Цэрэра (карлікавая плянэта)
|
Цэрэ́ра (1 Ceres, сымбаль: )[1] — карлікавая плянэта астэроіднага тыпу. Цэрэра была адкрытая ўвечар 1 студзеня 1801 году італьянскім астраномам Джузэпэ П’яцы. Гэта самае масіўнае нябеснае цела пасу астэроідаў і па памерах перавышае шматлікія буйныя спадарожнікі плянэт-гігантаў. Доўгі час Цэрэра разглядалася як паўнавартасная плянэта Сонечнай сыстэмы, пасьля яна была клясыфікаваная як астэроід, а па выніках удакладненьня паняцьця плянэта Міжнародным астранамічным зьвязам 24 жніўня 2006 году на XXVI Генэральнай асамблеі МАЗ была аднесеная да карлікавых плянэт.
Арбіта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арбіта Цэрэры ляжыць паміж арбітамі Марсу й Юпітэру й вельмі «плянэтападобная»: слабаэліптычная (эксцэнтрысітэт 0,08) і мае сярэдні (10°) нахіл да плоскасьці экліптыкі. Вялікая паўвось арбіты складае 2,76 а. а., адлегласьці ў пэрыгеліі й афэліі — 2,54, 2,98 а. а. адпаведна. Пэрыяд звароту вакол Сонца — 4,6 гадоў.
Фізычныя характарыстыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цэрэра мае форму сфэроіда памерамі 975×909 км. Яе маса роўная 9,5×1020 кг, што складае амаль трэць ўсёй масы пасу астэроідаў, але ў той жа час больш за 6 000 разоў саступае масе Зямлі. Значная маса Цэрэры прывяла да таго, што пад дзеяньнем уласнай гравітацыі гэтае нябеснае цела, як і шматлікія іншыя плянэтоіды, набыла форму, блізкую да сфэрычнай.
Аднак, на гэтым яе эвалюцыя ня скончылася й, у адрозьненьне ад большасьці астэроідаў, на Цэрэры пачалася дыфэрэнцыяцыя ўнутранай структуры — цяжэйшыя пароды апускаліся да цэнтру, лягчэйшыя паднімаліся на паверхню. Такім чынам сфармавалася каменнае ядро й мантыя з вадзянога лёду. З-за нізкай шчыльнасьці Цэрэры, яна ўтрымоўвае значную колькасьць лёду, да 20—30% па масе, што раўназначна лёдавай мантыі таўшчынёю 60—100 км. На пачатковым этапе існаваньня ядро Цэрэры магло разагравацца за кошт радыеактыўнага распаду й, магчыма, нейкая частка лёдавай мантыі знаходзілася ў вадкім стане. Па ўсёй бачнасьці, значная частка паверхні й цяпер пакрытая лёдам або нейкай разнавіднасьцю лёдавага рэгаліту. Па аналёгіі з ледзянымі спадарожнікамі Юпітэра й Сатурна можна выказаць здагадку, што пад дзеяньнем УФ выпраменьваньні Сонца частка вады дысацыюе й утварае моцна разрэджаную «атмасфэру» Цэрэры. Таксама застаецца адкрытым пытаньне аб наяўнасьці на Цэрэры цяпер або ў мінулым крыавульканізму.
Аб вонкавым абліччы Цэрэры вядома ня шмат. На зямным небасхіле яна паўстае кволаю зорачкаю усяго толькі 7-й велічыні. Бачны дыск Цэрэры вельмі малы, таму першыя падрабязнасьці атрымалася разглядзець толькі ў канцы XX стагодзьдзя з дапамогаю тэлескопа «Хабл». На паверхні Цэрэры бачныя некалькі сьветлых і цёмных структур, мажліва кратэраў. Дагляд за імі даў вылічыць сапраўдны пэрыяд кручэньня Цэрэры (9,07 гадзіны) і нахіл восі кручэньня да плоскасьці арбіты (меней 4°). Самая яркая структура (гл. выяву справа) у гонар першаадкрывальніка Цэрэры атрымала назву «П’яцы». Магчыма, гэта кратэр, які агаліў ледзяную мантыю або нават крыавулькан. Назіраньні ў ІЧ дыяпазоне паказалі, што сярэдняя тэмпэратура паверхні складае 167 К, у пэрыгеліі яна можа дасягаць 240 К (−33 °C). Радыётэлескопам у Арэсыба некалькі разоў праводзілася радыёлякацыя Цэрэры. Па характары адлюстраваньня радыёхваль было ўсталявана, што паверхня Цэрэры даволі гладкая, мабыць, за кошт высокай элястычнасьці ледзяной мантыі. Спадарожнікаў у Цэрэры ня выяўлена. Прынамсі пакуль, назіраньні «Хабла» выкасоўваюць існаваньне сатэлітаў памерамі больш 10—20 км.
Наступныя дасьледаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цяперашні час адзіным спосабам вывучэньня Цэрэры застаюцца тэлескапічныя назіраньні. Рэгулярна праводзяцца кампаніі па назіраньні пакрыцьцяў зорак Цэрэрай, па абурэньнях у руху суседніх астэроідаў і Марса удакладняецца яе маса. Якасна новым этапам вывучэньня Цэрэры стане місія апарата «Dawn» (па-ангельску: Dawn Mission), запуск якога адбыўся 27 верасьня 2007 году[2]. У 2011 годзе «Dawn» павінен выйсьці на арбіту вакол Вэсты, а ў 2015 — дасягнуць Цэрэры.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ JPL/NASA (2015-04-22) What is a Dwarf Planet?
- ^ Апарат Dawn адправіўся да паса астэроідаў (рас.)