Шаблён:Цяперашні абраны артыкул/2013-09
Вуліца Інтэрнацыянальная, гістарычныя Зборавая і Валоцкая — вуліца ў цэнтральнай частцы Менску, якая зьвязвае Гарадзкі Вал з Лавамі праз Высокі Рынак і Валокі Полацкія. Існуе з XVI стагодзьдзя. Гістарычна складалася зь дзьвюх вуліцаў, першая зь якіх атрымала назву ад збудаванага на ёй кальвінскага збору, другая — ад мясцовасьці Валок Полацкіх. Цяперашняя афіцыйная назва ўжываецца з савецкіх часоў, калі вуліцу перайменавалі, відаць, у гонар камуністычнага інтэрнацыяналу.
Асноўны комплекс вуліцы склаўся на канец XIX — пачатак XX стагодзьдзяў. Усе будынкі шчыльна прылягаюць адзін да аднаго, арыентаваныя галоўнымі фасадамі на лінію забудовы, утвараючы ўраўнаважаную кампазыцыю. Дамінантай вуліцы Зборавай быў комплекс кляштару бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха ў стылі віленскага барока, вуліцы Валоцкай — комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага ў стылі барока, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, часткова зруйнаваныя расейскімі і зьнішчаныя да падмуркаў савецкімі ўладамі. У наш час на вуліцы месьцяцца будынак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, адноўлены гатэль «Эўропа», будынак кінатэатру «Перамога», дом-музэй Ваньковічаў і іншыя. Побач з вуліцаю знаходзяцца некалькі паркаў і сквэраў.
(артыкул цалкам…)