Бэўвульф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Першая старонка рукапісу «Бэавульфа»

«Бэўвульф» (па-ангельску: Beowulf) — стараангельская эпічная паэма з 3182 радкоў, напісаная алітэраваным вершам на стараангельскай мове. Сама назва «Бэўвульф» умоўная — у рукапісе тэкст ніяк не азагалоўлены.

Вымаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хаця па-беларуску назву паэмы (і імя героя) найчасьцей пішуць і вымаўляюць як «Бэавульф» ці «Беавульф», трэба заўважыць, што ў стараангельскай мове спалучэньне літар eo чыталася як дыфтонг [eo] ці [eʊ][1]. Адпаведна, найбольш дакладная перадача арыінальнага вымаўленьня — Бэўвульф.

Датаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магчымая дата стварэньня паэмы строга абмежаваная зьнізу пачаткам 6 стагодзьдзя (час згаданай у тэксьце гібелі конунга Хігелака), а зьверху — першаю чвэрцю 11 стагодзьдзя (не пазьней гэтага часу быў створаны вядомы нам манускрыпт паэмы). У гэтых, даволі шырокіх, рамках на карысьць кожнага стагодзьдзя выказваліся пэўныя аргумэнты. Калі распаўсюджаная датыроўка паэмы 8 стагодзьдзем слушная, то найбольш верагоднае месца яе стварэньня — Нартумбрыя ці Мэрсія.

Рукапіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзіны рукапіс паэмы, які дайшоў да нас, датуецца прыблізна 1000 годам і створаны, відавочна, двума перапішчыкамі. Разам з рукапісам паэмы Юдыт і некалькімі празаічнымі тэкстамі ён уваходзіць у гэтак званы кодэкс Cotton Vitellius A. xv, які захоўваецца зараз у Брытанскай бібліятэцы. У 1731 годзе рукапіс, які захоўваўся тады ў Котанавай бібліятэцы, быў значна пашкожданы пажарам. У 1786 годзе ісьляндзкі дасьледчык Грымур Ёнсан Торкэлін перапісаў тэкст паэмы і замовіў яшчэ адну копію перапішчыку. З таго часу рукапіс паэмы быў дадаткова разбураны (працягвалі абсыпацца пашкоджаныя агнём часткі аркушаў), таму сёньня копіі Торкэліна зьяўляюцца важнаю дадатковаю крыніцаю тэксту паэмы.

Гісторыя пра Бэўвульфа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэма апісвае ўчынкі геацкага героя Бэўвульфа (ягонае імя перакладаецца, верагодна, як «пчаліны воўк», г.зн. «мядзьведзь»).

Пачынаецца паэма з таго, як дацкі конунг Хродгар загадаў збудаваць вялікі харом Хэарат для баляваньняў. Шум весялосьці, музыка й песьні ў палацы разьюшылі Грэндэля, пачварнага людажэра, які жыў непадалёк. Грэндэль пачынае нападаць на Хэарат, пажыраючы воінаў. Даны ня могуць зладзіць з пачвараю ды пакідаюць палац. Пачуўшы пра гэта, малады Бэўвульф, пляменьнік геацкага конунга Хігелака, прыходзіць са сваімі воінамі на дапамогу данам. Ён абяцае адолець Грэндэля голымі рукамі, і гэта аказваецца шчасьліваю здагадкаю, бо той заварожаны супраць зброі. Бэўвульф адрывае людажэру руку, і той ледзьве зьбягае прэч. Радасьць данаў з нагоды гэтае перамогі аказваецца заўчаснай: Грэндэлева жудасная маці прыходзіць помсьціць за сына і забівае аднога з райцаў конунга. Малады герой згаджаецца спусьціцца ў падводны дом пачвараў, і там забівае маці Грэндэля. Там жа ён знаходзіць памёрлага ад раны Грэндэля, і забірае з сабою ягоную галаву.

Шчодра адораны Хродгарам, Бэўвульф вяртаецца на радзіму і праз пэўны час робіцца конунгам свайго народу. Праз шмат гадоў, у часы Бэўвульфавай старасьці, нейкі неразумны вор выкрадае залатую чашу са скарбніцы магутнага цмока. Разьюшаны цмок пачынае зьнішчаць усё вакол, і Бэўвульф разам са сваімі воінамі выходзіць біцца зь ім. Толькі адзін з дружыньнікаў, Віглаф, аказваецца дастаткова стойкім, каб разам з гаспадарам выйсьці супраць цмока. Разам два воіны забіваюць пачвару, але Бэўвульф і сам памірае ад ранаў. Ягоная сьмерць прадвяшчае заняпад геатаў.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Хродгараў народ у розных месцах паэмы пра Бэўвульфа аўтар называе Паўночнымі Данамі (радок 783), Паўднёвымі Данамі (463), Заходнімі Данамі (383) і Ўсходнімі Данамі (828). Як заўважае Том Шыппі, дакладнасьць у дробязях тут амаль напэўна прынесеная ў ахвяру алітэрацыі. Калі слова East добра алітэруе зь першым паўрадком, то якая ўжо розьніца, як тое ж самае племя названае на пару старонак вышэй — так, відавочна, лічыў стараангельскі паэт.
  • Існуе каля 100 перакладаў Бэўвульфа на сучасную ангельскую мову — як паэтычных, так і празаічных. Толькі ў 2006 годзе зьявілася ня меней трох новых варыянтаў. Сярод перакладчыкаў — такія вядомыя аўтары як Джон Толкін (ягоны пераклад дагэтуль ня выдадзены, хаця размовы пра гэта вяліся) і Шэймас Хіні.
  • Калі верыць Саксону Граматыку, конунг Хродгар, на дапамогу якому прыходзіць Бэўвульф, — стрыечны прадзед Гамлета (па матчынай лініі).

Бэўвульф у сусьветнае культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пераклад паэмы (на лацінскую мову) быў выкананы Торкэлінам. На ангельскую мову паэма перакладалася ня менш як сотню разоў, у тым ліку Шэймасам Гіні. Па-беларуску невялікія ўрыўкі ў перакладзе Антона Францішка Брыля выходзілі ў часопісе «Наша Вера», №46; пазьней некалькі першых разьдзелаў паэмы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», №38 (у абодвух выпадках пад загалоўкам «Бэўвульф»). Урэшце, у чэрвені 2013 года пад назвай «Бэўвульф» выйшаў поўны пераклад на беларускую аўтарства Антона Францішка Брыля[2][3].

У пазьнейшае літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Джон Гарднэр выкарыстаў сюжэт паэмы ў сваім рамане «Грэндэль» (1971)
  • «Бэўвульф» аказаў вялікі ўплыў на творчасьць Джона Толкіна, у прыватнасьці на казку «Хобіт» (1937)

У кінематографе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Peter S. Baker. Introduction to Old English (Oxford: Blackwell, 2003)
  2. ^ Бэўвульф / пер. са стараанглійскай мовы Антона Францішка Брыля. — Мінск : Зміцер Колас, 2013. — 130 с.
  3. ^ Чарнякевіч Ц. І наш «Бэўвульф» Архівавана 29 чэрвеня 2017. // Звязда, № 117 (27482), 27 чэрв. 2013.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэўвульфсховішча мультымэдыйных матэрыялаў