Перайсьці да зьместу

Фёдар Прывалаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фёдар Прывалаў
Дата нараджэньня 10 сакавіка 1957 (67 гадоў)
Месца нараджэньня Шалухоўка, Веткаўскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (1983), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (1996)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра расьлінаводзтва
Месца працы Навукова-практычны цэнтар земляробства
Вядомы як стваральнік насеннага завода ў Шыпянах (Смалявіцкі раён)
Навуковая ступень доктар навук
Узнагароды
Мэдаль «За працоўныя заслугі»
Мэдаль «За працоўныя заслугі»
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021)

Фё́дар Іва́навіч Прыва́лаў (нар. 1957, Шалухоўка, Веткаўскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі навуковец-расьлінавод.

Доктар сельскагаспадарчых навук (2009), прафэсар (2013) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021). Ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (2013) ў Горках (Магілёўская вобласьць) і заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Беларусі (2017)[2].

У 1974—1975 гадох працаваў работнікам саўгасу «Нямкі» Веткаўскага раёну (Гомельская вобласьць). У 1977—1978 гадох быў слухачом падрыхтоўчага аддзяленьня Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (Магілёўская вобласьць), куды пасьля паступіў[3]. У 1983 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках (Магілёўская вобласьць). У 1983—1986 гадох працаваў галоўным аграномам саўгасу «Шыпяны» Смалявіцкага раёну (Менская вобласьць), дзе ў 1986—2002 гадох быў кіраўніком[2]. У 1990-я гады разьмясьціў управу саўгасу ў Алесіне[4]. У 1996 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. У 2002—2006 гадох займаў пасаду старшыні Нясьвіскага раённага выканаўчага камітэту (Менская вобласьць). У 2006 годзе стаў кіраўніком Навукова-практычнага цэнтру земляробства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і атрымаў мэдаль «За працоўныя заслугі». У 2009 годзе атрымаў навуковую ступені доктара сельскагаспадарчых навук. У 2013 годзе стаў прафэсарам і ганаровым доктарам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У 2014 годзе атрымаў годнасьць сябра-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[2].

18 сьнежня 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 451 аб наданьні Прывалаву ганаровай годнасьці заслужанага працаўніка сельскай гаспадаркі Беларусі[5]. 21 лютага 2018 году Фёдар Прывалаў паведаміў, што па выніках яго кіраваньня НПЦ земляробства: «За 2006—2016 гады ў Дзяржаўны рэестар Беларусі ўключаны 31 сорт і гібрыд крыжакветных культураў, 12 сартоў увайшлі ў Дзяржаўны рэестар Расейскай Фэдэрацыі. У 2016-м у краіне 90 % плошчаў займалі сарты сэлекцыі цэнтру. Гэта дазволіла забясьпечыць унутраныя патрэбы ў тэхнічным алеібіядызэлі і харчовым алеі. Выведзеныя таксама 11 сартоў ільну-даўгунца і 4 сарты алейнага льну». Пад кіраўніцтвам Прывалава НПЦ земляробства распрацаваў праграму разьвіцьця сэлекцыі і насеньневодзтва, у межах якой прадпрыемства «Шыпяны-АСК» Смалявіцкага раёну пабудавала першы ў Беларусі насеньнеачышчальны завод з закончаным цыклем, які ўлучаў: прыёмку збожжа, першасную яго ачыстку, сушку, прамежкавае захоўваньне насеньня, сартаваньне, пратручаньне, інкрустацыю і складаваньне. Магутнасьць заводу склала 8000 тонаў за год пры содневай прадукцыйнасьці да 130 тонаў[6].

