Мікола Цэлеш
| Мікола Цэлеш | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Псэўданімы | Марцін Люціч, М.Люціч, М.Лясун |
| Нарадзіўся | 25 ліпеня 1900 |
| Памёр | пасьля 1976 |
| Пахаваны | |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | пісьменьнік |
| Мова | беларуская |
| Дэбют | «Па воўчых сьцежках» (1929) |
| Творы на сайце Knihi.com | |
Міко́ла Яфі́мавіч Цэ́леш (Целеш; 25 ліпеня 1900[1][2], в. Заазер’е, Барысаўскі павет, Расейская імпэрыя — пасьля 1976) — беларускі пісьменьнік. Псэўданімы: Марцін Люціч, М.Люціч, М.Лясун; крыптанім: М. Ц..
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нарадзіўся ў в. Заазер’е Барысаўскага павету (цяпер Машчаніцкі сельсавет Бялыніцкага раёну). Скончыў вясковую школу (1911), навучаўся ў Бялыніцкай найвышэйшай пачатковай вучэльні, скончыць якую перашкодзіла Першая сусьветная вайна. У 1916 зьехаў у Варонеж, пасьля працаваў на Данбасе. Пасьля акупацыі Данбасу Дзянікіным у 1919 року пайшоў дабраахвотнікам у Чырвоную армію. Дэмабілізаваны ў 1922.
Прыехаў у Менск, працаваў у рэдакцыі часопісу «Паляўнічы Беларусі», іншых дзяржаўных установах.
Падчас нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай газэце». З чэрвеня 1944 на эміграцыі ў Нямеччыне, з канца 1940-х у ЗША (Нью-Ёрк).
У 1976 годзе выйшаў з дому ў Порт-Джэрвісе (штат Нью-Ёрк) і паехаў у Нью-Ёрк, куды, па сьведчаньні кіроўцы аўтобуса, даехаў, апасьля гэтага зьнік бязь вестак[3]. Датай сьмерці лічыцца 1978 рок[2][4].
У кнізе Барыса Сачанкі «Пад сузор’ем сярпа і молата» згадана перапіска Цэлеша з Максімам Танкам: «Мікола Целеш выкладаў умовы, паводле якіх ён згадзіўся б пераехаць жыць на Бацькаўшчыну, у Беларусь. Галоўным зь іх былі зьмена таталітарнага рэжыму, наданьне Беларусі сапраўднага суверэнітэту, незалежнасьць ад Масквы». Сачанка бачыў тут сувязь з тым, што Цэлеш потым «выйшаў з дому і зьнік».
Цела яго знайшлі ў 1991 годзе ў сажалцы на фэрме каля Порт-Джэрвіса[3], але здолелі ідэнтыфікаваць толькі ў 2025 годзе. Адпяваньне Міколы Цэлеша адбылося 24 кастрычніка 2025 году ў пахавальным доме Малішэўскага, пахаваны ў Іст-Брансўіку на беларускіх могілках парафіі царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Гайлэнд-Парку (Нью-Джэрзі)[5]. Расьсьледаваньне абставін сьмерці Міколы Цэлеша працягваецца[3].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Друкавацца пачаў у часопісе «Паляўнічы Беларусі» з 1929 року (першае апавяданьне — «Па воўчых сьцежках»). Супрацоўнічаў з часопісамі «Полымя рэвалюцыі», «Маладняк», «Работніца і калгасьніца Беларусі», газэтамі «Літаратура і мастацтва» й іншымі. У БССР выдаў кнігі прозы «Апавяданьні паляўнічага» (1931), «Са стрэльбай і сабакам» (1932), «Курылка» (1935, перавыдадзеная ў 1938), а таксама зборнікі дзіцячых апавяданьняў «Буська» (1930, перавыдадзеная ў 1939) і «Знаходка» (1939). У 1943 року выйшаў зборнік апавяданьняў «На крыжы».
На эміграцыі друкаваўся ў газэтах «Бацькаўшчына», «Беларус», альманаху твораў беларускіх літаратараў «Ля чужых берагоў». У Нью-Ёрку выйшлі «Дзесяць апавяданьняў» (1965) і «Хмары над Бацькаўшчынай» (1996, пасьмяротна). Займаўся перакладамі на беларускую з вугорскай і ідышу[1] апавяданьняў вугорскіх і жыдоўскіх пісьменьнікаў.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Меў жонку Чэславу[6] (у ЗША — Кэрал Цэлеш; анг. Carol Celesh, 1920—2006[7]), зь якой ажаніўся яшчэ ў СССР, і двух дачок[8]. Таксама меў двух сыноў у першым шлюбе[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Арлоў, Уладзімер (25 ліпеня 2006) Імёны Свабоды: Мікола Цэлеш (25.7.1900, в. Зазер’е, Барысаўшчына — ?) Імёны Свабоды. Радыё «Свабода». Праверана 17 жніўня 2017 г.
- 1 2 Social Security Death Master File (Social Security Death Index) (анг.) — Social Security number 122-26-8114 was issued to MIKOLAI CELESZ, who was born 25 July 1900 and, Death Master File says, died February 1978.. Праверана 17 жніўня 2017 г.
- 1 2 3 4 Натальля Гардзіенка (2025-10-25) Мікола Цэлеш — справа не закрытая…
- ↑ Mikolai Celesz In U.S. Social Security Death Index (SSDI) (анг.) MyHeritage Праверана 17 жніўня 2017 г.
- ↑ Натальля Гардзіенка (2025-10-11) 24 кастрычніка 2025 г. (амаль празь 50 гадоў пасьля сьмерці) адбудзецца пахаваньне беларускага пісьменьніка Міколы Цэлеша (1900—1976).
- ↑ Carol (Czeslawa) Celesz In U.S. Naturalization Records (анг.) MyHeritage Праверана 17 жніўня 2017 г.
- ↑ Social Security Death Master File (Social Security Death Index) (анг.) — Social Security number 122-26-8135 was issued to CAROL CELESH, who was born 25 December 1920 and, Death Master File says, died 30 September 2006.. Праверана 17 жніўня 2017 г.
- ↑ Obituary for: Carol Celesh (анг.) Life Legacy. Memorial Networks™. Праверана 17 жніўня 2017 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- А. Пашкевич. Летописец из Зазерья: судьба и творчество М. Целеша // Нёман : часопіс. — 2001. — № 4. — С. 221—232.
- Мікола Яфімавіч Цэлеш // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — 684с.;іл. с. — ISBN 985-11-0022-6
- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — 300 ас.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Жыцьцяпіс(недаступная спасылка)