Фінал Кубка Лібэртадорэс 2019 году
Фінальны матч Кубка Лібэртадорэс 2019 году праходзіў у Ліме на стадыёне «Манумэнталь»[1][2], дзе сустракаліся паміж сабой бразыльскі «Фламэнгу» і дзейны на той час чэмпіён аргентынскі «Рывэр Плэйт». Гэта быў 60-ы фінал у гісторыі Кубка Лібэртадорэс, найвышэйшага кантынэнтальнага футбольнага турніру Паўднёвай Амэрыцы, які ладзіцца арганізацыяй КОНМЭБОЛ[3]. Матч быў згуляны 23 лістапада 2019 году, ён быў першым фіналам турніру, які быў праведзены як адзіны матч на нэўтральнай пляцоўцы, абранай загадзя, замяніўшы ранейшы фармат, калі фіналісты праводзілі дома і ў гасьцёх.
Стадыён
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Матч праходзіў на стадыёне «Манумэнталь» у Ліме, Пэру. Першапачаткова плянавалася было правесьці матч на Нацыянальным стадыёне ў Сант’яга-дэ-Чылі, але праз пратэсты, якія выбухнулі ў краіне, матч прыйшлося перанесьці ў Пэру. Гэта быў першы фінал, які быў згуляны як адзіночны матч на нэўтральным месцы, абраным загадзя, замяніўшы фармат хатняга і гасьцявога матчу, які выкарыстоўваўся з 1960 па 2018 гады[4]. Акрамя таго, гэта быў чацьверты фінал Кубка Лібэртадорэс, які праходзіў у Ліме, пасьля розыгрышаў 1971, 1972 і 1997 гадоў. Пры гэтым усе папярэднія матчы праходзілі на Нацыянальным стадыёне[5].
Толькі 23 лютага 2018 году КОНМЭБОЛ змог пацьвердзіць, што фінал 2019 году пройдзе як адзіны матч на загадзя абранай пляцоўцы[6]. 11 чэрвеня 2018 году было вырашана прызначыць дату матчу на 23 лістапада 2019 году[1]. Зважаючы на тое, што аргентынскія і бразыльскія гарады былі выключаныя арганізацыяй зь сьпісу местаў правядзеньня фіналаў[7], тры нацыянальныя асацыяцыі афіцыйна заявілі аб зацікаўленасьці ў правядзеньні фіналу[8]. Акрамя вышэйзгаданых Лімы і Сант’яга-дэ-Чылі, фінальны матч турніру намагаўся перахапіць Мантэвідэо, аднак горад у выніку быў выключаны.
Матч
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Рывэр Плэйт» пачаў матч з схемай 2-3-3-2, што дазволіла ім дамінаваць у цэнтры поля. Гэтая тактыка прынесла ім першы трапны стрэл, калі Рафаэль Сантас Барэ улучыў мяч у браму бразыльцаў на 14-й хвіліне з накіду Ігнасьё Фэрнандэса. Яшчэ ў першай палове гульні «Рывэр Плэйт» меў шмат шанцаў на другі гол, аднак Барэ і Нікаляс дэ ля Крус не скарысталіся сваімі момантамі, гэтак жа як і Эсэк’ель Палясіяс. Першы тайм гэтак і скончыўся зь лікам 1:0 на карысьць дружыны з Буэнас-Айрэса[9][10].
«Рывэр Плэйт» працягваў дамінаваць у пачатку другой паловы. Аднак «Фламэнгу» пакрысе наладзіў гульню ў контранападзе, то бок Габрыел Барбоса і Эвэртан Рыбэйру ледзь не адзначыліся галамі. Пасьля таго, як на пляцоўцы зьявіўся Дыегу, матч цалкам перавярнуўся і бразыльцы адразу займелі колькі момантаў. За адну хвіліну да заканчэньня асноўнага часу ў адным з чарговых контранаступаў Габрыел Барбоса пасьпяхова ўлучыў мяч у браму «Рывэр Плэйту». Ужо праз тры хвіліны пасьля далёкага пасу з сваёй паловы поля Дыега здолеў вывесьці Барбосу да брамы суперніка, што скончылася другім голам нападніка. У выніку такога эмацыйнага заканчэньня Палясіяс і Барбоса былі выдаленыя з пляцоўкі пасьля неспартовых паводзінаў.
23 лістапада 2019 15:00 (UTC-5) |
Фламэнгу | 2:1 | Рывэр Плэйт | Манумэнталь, Ліма Гледачоў: 78 573 Судзьдзя: Рабэрта Табар (Чылі) |
---|---|---|---|---|
Барбоса 89', 90+2' | Справаздача | Барэ 14' | ||
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б «Definida la fecha de la final de la Copa Conmebol Libertadores 2019». El Tiempo.
- ^ «La final única de CONMEBOL Libertadores será en Lima». CONMEBOL.
- ^ «Reglamento CONMEBOL Libertadores 2019». CONMEBOL.
- ^ «Cuando a Newell’s se le escapó su primera final de Copa Libertadores». El Gráfico.
- ^ «No será la primera vez: ¿Cuántas finales de Libertadores se han jugado en Lima?». Sport.
- ^ «La CONMEBOL Libertadores se definirá en final única a partir de 2019 con mayores beneficios a los clubes y la competencia». CONMEBOL.
- ^ «Brasil e Argentina só serão sedes da final da Libertadores a partir de 2021». Folha de S.Paulo.
- ^ «La primera final a partido único de la Copa Libertadores será el 23 de noviembre de 2019». Doble Amarilla.
- ^ «Flamengo stage incredible comeback to beat River Plate and become champions of South America». CONMEBOL.
- ^ «Copa Libertadores: Flamengo beat River Plate with two late goals». BBC.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кубак Лібэртадорэс 2019 году. КОНМЭБОЛ.
|