Паганскія гаворкі з Нараву
«Паганскія гаворкі з Нараву» (па-польску: Pogańske gwary z Narewu) — рукапіс перакладу на польскую мову словаў «мясцовага дыялекту», знойдзены ў 1978 року ў паўночнай частцы Белавескае пушчы. Пры далейшым вывучэньні высьветлілася, што невядомая мова прыналежыць да балтыйскіх.
Знаходка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1978 року малады берасьцейскі аматар-калекцыянэр Вячаслаў Зінаў падчас вандроўкі па Белавескай пушчы трапіў на хутар ля пасёлку Новы Двор (на захад ад вёсак Роўбіцк і Крыніца Пружанскага раёну). Тут ён купіў у жыхара хутара малітоўнік на лаціне, у канцы якога было ўплецена некалькі рукапісных аркушаў пад назвай «Pogańske gwary z Narewu». Зацікавіўшыся, ён перапісаў увесь зьмест рукапісу ў сшытак і спрабаваў высьветліць, зь якой мовы зьдзейсьнены пераклад на польскую, аднак беспасьпяхова.
Кніга з арыгінальнымі аркушамі была страчаная ў час службы Вячаслава ў войску. Паводле словаў ягоных бацькоў, яны выкінулі яе ў сьметніцу разам зь іншымі прадметамі з сынавае калекцыі. Вячаслаў Зінаў, адслужыўшы, прадаставіў свой сшытак зь перапісанымі словамі ў Віленскі ўнівэрсытэт.
Вывучэньне рукапісу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля вывучэньня тэксту летувіскі лінгвіст Зіґмас Зінкявічус схіліўся да думкі, што рукапіс уяўляе сабой словы нейкае балтыйскае мовы зь перакладам іх на польскую. Навуковец выказаў думку, што складальнік слоўніку быў каталіком (словы запісаныя ў лацінскім малітоўніку і ахарактарызаваныя як «паганскія гаворкі»[1]), верагодна мясцовым (прысутнасьць беларускіх элемэнтаў у польскай частцы: bieły замест biały, buśieł замест bocian, lisa замест lis, zmija замест gadzina і інш.[1]). Рукапіс складаўся з 6 або 7 аркушаў у канцы кнігі, назву якое высьветліць няма магчымасьці. Частка літараў у слоўніку выцьвелі, і з гэтае прычыны Вячаслаў Зінаў перапісаў яго ў свой сшытак максымальна дакладна, у некаторых выпадках замяняючы літару ʃ на s у вядомых яму словах польскай мовы[2].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Слоўнік зьмяшчае 215 словаў і зьяўляецца адзіным пісьмовым помнікам балтыйскае гаворкі ў басэйне Нараву[1]. Лінгвіст Зіґмас Зінкявічус апублікаваў яго поўны зьмест у 1984 року ў шторочніку «Балто-славянские исследования». Ён ня здолеў прыйсьці да канчатковае высновы наконт таго, якая менавіта мова зафіксаваная слоўнікам, вылучыўшы тры вэрсіі:
- мова найбольш аддаленага племені старажытных яцьвягаў — паляксанаў. На карысьць гэтае вэрсіі сьведчыць наяўнасьць адрознай ад іншых балтыйскіх моваў лексыкі, напрыклад: Pjarku (Пярун), tuołi (чорт), dumo (цёмна), kit (хто), wiroʃ (спадар), guti (крыжакі), drygi (маскалі) і інш. Прысутнічаюць характэрныя для заходніх балтаў фанэтычныя асаблівасьці, напрыклад š, ž > s, z; пераход балцкага *e у і і інш. Акрамя таго, сам слоўнік названы «паганскім», у той час як летувісы ўжо вызнавалі хрысьціянства[3];
- летувіская мова зь вялікім мясцовым яцьвяскім уплывам. Шмат прыкладаў супадзеньня зь летувіскімі словамі (bałtaʃ — báltas, daug — daũg, eʃ — jìs, ii — ǰ, ʃenʃ — sȅnas) і як зь летувіскімі, так і латыскімі (daiņa — dainà/daiɳa, deuʃ — diȅvas/dìevs, letʃ — lietùs/liêtus, man — mán/man, patʃ — páts/pats, tik — tìk/tik)[4];
- Абедзьве мовы, як яцьвяская, так і летувіская, якія тады маглі суіснаваць у басэйну Нараву. Ускосна на гэта можа паказваць множны лік у назове слоўніку: gwary, a ня gwara[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Зіґмас Зінкявічус. Польско-ятвяжский словарик? (рас.) // Балто-славянские исследования 1983. — Москва: Наука, 1984. — Т. 4. — С. 5.
- ^ Зіґмас Зінкявічус. Польско-ятвяжский словарик? (рас.) // Балто-славянские исследования 1983. — Москва: Наука, 1984. — Т. 4. — С. 4—5.
- ^ Зіґмас Зінкявічус. Польско-ятвяжский словарик? (рас.) // Балто-славянские исследования 1983. — Москва: Наука, 1984. — Т. 4. — С. 28—29.
- ^ а б Зіґмас Зінкявічус. Польско-ятвяжский словарик? (рас.) // Балто-славянские исследования 1983. — Москва: Наука, 1984. — Т. 4. — С. 29.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зіґмас Зінкявічус. Польско-ятвяжский словарик? (рас.) // Редакционная коллегия: Вяч.Вс. Иванов, К.П. Корсакас, В.П. Мажюлис, Л.Г. Невская, В.П. Нерознак, М.К. Рудзите, Т.М. Судник (отв. секретарь), А.Е. Супрун, В.Н. Топоров, О.Н. Трубачёв. Балто-славянские исследования 1983 : ежегодник. — Москва: Наука, 1984. — Т. 4. — С. 3—29.
- Орёл В.Э., Хелимский Е.А. Наблюдения над балтийским языком польско-«ятвяжского» словарика (рас.) // Редакционная коллегия: Вяч.Вс. Иванов (отв. редактор), К.П. Корсакас, В.П. Мажюлис, Л.Г. Невская, В.П. Нерознак, М.К. Рудзите, Т.М. Судник (отв. секретарь), А.Е. Супрун, В.Н. Топоров, О.Н. Трубачёв. Балто-славянские исследования 1985 : ежегодник. — Москва: Наука, 1987. — Т. 6. — С. 121—134.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Судоўскі слоўнік (анг.)