяна Тувіма"[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула па музыцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |