Хведар Ільяшэвіч
| Хведар Ільяшэвіч | |
![]() | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Псэўданімы | М. Д. |
| Нарадзіўся | 17 лютага 1910 (116 гадоў таму) Вільня, Расейская імпэрыя |
| Памёр | 7 лістапада 1948 (77 гадоў таму) Ватэнштэц, Нямеччына |
| Пахаваны | |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | Выкладнік, журналіст, рэдактар, выдавец |
| Гады творчасьці | 1922-1936 |
| Жанр | Паэзія |
| Мова | Беларуская |
| Дэбют | «Веснапесьні» (1922) |

Хведар Ільяшэвіч (17 лютага 1910, Вільня — 7 лістапада 1948, Ватэнштэц, Нямеччына) — беларускі паэт, журналіст, гісторык, магістар філязофіі за дысэртацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні» (1936), беларускі палітычны дзяяч. Меў сястру Ніну і старэйшага брата Міколу. Падчас Першай сусьветнай вайны сям’я падалася ў бежанцы.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Скончыў Віленскую беларускую гімназію, гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У гімназіі браты вучыліся разам з Натальляй Арсеньневай, Алесем Салагубам, выкладалі Максім Гарэцкі, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя. Выкладчык беларускай мовы ў Віленскай беларускай гімназіі. Актыўны ўдзельнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады, хадзіў па беларускіх вёсках, распаўсюджваў рэвалюцыйную літаратуру, ідэі беларускасьці. За гэтую дзейнасьць у 1927 годзе быў пасаджаны польскімі ўладамі ў турму Лукішкі. Пасьля турэмнага пакараньня працягваў працаваць на ніве нацыянальнага адраджэньня, адначасова навучаючыся на гістарычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. З 1934 году настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі[1]. У 1936 скончыў унівэрсытэт, абараніў дысэртацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)», атрымаў званьне магістра філязофіі. Вершы друкаваліся ў «Студэнцкай думцы», «Беларускай ніве», «Крыніцы». Аўтар зборнікаў вершаў: «Веснапесьні» (1922), «Зорным шляхам» (1932) і «Захварбаваныя вершы» (1936), кнігі пра літаратурную творчасьць Ядвігіна Ш., а таксама шматлікіх апавяданьняў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій і перакладаў.
Ажаніўся, Надзя і Хведар жылі ў Вільні, дзе нарадзіліся двое дзяцей. Працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў родную мову, літаратуру, гісторыю.

Не прыняў савецкага таталітарнага рэжыму, што запанаваў у Заходняй Беларусі з 1939 году, добра памятаючы трагічныя лёсы А.Салагуба, У.Жылкі, Ф.Аляхновіча, асабіста ведаў арыштаваных пасьля далучэньня 1939 А.Луцкевіча, У.Самойлу, М.Краўцова, Н.Арсеньневу, Р.Шырму. Сам ён ня быў арыштаваны савецкай уладай, да пачатку вайны працаваў у Вілнскай беларускай гімназіі, пасьля пераехаў у Беласток (сям’я жыла ў Тапалянах). Ад гэтага часу пачынаецца абвінавачаньне паэта ў супрацоўніцтве зь немцамі. Пад час вайны старшыня Беларускага аб’яднаньня ў Беластоку, быў адным з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога», дзе зьяўляюцца яго артыкулы пра Міхася Забэйду-Суміцкага, Францішка Аляхновіча, Ул. Жылку і іншых беларускіх дзеячоў культуры. Падпісваў свае артыкулы крыптанімам М. Д.. У кастрычніку 1943 году прыцягнуў да супрацоўніцтва прыбылага з Магілёўшчыны Масея Сяднёва.
Летам 1943 у Беластоку выкладаў на трохтыднёвых пэдагагічных курсах для беларускіх настаўнікаў.
Сябра Замежнага Сэктару ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі.
У 1944 годзе Ільяшэвіч плянаваў выдаць у Беластоку лепшыя творы беларускай літаратуры ў сэрыі «Беларуская Народная Бібліятэчка», пераклады сусьветнай клясыкі ў сэрыі «Бібліятэка перакладу». Але з-за наступу Чырвонай арміі летам 1944 году гэта не ажыцьцявілася, і Ільяшэвіч выехаў у Нямеччыну. Сям’я засталася ў Польшчы, Надзею Ільляшэвіч па першым часе выклікалі энкавэдысты, дапытваліся, дзе знаходзіцца муж. Пазьней яна зь дзецьмі пераехала ў Шчэцін, дзе і цяпер жыве дачка Ільляшэвіча Марыля Марліч. Хведар Ільляшэвіч апынуўся ў Ватэнштэце (ангельская зона акупацыі), дзе зноў распачаў працу па аб’яднаньні суайчыньнікаў, што жылі ў лягеры перамешчаных асобаў. У беларускім лягеры была свая царква, пачатковая школа, гімназія, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, мужчынскі і жаночы скаўтынг, рататарнае выдавецьва, мэдыцынскі цэнтар.
У Бэрліне выдаў 7 кніжак з сэрыі «Народная Бібліятэчка»:
- Юрка Віцьбіч «Нацыянальныя сьвятыні»
- Юрка Віцьбіч «Вяліскія паўстанцы»
- Уладзімір Глыбінны «Смаленшчына — адвечная беларуская зямля»
- Музыка Арцём (Вацлаў Ластоўскі) «Прыгоды Панаса і Тараса»
- Лявон Радзіміч «Адам і Ева», «Чабор»
- Мікола Шчаглоў (Мікалай Шчаглоў-Куліковіч) «Беларуская музычная культура»
- зборнік «Дудар», з апавяданьнямі Ластоўскага, Гарэцкага, Савіцкай А, Ядвігіна Ш., А.Падгорнага, С.Палескага.
Шэсьць кніг было надрукавана на газэтнай паперы.
Працаваў у часопісе «Шляхам жыцьця» (1946—1948), рэдагаваў бюлетэнь «Апошнія весткі», іншыя беларускія выданьні.
Загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў Ватэнштэце. Пахаваны ў Галенсдорфе паблізу Браўншвэйга.
У 2000 годзе, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму, у Маладэчне пабачылі сьвет асобнай кніжкай выбраныя «Творы» Хведара Ільяшэвіча.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Х. І. Вясеньнія матывы. // Студэнская думка : часопіс. — 1925. — № 2 (3). — С. 19.
- Хвёдар Ільяшэвіч. Цэлую зімачку буду чакаць... (Верш). // Студэнская думка : часопіс. — 1928. — № 3 (10). — С. 16—18.
- Хведар Ільяшэвіч. Веснапесьні. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1929. — 71 с.
- Хв. Ільяшэвіч. *** Вучуся холаду ў сьцен... Жаданьне. // Студэнская думка : часопіс. — 1930. — № 1 (11). — С. 23, 24.
- Хведар Ільяшэвіч. Зорным шляхам. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1932. — 64 с.
- Хведар Ільяшэвіч. На турэмнай глебе. (Верш) // Родныя гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, верасень—кастрычнік. — № 6. — С. 42.
- Хведар Ільяшэвіч. Гмахі плывуць у блакітныя змрокі. (Верш). // Шлях моладзі : месячная часопісь беларускай моладзі. — кастрычнік 1932. — № 10 (45). — С. 9, 10.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 8 красавіка. — № 8. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 29 красавіка. — № 9. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 13 траўня. — № 10. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 27 траўня. — № 11. — С. 2—5.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 24 чэрвеня. — № 13. — С. 3—6.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць. // Родны край : газэта, орган Таварыства беларускай асьветы. — 1933, 8 ліпеня. — № 14. — С. 3—6.
- Хведар Ільяшэвіч. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыцьце і літаратурная творчасьць. — Вільня: Таварыства беларускай асьветы, 1933. — 37 с.
- Хведар Ільляшэвіч. «Казка», «Яшчэ аб восені», «Я ізноў» (вершы) // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 23, 24—.
- Х. І. Мастацкая выстаўка Пётры Сергіевіча. // Родны край : часопіс. — 1936, 11 студзеня. — № 1 (89). — С. 2—3.
- М. Дальны. «У вагоне» (апавяданьне) // Маладая Беларусь : часопіс. — 1936. — № 1. — С. 25—29.
- Хведар Ільяшэвіч. Захварбаваныя вершы. — Вільня: Друк, вытворча-гандлёвы кааператыв, 1936. — 30 с.
- Хведар Ільяшэвіч. Творы: «Веснапесьні»; «Захварбаваныя вершы»; Вершы другой паловы 30-х гадоў; Эміграцыйныя вершы; Проза. / Падрыхтоўка тэкста й ўкладаньне Міхася Казлоўскага ; прадмова А. Ліса; Афармленьне мастака Акуліка А.. — Маладзечна: Цэнтар грамадзкіх ініцыятываў, 2000. — 60 с. — (Паэзія Віленскага краю). — 299 ас.
