Эміль Змачынскі
Эміль Змачынскі | |
Эміль Змачынскі (пералом 1920—1930) | |
Дата нараджэньня | 2 сакавіка 1889 |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Падзернае, Менскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 15 сакавіка 1945 (56 гадоў) |
Месца сьмерці | п. Рашоты, Ніжнеінгаскі раён, Краснаярскі край, СССР |
Месца вучобы | Юр’еўскі ўнівэрсытэт |
Занятак | хімік |
Навуковая сфэра | неарганічная хімія, арганічная хімія, фармацэўтычная хімія |
Месца працы | Саратаўскі сельгасінстытут, Пермскі ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Навуковая ступень | кандыдат хімічных навук[d] (1915) |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Змачынскі (неадназначнасьць).
Эмі́ль Віке́нцевіч Змачынскі (2 сакавіка [ст. ст. 14] 1889, в. Падзернае Рубяжэвіцкай воласьці, Менскі павет Менскай губэрні, Расейская імпэрыя — 15 сакавіка 1945, Рашоты, Краснаярскі край, СССР) — расейскі і беларускі хімік, стваральнік і першы загадчык катэдры фармпрэпаратаў, загадчык катэдрай арганічнай хіміі Пермскага ўнівэрсытэту, загадчык катэдры агульнай і неарганічнай хіміі, стваральнік і першы дэкан хімічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Распрацаваў спосабы здабываньня іхтыёлу з гаручых лупнякоў, спосаб камбінаванай перапрацоўкі торфу і фасфарыту дзеля атрыманьня фосфарных угнаеньняў, сьпірту, дрожджаў. Прапанаваў новы варыянт пэрыядычнай сыстэмы элемэнтаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў Менскую гімназію (1907), хімічнае аддзяленьне фізыка-матэматычнага факультэту Юр’еўскага ўнівэрсытэту (1914), Вышэйшыя пэдагагічныя курсы па аддзяленьні фізыкі, матэматыкі і касмаграфіі ў Юр’еве (1915).
Абараніў дысэртацыю на тэму «Пра лінейную хуткасьць крышталізацыі этэраў бэнзол-ортакарбонавай кісьлі». Кандыдат хімічных навук (1915).
У 1915 року пачаў працаваць хімікам Вайскова-прамысловага камітэту (Масква), у Вышэйшай тэхнічнай вучэльні ў лябараторыі прафэсара Аляксея Чычыбабіна. У 1916—1917 навучальным годзе займаўся будаўніцтвам і кіраўніцтвам хлёрцыянавым аддзяленьнем і вытворчасьцю цынкавага купарвасу на досьледным заводзе Вайскова-хімічнага камітэту ў Ленінградзе.
З 1917 року выкладаў хімію ў Саратаўскім дзяржаўным сельгасінстытуце, быў асыстэнтам і дацэнтам катэдры аналітычнай хіміі.
У 1925—1928 — стваральнік, першы загадчык катэдры, прафэсар катэдры тэхналёгіі фармацэўтычных прэпаратаў хіміка-фармацэўтычнага аддзяленьня мэдыцынскага факультэту Пермскага ўнівэрсытэту; адначасна — загадчык катэдры арганічнай хіміі (1926—1927) унівэрсытэту[1][2]. Звольніўся зь Пермскага ўнівэрсытэту 15 кастрычніка 1928 року ў сувязі зь пераводам у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Адной з прычынаў ягонага ад’езду зь Пермі стала абвастрэньне сухотнага працэсу ва ўральскім клімаце, непрыдатным для ягонага здароўя[3].
У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ўзначаліў катэдру агульнай і неарганічнай хіміі (1928—1937). Стаў стваральнікам і першым дэканам хімічнага факультэту (1931, пасьля 1934—1936)[4].
8 красавіка 1938 року арыштаваны па ілжывым паклёпе УНКУС па Саратаўскай вобласьці, асуджаны 17 верасьня 1939 року АС(ru) НКУС СССР па абвінавачаньні ў шпіёнска-дывэрсійнай дзейнасьці на 5 гадоў. Адбываў прысуд у лягеры-калёніі на станцыі Рашоты (Ніжнеінгаскі раён, Краснаярскі край). Памёр там 15 сакавіка 1945 року пасьля цяжкага захворваньня і дыстрафіі.
24 траўня 1957 року пасьмяротна рэабілітаваны вайсковым трыбуналам Прывалжанскай вайсковай акругі[5][6].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1917—1918 роках быў артылерыйскім прымальнікам і дарадцам Галоўнай артылерыйскай управы, займаўся праектаваньнем і пабудовай заводу цыяністага калю ў Саратаве. У 1918—1919 роках загадваў хімічным аддзелам Губэрнскага савету народнай гаспадаркі (ГСНГ), браў удзел у пабудове сьпіртаперагонных аддзяленьняў на саратаўскіх дражджавых заводах. У 1920—1921 роках — сябра вытворча-тэхнічнай камісіі пры Саратовскім ГСНГ, у 1921—1922 — загадчык Губхімпраму ГСНГ і дырэктар-распарадчык заснаванага ім трэсту «Аб’яднаньне хімзаводаў», займаўся аднаўленьнем бязьдзейных хімзаводаў, будаўніцтвам лупнякаперагоннага заводу і вытворчасьцю іхтыёлу ў Саратаве. У 1923—1924 роках — сябра Саратаўскай губэрнскай плянавай камісіі.