На красавік 2020 году створаны пад кіраўніцтвам Прывалава Нацыянальны банк насеньня генэтычных рэсурсаў карысных гаспадарцы расьлiнаў (НБНГРКГР) налічваў звыш 41 000 узораў 47 сельгаскультураў. «НПЦ земляробства» ў Жодзіне захоўваў гэтыя агароднінныя і алейныя, востра-араматычныя і збожжавыя, зернебабовыя і кармавыя, крупяныя, лекавыя і тэхнічныя культуры ва ўмовах сярэднетэрміновага захоўваньня пры тэмпэратуры ад 0 да +3 °C і доўгатэрміновага захоўваньня пры -18 °C[7]. 20 сьнежня 2021 году Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) з блізу 300 прадстаўнікоў абраў Фёдара Прывалава акадэмікам[8]. 28 сьнежня 2021 году Прэзыдыюм НАНБ прысудзіў Прэмію ў галіне аграрных навук Прывалаву, галоўнаму навуковаму супрацоўніку «НПЦ земляробства» Станіславу Грыбу і загадніцы аддзелу Ірыне Матыс за «стварэньне НБНГРКГР як першаасновы забесьпячэньня харчовай бясьпекі Беларусі». Прэмія складала 35 базавых велічыняў[9].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напісаў навуковыя працы пра ўстойлівасьць пасеваў збожжа пры выкарыстаньні біятэхнічных сродкаў абароны і рэгулятараў росту. Браў удзел у стварэньні і ўкараненьні звыш 30 гатункаў збожжа, зернебабовых, тэхнічных і кармавых культураў. Пад яго кіраўніцтвам у Шыпянах (Смалявіцкі раён) запусьцілі насенны завод. На яго прапанову Беларусь далучылася да Эўрапейскай каапэратыўнай праграмы генэтычных рэсурсаў расьлінаў (ЭКПГРР), што забясьпечыла ўступ у Інтэграваную сыстэму банкаў генаў Эўропы (ІСБГЭ) з доступам да сельгасрасьлінаў навуковых установаў Эўропы. Удзельнічаў у стварэньні дзяржаўных праграмаў сельскагаспадарчай біятэхналёгіі, разьвіцьця адбору і насеньняводзтва збожжа, зернебабовых, тэхнічных і кармавых культураў. На 2021 год напісаў звыш 230 навуковых працаў, зь іх па 15 супольных выданьняў і рэкамэндацыяў, а таксама 2 манаграфіі. У 2007 годзе ў Нясьвіжы выйшла ягоная манаграфія «Біялягізацыя прыёмаў у тэхналёгіях урабленьня збожжавых культураў». У 2012 годзе ў суаўтарстве выпусьціў 2 выданьні: зборнік галіновых рэглямэнтаў «Арганізацыйна-тэхналягічныя нарматывы ўрабленьня збожжавых, зернебабовых і крупяных культураў» і «Каталёг Нацыянальнага генэтычнага фонду карысных гаспадарчы расьлінаў». У 2017 годзе выдаў у суаўтарстве зборнік навуковых матэрыялаў «Сучасныя рэсурсазьберагальныя тэхналёгіі вытворчасьці расьлінаводчай прадукцыі ў Беларусі»[2].

  1. ^ https://nasb.gov.by/bel/members/chleny-korrespondenty/privalov.php
  2. ^ а б в г Прывалаў Фёдар Іванавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2021 г. Праверана 26 студзеня 2022 г.
  3. ^ Прывалаў Фёдар Іванавіч (рас.) // Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, 2022 г. Праверана 26 студзеня 2022 г.
  4. ^ Тацяна Лазоўская. Як Паўліна Манюшка ехала па крухмале і цукры // Зьвязда. — 7 жніўня 2019. — № 147 (29014). — С. 10.
  5. ^ Дзяржузнагарод удастоеныя 89 работнікаў розных сфэр дзейнасьці // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 сьнежня 2017 г. Праверана 26 студзеня 2022 г.
  6. ^ Тацяна Лазоўская. Калекцыя сартоў // Зьвязда : газэта. — 22 лютага 2018. — № 37 (28653). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Сяргей Куркач. «Ствараем» свае пэрсiкi, але не забываемся i пра антонаўку // Зьвязда. — 2 красавіка 2020. — № 64 (29178). — С. 1, 13.
  8. ^ Надзея Нікалаева. Шэрагі акадэмікаў папоўніліся // Зьвязда. — 21 сьнежня 2021. — № 246 (29615). — С. 6.
  9. ^ НАН Беларусі прысудзіла прэміі 2021 году // БелТА, 28 сьнежня 2021 г. Праверана 26 студзеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]