Флярыян Ажэшка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Флярыян Арэшка
Florenty Orzeszko
Florenty Orzeszko.jpg
POL COA Korab.svg
герб «Кораб»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 сакавіка 1835
Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 29 сакавіка 1904 (69 гадоў)
Томск, Расейская імпэрыя
Пахаваны Томск
Род Арэшкі
Бацькі Фэлікс
Флярэнтына
Жонка Гелена зь Мількевічаў
Люцыя Пацалуеўская
Дзеці з Геленай:
Улазіслаў
Браніслаў
зь Люцыяй:
Дамінік
Вінцэнт
Антаніна
Дзейнасьць лекар

Флярыя́н Арэ́шка (Ажэшка) гербу «Кораб» (па-польску: Florenty Orzeszko; 9 сакавіка 183529 сакавіка 1904, паводле іншых зьвестак у 1911[1], Томск, Расейская імпэрыя) — лекар, удзельнік Паўстаньня 1863—1864 гадоў, грамадзкі дзяяч. Стаў прататыпам літаратурных герояў некалькіх твораў Элізы Ажэшка.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям’і Фэлікса і Флярэнтыны, якія пражывалі ва ўласным маёнтку ў Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні. Скончыў гімназію ў Мітаве, а ў 1861 року з адзнакай — Пецярбурскую мэдыка-хірургічную акадэмію(ru).

Пасьля жыў у Закозелі Кобрынскага павету, непадалёк ад маёнтку Людвінова свайго старэйшага брата Пётры. У Флярыяна часта гасьцявалі сябры-аднадумцы, ад якіх паўстанцкімі ідэямі захапілася й жонка Пятра Ажэшкі Эліза. Пісьменьніца ўшанавала памяць пра свайго швагра ў зборніку апавяданьняў «Gloria victis», прысьвечаных паўстанцам 1863 году.

У часе падрыхтоўкі да паўстаньня Флярыян Арэшка ўваходзіў у кобрынскую арганізацыю паўстанцаў, зьбіраў зброю і боепрыпасы, якія захоўваў у братавым маёнтку Оўзічы (цяпер у Янаўскім раёне). Пасьля таго, як гэтая схованка была выкрытая, знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У красавіку 1863 далучыўся да атраду Рамуальда Траўгута, дзе лекаваў параненых. 5 ліпеня 1863 арыштаваны, 2 студзеня 1864 асуджаны на катаргу, пазбаўлены маёнтку Закозель і права практыкаваць па спэцыяльнасьці.

У Сыбір пайшоў пешкі разам з сваёй нарачонай Гэленай Мількевіч, зь якой ажаніўся ўжо ў Цюмені. Дарога на Сыбір заняла 18 месяцаў. У 1864 року дайшлі да Томску, дзе Флярыян застаўся да канца жыцьця. Спачатку працаваў разам зь іншымі сасланымі, пасьля памочнікам у аптэцы. У 1872 року дзякуючы высілкам губэрнатара Томску атрымаў права на дзяржаўную службу і стаў лекарам у Томскай турме.

Пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня пасяліўся па-за мурамі «пасяленьня» і атрымаў магчымасьць прыватнае практыкі. Пражываў у Томску на вуліцы Мільённай, 38 (хата захавалася). Са згоды цара ў 1872 року ўзначаліў кіраўніцтва томскімі лякарнямі, а ў 1873 яму даручана таксама кіраваньне шпіталём у духоўнай сэмінарыі.

З жонкай мелі двух сыноў — Уладзіслава і Браніслава, пасьля нараджэньня якога 11 лістапада 1870 Гэлена памерла.

Другі раз Флярыян Арэшка ажаніўся зь Люцыяй Пацалуеўскай, дачкой томскага лекара. Дзякуючы іх намаганьням у Томску паўсталі польскія чытальні і бібліятэкі, Таварыства дабрачыннасьці, дом для польскіх сіротаў, а ў хаце Арэшкаў ладзіліся літаратурныя і музычныя вечары.

Зь Люцыяй мелі яшчэ двух сыноў (Дамініка і Вінцэнта) і дачку (Антаніну).

Памёр 29 сакавіка 1904/1905 року і пахаваны на каталіцкіх могілках Томску (не захаваліся).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Wiktor i Maciej Orzeszko. Rodzina Orzeszków(пол.) Historia Orzeszków. Радзіма майго духуПраверана 30 сьнежня 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • АЖЭШКА (АРЭШКА) Фларыян Феліксавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Мендрина Г.И. Медицинская деятельность политических ссыльных в Сибири. — Томск: Изд-во ТГУ, 1962. — С. 21—22.
  • Удзельнікі паўстання 1863—64 гг. на Пружаншчыне // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Менск: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 43—44.
  • Gabriela Pauszer-Klonowska. Zwykłe sprawy niezwykłych ludzi. — Lublin: Wydawnictwo Lubelskie, 1978. — 290 с.
  • Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historycznego m.st. Warszawy / Oprac. E. Kamińska. — Warszawa: 2005 Т. II.
  • Zembrzuski, Ludwik. Złota księga Korpusu Sanitarnego Polskiego, 1797-1918. — Warszawa: Min. Spraw Wojsk. Depart. Sanitarny, 1927.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]