У 1917 року Эміль Змачынскі зрабіў два вынаходніцтвы: 1) атрымаў бромісты цыян і 2) атрымаў бром- і падарганічныя злучэньні.
У 1919—1920 роках рэдагаваў часопіс «Народное хозяйство Нижнего Поволжья».
Значную арганізацыйную працу правёў у Пермі. Працуючы ў Пермскім унівэрсытэце, стварыў і ачоліў катэдру тэхналёгіі фармпрэпаратаў, займаўся будаўніцтвам і абсталяваньнем хіміка-фармацэўтычнага заводу, разьмешчанага ў Алафузаўскім корпусе, кіраваў навукова-дасьледчай працай у лябараторыі тэхналёгіі фармацэўтычных прэпаратаў. Гэта было адзначана ўправай Пермскага ўнівэрсытэту (1928).
За час працы ў Пермскім унівэрсытэце апублікаваў работы: «Стан і пэрспэктывы разьвіцьця хіміка-фармацэўтычнай прамысловасьці на Ўрале» (Хозяйство Урала. 1926. № 13—14), «Шляхі разьвіцьця і задачы тэхналёгіі фармацэўтычных прэпаратаў» (Вестник фармации. 1926. № 2)[3]. Агулам да гэтай пары апублікаваў 12 навукова-тэхнічных працаў.
У Беларускім унівэрсытэце стаў арганізатарам хімічнага факультэту і ягоным першым дэканам (1931)[4]. Тут жа распрацаваў спосабы здабываньня іхтыёлу з гаручых лупнякоў, праекты шэрагу досьледна-прамысловых вытворчасьцей. Пачаў шырокае дасьледаваньне беларускіх торфаў, стварыў і ачоліў лябараторыю торфу (1934), пераўтвораную ў лябараторыю па вывучэньні хімічнай сыравіны БССР. Распрацаваў новы спосаб камбінаванай перапрацоўкі торфу і фасфарыту дзеля атрыманьня фосфарных угнаеньняў, сьпірту, дрожджаў. Прапанаваў новы спосаб брамаваньня і ёдаваньня арганічных злучэньняў. Правёў шэраг дасьледаваньняў, датычных каталізу, электрахіміі.
Распрацаваў новы варыянт пэрыядычнай сыстэмы элемэнтаў[7][8].
Аўтар шэрагу тэарэтычных працаў, прысьвечаных праблемам выкарыстаньня прыроднай сыравіны, разьвіцьцю хімічнай прамысловасьці[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Рыбакова М. Н. 2011. С. 5.
- ^ а б Змачинский Эмиль Викентьевич (2/14.03.1889—1945 гг.) (рас.). Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Праверана 10 ліпеня 2019 г. Архіўная копія ад 11 студзеня 2017 г.
- ^ а б Рогожников С. И. 2016. С. 159.
- ^ а б Довоенные годы (рас.). Химический факультет Белорусского государственного университета. Праверана 10 ліпеня 2019 г.
- ^ Эмиль Змачинский (рас.) Timenote Праверана 10 ліпеня 2019 г.
- ^ Данные о репрессиях профессоров (рас.) Социальная история отечественной науки. Институт истории естествознания и техники им. С. И. Вавилова РА. Праверана 10 ліпеня 2019 г.
- ^ Modern Versions of the Perodic Table (анг.). School of Chemistry, University of Bristol. Праверана 10 ліпеня 2019 г.
- ^ 1935. Zmaczynski's Triangular Periodic Table (анг.) meta-synthesis. Mark Leach. Праверана 10 ліпеня 2019 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Ошуркова Р. А. Змачинский Эмиль Викентьевич // Пермский университет в 2004 году: юбилейные и памятные даты ученых и Героев Советского Союза / Костицын В. И.. — Пермь: Изд-во Перм. ун-та, 2004. — С. 17—19. — 143 с.
- Змачинский Эмиль Викентьевич // Профессора Пермского государственного университета: (1916—2001) / Гл. ред.: В. В. Маланин. — Пермь: Изд-во Перм. ун-та, 2001. — С. 76—77. — 419 с.
- Рогожников С. И. Э. В. Змачинский — профессор Пермского университета, заведующий кафедрой органической химии (1926—1927) // Химический факультет Пермского университета. История возникновения и становления / Рогожников С. И.. — Пермь: ПГНИУ, 2016. — С. 157—159. — 476 с.
- Рыбакова М. Н. История кафедры органической химии (1918—2011) // Вестник Пермского университета. Серия «Химия». — 2011. — В. 4 (4). — С. 4—11.
Папярэднік ' |
Дэкан хімічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 1931 |
Наступнік Мікалай Прыляжаеў |
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 2 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1889 годзе
- Памерлі 15 сакавіка
- Памерлі ў 1945 годзе
- Кандыдаты хімічных навук
- Нарадзіліся ў Менскім павеце (Расейская імпэрыя)
- Памерлі ў Ніжнеінгаскім раёне
- Беларускія хімікі
- Расейскія хімікі
- Выпускнікі Тартускага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Саратаўскага дзяржаўнага аграрнага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі Пермскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Выкладчыкі БДУ
- Дэканы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Рэпрэсаваныя ў СССР
- Рэабілітаваныя ў СССР
- Нарадзіліся ў Стаўпецкім раёне