Перайсьці да зьместу

Хвоя звычайная

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Хвоя»)
Хвоя звычайная
Pinus sylvestris

Хво́я звыча́йная[1] (або сасна[1]) (па-лацінску: Pinus sylvestris) — вечназялёнае іглічнае дрэва роду хвоя сямейства хваёвых.

Дрэвы вышынёй да 40 м, з круглявай кронай і прамым ствалом, пакрытым чырвона-бурай або шараватай карою. Лісьце (ігліца) разьмяшчаецца парамі на скарочаных парастках, іголкападобнае, цьвёрдае, шчыльнае, гладкае, шыза-зялёнае, з унутранага боку плоскае, звонку выпуклае.

Цьвіце ў канцы траўня — пачатку чэрвеня. Пасьля апладненьня пупышкі разрастаюцца і дранцьвеюць.

Хвоя зьяўляецца асноўнай лесаўтваральнай пародаю ў лясах Беларусі. Умовы росту — ад сухіх пясковых выдмаў да верхавых балотаў. Найвялікшыя масівы на Нарачана-Вялейскай, Верхнянёманскай, Полацкай, Палескай нізінах і Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

У народнай мэдыцыне выкарыстаюць маладыя парасткі або суквецьці зь нявысыпаным пылком. Пылок настойваюць на сьпірту, заварваюць у кіпеню або настойваюць з кіпячым малаком, дадаючы мёд, алей, часам яйкі, і ўжываюць пры захворваньні лёгкіх.

Сьвежую смалу (жывіцу) заліваюць вадой і вытрымліваюць на сонцы напрацягу 9 дзён, пасьля чаго п’юць пры захворваньні лёгкіх. Маладыя (чырвоныя) пупышкі настойваюць на гарэлцы альбо вадзе і п’юць пры болях у сэрцы. Робяць ванны з ігліцы; заварваюць пылок як гарбату і п’юць пры рэўматызьме; жывіцай заліваюць раны; верхнюю жоўтую плёнку ад кары галін прыкладваюць да ран ці болек.

Паводле стану на 2013 год найвялікшая хвоя Беларусі расла каля вёскі Сушчава ў Віцебскім раёне. Яе вышыня складала каля 30 мэтраў, дыямэтар — 140 сантымэтраў, узрост — каля 250 гадоў[2].

  1. ^ а б Балкавец Л. Дзікарастучыя лекавыя і іншыя карысныя расліны БССР. — М.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, Сельгассектар, 1932. — С. 40, 87. — 87 с.
  2. ^ Аляксандар Пукшанскі. «Золата» ў працы і на зямлі // Зьвязда : газэта. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 3. — ISSN 1990-763x.