Перайсьці да зьместу

Ева Фялінская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Эва Фялінская»)
Ева Фялінская
Дата нараджэньня 26 сьнежня 1793(1793-12-26)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 сьнежня 1859(1859-12-20)[2][1] (65 гадоў)
Месца сьмерці
Занятак празаік, падарожнік, пісьменьніца
Жанры мэмуары[d] і раман
Дзеці Паўліна з Фелінскіх[d] і Зыгмунт Фялінскі

Е́ва Фялі́нская (па-польску: Ewa Felińska; 26 сьнежня 1793, Узнога Слуцкага павету Менскай губэрні — 20 сьнежня 1859, Ваютын Луцкага павету Валынскай губэрні) — польская пісьменьніца, мэмуарыстка, удзельніца вызваленчага руху.

Ева Фялінская з дому Вяндорфаў урадзілася ў зьбяднелай шляхецкай сям’і ў вёсцы Ўзнога на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яе бацькам быў Зыгмунт Вярба-Вяндорф уласнага гербу, маці — Соф’я Сагайла. Бацька працаваў у адвакатуры ў Наваградку.

Па сьмерці бацькі Ева Вяндорф была аддадзеная на выхаваньне багатым сваякам, уладальнікам маёнтку ў Галынцы[3], дзе атрымала хатнюю адукацыю. У 1811 у васямнаццацігадовым узросьце выйшла за Герарда Фялінскага, брата Алёйзы Фялінскага, і пераехала ў ягоны маёнтак у Ваютыне на Валыні. У шлюбе Ева стала маці дзесяцёх дзяцей, аднак чатыры старэйшыя зь іх памерлі ў раньнім дзяцінстве. Сярод астатніх трох сыноў і трох дачок выхавала Зыгмунта, будучага арцыбіскупа, мітрапаліта варшаўскага.

Неўзабаве па здушэньні паўстаньня 1830 року памёр Герард, які перажываў здушэньне паўстаньня як уласную паразу. Тады ў 1833 Ева Фялінская пераехала ў Крэменец, намагаючыся даць дзецям найлепшую адукацыю й выхаваньне. Тут яна навязала кантакты з Садружнасьцю польскага народу Шымана Канарскага, мэтай якога было пашырэньне асьветы і польскай сьвядомасьці. Стала сакратаркай таварыства, адказвала за парадкаваньне замежнай карэспандэнцыі Садружнасьці, стварыла філію арганізацыі «Жаночае таварыства». У выніку раскрыцьця кансьпіратыўнай сеткі 19 ліпеня 1838 Фялінская была арыштаваная і паводле прыгавору суду сасланая ў Бярозаў на рацэ Об. Ніколі дагэтуль царскі ўрад так жорстка не караў жанчынаў, і Ева Фялінская стала першай полькай, якая была сасланая ў Сыбір. У 1841 ўмовы яе перабываньня палепшыліся пасьля пераводу ў Саратаў на Волзе, дзе Ева знаходзілася да 1844 року.

Сябравала зь Язэпам Крашэўскім, драматургам Алёйзам Фялінскім (сваім шваграм), Салямэяй Бэкю (маці Юльюша Славацкага).

Пасьля ссылкі актыўна занялася літаратурнай творчасьцю. Ссылку апісала ў мэмуарах «Успаміны з падарожжа ў Сыбір, побыту ў Бярозаве і ў Саратаве», надрукаваныя ўпершыню ў альманаху «Athenaeum» (1845—1850), а пасьля выдадзеныя кнігай у друкарні Юзэфа Завадзкага(lt) ў Вільні (Т. I—III, 1852—1853). У 1849 выйшла аповесьць «Герсылія», у аповесьцях «Пан дэпутат» (1852) і «Пляменьніца і цётка» (1853) калярытна апісала жыцьцё беларускай шляхты. Яе «Памяткі з жыцьця», пяць тамоў якіх выйшлі з друку ў 1856—1860, зьяўляюцца найбольш каштоўным творам па гісторыі нораваў у Беларусі, Літве, на Валыні канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў. На жаль, сьмерць Евы Фялінскай не дазволіла скончыць гэтую працу.

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Историческая энциклопедия Сибири (рас.) / под ред. В. А. ЛаминНовосибирск: 2009. — ISBN 5-8402-0230-4
  2. ^ Ewa Felińska // CERL Thesaurus (анг.)Consortium of European Research Libraries.
  3. ^ Вучні Нацкай СШ — Савецкае Палессе. (8 кастрычніка 2009) Прадстаўнікі роду Вендорфаў Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал Праверана 12 жніўня 2012 г.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Ryszard Badowski. 2001: Odkrywanie Świata. Polacy na sześciu kontynentach. — Pascal. — ISBN 83-7304-013-7
  • R. Winiarek. Zygmunt Szczęsny Feliński (1822—1895) // Gazeta Częstochowska. — 12 IX 2002. — № 36.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]