Цюшця

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Цюшця
пэрсанаж «эрзянскай і макшанскай міталёгіі»
Цюшця, малюнак маляра Андрэя Алёшкіна
Цюшця, малюнак маляра Андрэя Алёшкіна
Зьвесткі
Поўнае імя па-эрзянску: Тюштя, па-макшанску: Тюштень

Цюшця (па-эрзянску: Тюштя, Тюштян), Цюшцень па-макшанску: Тюштень) — цэнтральны герой макшанскай і эрзянскай міталёгіі, легендарны валадар, заснавальнік сьвецкай улады. Быў сынам бога Пургінэпаза і зямной дзяўчыны-эрзянкі Літовы.

Большасьць песьняў і паданьняў пра Цюшцяна запісаныя ў XIX стагодзьдзі ў сувязі з узрослай зацікаўленасьцю да вывучэньня фальклёру і этнаграфіі народаў Расеі. Значная частка паданьняў захавалася ў макшанаў і эрзянаў Заволжа.

У эрзянскай міталёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле эрзянскай традыцыі, калі бог Нішке стварыў зямлю і народ эрзю, эрзяне шырока распаўсюдзіліся і пачалі спрэчкі за зямлю. Тады зьявіўся Цюшця — аратай-багатыр. Рада сямі эрзянскіх старэйшынаў абрала яго эрзянь-кырдзі («валадаром эрзі»), або інязорам (эрз.: іне — вялікі, азор — гаспадар). Часы кіраваньня Цюшці эрзяне называюць сваім Залатым векам («векам Цюшці»), тады нараджаліся толькі хлопчыкі. Цюшця справядліва падзяліў землі між людзьмі, чым прыпыніў спрэчкі. З дапамогай чараў і багатырскай сілы ён змог адолець ворагаў свайго народу.

Цюшця надзелены волею, сілаю, здольнасьцямі, уласьцівымі багам. Ён можа выклікаць гром і маланку, спыняць цячэньне рэк, ня тоне ў вадзе. Цягам месяцу Цюшця тройчы мяняе свой век: на маладзік ён маладзён, на поўню становіцца дарослым чалавекам, а на ветах ператвараецца ў мудрага старога.

Часы Цюшці прыпадаюць на пэрыяд экспансіі Ўладзімерскага і Маскоўскага княства, калі эрзянам даводзілася адстойваць уласную незалежнасьць.

Мае дзьве генэалягічныя лініі разьвіцьця. Паводле аднае, на старасьць Цюшця падняўся на неба да бацькоў, пакінуўшы эрзянскаму народу тораму — медную трубу, якая мае здольнасьць абвяшчаць ягоную волю і можа дапамагчы людзям у ліхія часіны. Іншая вэрсія сьцьвярджае, што пад ціскам маскалёў Цюшця перавёў частку свайго народу на захад ад Акі.

У макшанскай міталёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У традыцыйнай рэлігіі макшанаў, макшэнь кой, Цюшцень — вобраз сьвятарнага цара на сусьветнай гары. Ён жыве ў срэбных пакоях на вяршыні гары і носіць залатую вопратку. Яго называюць ацязор (макш.: оцю — вялікі, азор — гаспадар) або каназор (ад цюрскага хан). Цюшцень кіруе зборамі народу, будуе месты.

У мардоўскіх павер’ях Цюшцень або Цюшцян можа наслаць неўраджай і стыхійнае ліха, а калі ён зноўку выступіць супраць сваіх ворагаў, пачнецца апошняя вайна, якая зьнішчыць сьвет.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Саранску стаіць драўляны помнік Цюшцяну.

Цюшця — пэрсанаж мардоўскага эпасу Аляксандра Шаронава «Мастарава» (1994) і фантастычнага раману Івана Апраксіна «Падменны князь-2. Пагібель багоў» (2012)[1].

Украінскі гурт «Кому вниз» запісаў песьню «Зварот да Цюшці» (па-эрзянску: Tüštäneń pškadema)[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Иван Апраксин. Гибель богов. — Litres, 2017. — 212 с. — ISBN 5457225658
  2. ^ КОМУ ВНИЗ – Tüštäneń pškadema

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]