Перайсьці да зьместу

Харальная сынагога (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Харальная сынагога
Харальная сынагога
Харальная сынагога
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′43.01″ пн. ш. 23°49′28.45″ у. д. / 53.6786139° пн. ш. 23.8245694° у. д. / 53.6786139; 23.8245694Каардынаты: 53°40′43.01″ пн. ш. 23°49′28.45″ у. д. / 53.6786139° пн. ш. 23.8245694° у. д. / 53.6786139; 23.8245694
Канфэсія Артадаксальны юдаізм
Архітэктурны стыль рэнэсанс, маўрытанскі стыль
Дата заснаваньня 1905
Дата скасаваньня 1944
Статус Ахоўная зона
Сайт jewishgrodno.com
Харальная сынагога на мапе Беларусі
Харальная сынагога
Харальная сынагога
Харальная сынагога
Харальная сынагога на Вікісховішчы

Хара́льная сынаго́га[a] — помнік архітэктуры канца XVI[1] — пачатку XX стагодзьдзяў у Горадні. Знаходзіцца ў цэнтры места пад адрасам вуліца Вялікая Траецкая, 59А. Дзее. Твор архітэктуры рэнэсансу[2] і маўрытанскага стылю. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Сынагога да перабудовы. Н. Орда, 1860-я гг.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1503 годзе гарадзенскія жыды атрымалі права на будаваньне сынагогі разам зь зямлёй для могілак. Сынагога ў Горадні ўпершыню ўпамінаецца ў 1540 годзе. Першую мураваную сынагогу збудаваў у 1575—1580 гадох равін Мардзехай Яфе, ураджэнец Прагі, які ў 1572 годзе пераехаў у Горадню. Некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што аўтарам праекту мог быць італьянскі архітэктар Санці Гучы, але пацьверджаньняў гэтаму няма.

Пажар 1617 году зьнішчыў будынак сынагогі, але неўзабаве кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў збудаваць новую сынагогу на старым месцы: «На вуліцы, якая пасярэдзіне вуліцы Замкавай ляжыць, дамы свае на гэтых пляцах, зруйнаваных агнём, а таксама сваю сынагогу маеце збудаваць з каменю, аднак, каб гэтая сынагога не была вышэйшай за іншыя дамы, толькі нароўні зь іншымі дамамі і на тым жа самым месцы, дзе была старая, а не на вуліцы Замкавай, якую мы хочам мець вольнай ад жылых дамоў».

Насуперак каралеўскаму дазволу вышыня адбудаванай сынагогі значна перавышала навакольныя дамы, яе будынак стаў адным з найбольш манумэнтальных у месьце[3]. Першыя вядомыя выявы сынагогі паходзяць з плянаў Горадні 1706 і 1753 гадоў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сынагога (за Фарай Вітаўта) да пажару 1899 г.

У 1899 годзе будынак сынагогі пацярпеў ад пажару. У 1902—1905 гадох сынагогу рэканструявалі пры падтрымцы гарадзенскага губэрнатара паводле прашэньня Ёсіфа Фрункіна. Паводле гарадзенскага краязнаўцы Мечыслава Яна Супрона, аўтарам перабудовы сынагогі мог быць архітэктар Майсей Любіч, які да гэтага часу пасьпеў збудаваць у Горадні прынамсі тры малітоўныя школы, сярод якіх — будынак школы цэху рэзьнікаў каля Харальнай сынагогі[4].

У Другую сусьветную вайну сынагога, якая знаходзілася ў цэнтры гета, служыла нацыстам дзеля збору жыдоў перад адпраўкай у канцлягеры. У гэты час вельмі пацярпеў унутраны дэкору будынка. Па вайне савецкія ўлады прыстасавалі будынак сынагогі пад склад, а з 1960-х гадоў выкарыстоўвалі як мастацкія майстэрні мастакоў.

У 1991 году сынагогу вярнулі юдэйскай рэлігійнай грамадзе. З 2011 году вядзецца аднаўленьне фасадаў і ўнутранай аздобы будынка. У 2012 годзе ў сынагозе адкрыўся прыватны музэй гісторыі жыдоў, які ў 2014 годзе стаў філіяй дзяржаўнага музэю гісторыі рэлігіяў. З 2019 году ў галоўнай залі працуе цэнтар нефармальнай адукацыі пра жыдоўскі сьвет.

Твор архітэктуры рэнэсансу, па рэканструкцыі — маўрытанскага стылю. У архітэктуры сынагогі ўвасабляецца стылізаваны вобраз жытла каўчэга, таму яна мае цэласны, не падзелены на часткі аб’ём.

Ад пачатку гэта быў вялікі, амаль квадратны ў плане будынак пад высокім дахам з дэкаратыўным заднім фасадам. На парэднім фасадзе выступалі два аб’ёмы вежаў. Па апошняй рэканструкцыі — 3-павярховы квадратны ў пляне будынак, накрыты 2-схільным дахам. Галоўны фасад аздабляюць разьмешчаныя з бакоў квадратныя ў сечыве вежы з 4-схільнымі самкнутымі купаламі. Паміж імі над першым паверхам праходзіць галерэя. Фасады дэкаруюцца прафіляванымі карнізамі і рустам, сьцены праразаюцца лучковымі і аркавымі аконнымі праёмамі ў ліштвах.

Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі з нэрвюрнымі пераплётамі, якія абапіраюцца на чатыры слупы бімы. Пралёты маюць выгляд гатычных сьпічастых арак. Галоўная заля з бакавымі нізкімі нэфамі займае ўсю вышыню аб’ёму. Ва ўсходняй сьцяне ў неглыбокай 5-граннай нішы — алтар, уздоўж заходняй сьцяны — галерэя для жанчын. Інтэр’ер дэкаруецца ляпным акантавым арнамэнтам у гатычнай трактоўцы[5].

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ таксама Вялікая сынагога
  1. ^ Вашкевіч А. Харальная сінагога ў Гродне ў ХІХ ст. // Горад святога Губерта. Выпуск 6. — Горадня, 2012. С. 15—19.
  2. ^ Махнач Я. Гродзенскія сінагогі і малітоўныя дамы ў XVIII — пач. ХХ ст. // Краязнаўчыя запіскі. Выпуск 10. — Горадня: ЮрСаПрынт, 2016. С. 52—67.
  3. ^ Квитницкая Е. Д. Планировка Гродно в XVI—XVIII веках // Архитектурное наследство. № 17. — Москва, 1961. С. 11—38.
  4. ^ Супрон М. Школьны двор: як выглядаў старадаўні квартал, які знішчылі пасля вайны, Hrodna.life, 14 сьнежня 2018 г.
  5. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 170.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000029