- Хведар Ільяшэвіч. Выбранае / укладаньне Натальлі Гардзіенкі, Ціхана Чарнякевіча, Лявона Юрэвіча; агульнае рэдагаваньне, камэнтары, паказьнік Натальлі Гардзіенкі. — Менск: Кнігазбор, 2021. — 260 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; Спадчына: агледзіны. Кн. 43). — 99 ас. — ISBN 978-985-883-024-3
На летувіскай мове
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Chviedar Illijaševič. Tiek dainų. Rudens poema. (па-беларуску: Так шмат песень… Восеньскі верш.) (лет.) // Vertė Ona Miciūtė, Juozas Kėkštas; redaktorius ir leidėjas Zigmas Prantkelevičius. Pagalbininkai: Prantkelevičius, Zigmas (1912-1967); Karosas, Jonas (1912-1975). Piūvis (па-беларуску: Разрэз) : dailės ir literatūros vienrartinis leidinys (па-беларуску: літаратурна-мастацкае аднаразовае выданьне). — Vilnius: «Patria», 1938. — С. 15, 16.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Сьв. п. Др. Мікалай Ільляшэвіч. Новы вучыцель у Віл. Беларускай Гімназіі. (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, ліпень-жнівень. — № 9 (69). — С. 10, 16.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Багдановіч, Янка. На жыццевым шляху: успаміны / уступ Арсень Ліс. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 83, 140. — 142 с. — 1800 ас. — ISBN 5-340-00716-2
- Вабішчэвіч, Аляксандар. Ільяшэвіч Хведар. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 481, 482.
- Мікола Мікуліч. «Крылаты цені мітусяцца…». Паэзія Хведара Ільяшэвіча заходнебеларускага перыяду. // Полымя : часопіс. — 2010. — № 7 (969). — С. 101—106.
- Тварановіч, Галіна. Беластоцкія этапы жыццёвага і творчага шляху Масея Сяднёва. // Беларусазнаўчыя даследаванні : часопіс. — 2016. — № 10. — С. 153—168.
- Сяргей Чыгрын. Пра што нагадаў стары здымак. // Новы час : часопіс. — 16 красавіка 2017.
- Сяргей Чыгрын. «Творы» Хведара Ільяшэвіча // Ніва : газэта. — 24 верасьня 2000. — № 39 (2315).
- Юрэвіч, Лявон. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / прадмова, рэдакцыя Натальля Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — С. 62, 76, 85, 514, 518, 599–600. — 657 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — 200 ас. — ISBN 978-985-7007-43-1
- Vitautas Tumaš. Lenrijos gudų literatūros apžvalga. (па-беларуску: Агляд беларускае літаратуры ў Польшчы) (лет.) // redaktorius ir leidėjas Zigmas Prantkelevičius. Pagalbininkai: Prantkelevičius, Zigmas (1912-1967); Karosas, Jonas (1912-1975). Piūvis (па-беларуску: Разрэз) : dailės ir literatūros vienrartinis leidinys (па-беларуску: літаратурна-мастацкае аднаразовае выданьне). — Vilnius: «Patria», 1938. — С. 1—5.
- Helena Głogowska. Teodor Iljaszewicz (1910-1948) – między biografią poetyi działacza narodowego a pedagoga. (пол.). — Lublin: Fundacja Biografie Codzienności, 2021. — № 2. — С. 475—494. — ISSN 2543-6112.
- Helena Głogowska. «Za Białorusią świata nie widział». Rzecz o Teodorze Iljaszewiczu — białoruskim poecie, historyku i działaczu. — Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2021. — 250 с. — ISBN 978-83-60456-52-1
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Хведар Ільяшэвіч у пэрыядычным друку.(недаступная спасылка) // Камунікат (Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка)
- Біяграфія на Slounik.org
- Пахаваныя ў Нямеччыне
- Нарадзіліся 17 лютага
- Нарадзіліся ў 1910 годзе
- Нарадзіліся ў Вільні
- Навучаліся ў Віленскай беларускай гімназіі
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Выпускнікі ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя
- Выпускнікі Віленскага ўнівэрсытэту
- Сябры Беларускай незалежніцкай партыі
- Беларускія гісторыкі
- Беларускія грамадзкія дзеячы і дзяячкі
- Беларускія журналісты
- Беларускія літаратары
- Беларусы ў Нямеччыне
- Памерлі 7 лістапада
- Памерлі ў 1948 годзе
- Загінулі ў аўтамабільных катастрофах
